На мінулым тыдні асабісты прыём грамадзян у гарпасёлку праводзіў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама В.В. Аскерка. Нягледзячы на тое, што на прыём папярэдне запісалася толькі тры чалавекі, тэм для абмеркавання з кіраўніцтвам раёна знайшлося многа, бо Віктар Вітальевіч курыруе шырокі спектр пытанняў – ад работы аграпрамысловага комплексу да прыродаахоўнай дзейнасці.
Непасрэдна ж на прыёме намеснік старшыні аблвыканкама глыбока ўнікаў у сутнасць кожнага звароту. Два з іх датычыліся працаўладкавання: за дапамогай у пошуках работы ў сельскагаспадарчай галіне звярталіся мужчыны, абодва з вышэйшай адукацыяй. Улічваючы пэўны дэфіцыт кадраў прыгаданага профілю, здавалася б, пры жаданні працаўладкавацца можна без праблем. Між тым, у адным выпадку чалавека з вялікім стажам і вопытам работы не задавальняе месца, якое яму прапаноўвалі. Са сваім пытаннем ён ужо звяртаўся да старшыні райвыканкама Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошкі, але ад варыянтаў заняць адну з кіруючых пасад у КУСГП “Кублічы” ці “Глыбачаны” адмовіўся – спадзяецца на месца бліжэй да райцэнтра. У другога заяўніка сітуацыя іншая: спрабаваў сябе ў многіх арганізацыях, ды надоўга нідзе не затрымаўся. Прычыны таму розныя, але з двух апошніх мужчыну звальнялі па “артыкуле”. Далёка не кожны кіраўнік возьме на працу чалавека з “падмочанай” рэпутацыяй, таму і не дзіўна, што заяўніку адмовілі ў працаўладкаванні ў лясгасе – менавіта такую вакансію ён выбраў з прапанаваных сектарам занятасці.
В.В.Аскерка адзначыў, што праца з’яўляецца адной з вечных каштоўнасцей, права на якую мае кожны грамадзянін, і прапанаваў наступнае. Першаму заяўніку – больш уважліва аднесціся да прапаноў кіраўніцтва раёна і пры адсутнасці іншых варыянтаў пагаджацца на працу ў “Кублічах” або “Глыбачанах” нават з магчымым пераездам туды на месца жыхарства – ведамаснае жыллё маецца ў абедзвюх гаспадарках. А ўладальніку не вельмі прывабнай працоўнай кніжкі спачатку варта ўладкавацца не на кіруючую, а на любую пасаду. Калі скарыстаецца гэтым шансам і за пэўны тэрмін сябе праявіць – весці размову аб павышэнні.
Трэцяе пытанне датычылася зямлі, таксама вечнай каштоўнасці. Спрэчка за яе паміж суседзямі з аграгарадка Глыбачка выйшла на такі “ўзровень”, што даводзіцца ўмешвацца праваахоўнікам – часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка райаддзела міліцыі Вадзім Пятровіч Шахаў ужо спрабаваў памірыць землекарыстальнікаў. В.В.Аскерка даў даручэнне разабрацца ў сітуацыі з межамі і правамі на ўчасткі раённым службам. Пры неабходнасці да вырашэння пытання падключацца адпаведныя абласныя структуры.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.