В Ушачах прошла учёба-семинар по вопросам охраны труда

В общественных организациях

Мабільнай групай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі быў праведзены маніторынг стану аховы працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ушаччыны. Вынікам рэйдавай праверкі стала семінар-вучоба старшынь прафсаюзных “пярвічак”, спецыялістаў, грамадскіх інспектараў па ахове працы.

За 10 месяцаў бягучага года на прадпрыемствах Віцебшчыны загінула 17 работнікаў, а 53 атрымалі цяжкія траўмы. Сумныя лічбы агучыў галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А.Л.Сцяпанаў. Ва Ушацкім раёне на працягу двух апошніх гадоў не дапушчана падобных выпадкаў, аднак парушэнні правіл аховы працы маюць месца – з пачатку года іх выяўлена больш за 130. Анатоль Лявонцьевіч расказаў пра некаторыя новыя патрабаванні заканадаўства і “слабыя” месцы арганізацый, звярнуўшы ўвагу на тое, што галоўная мэта маніторынгу – аказанне кансультатыўнай і метадычнай дапамогі калектывам па прафілактыцы траўматызму.

Асобна ішла гаворка пра медагляд. Часта пры прыёме на работу наймальнікі не накіроўваюць на яго людзей, а пазней высвятляецца, што працаваць на такім месцы чалавеку нельга. Ці не пазначаюць у накіраванні, што дзейнасць, напрыклад, будзе звязана з работамі на вышыні. Важна праходзіць і перыядычны медагляд. Сёлета з-за наяўнасці таго ці іншага захворвання ў Віцебскай вобласці прама на рабочым месцы памерла 23 працаўнікі, у 2016-м – амаль удвая больш – 44. Часам прычынай гэтаму з’яўляецца тое, што людзі гадамі не праходзяць агляды або не надаюць належнай увагі свайму здароўю: “Ёсць скаргі? – Няма!” Дарэчы, калі чалавек на рабочым месцы адчуў сябе дрэнна, то павінен паведаміць аб гэтым свайму кіраўніку, а той прыняць адпаведныя меры.

Наймальнікам было нагадана аб тым, што яны павінны забяспечваць работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы. У арганізацыях раёна гэта норма выконваецца не ў поўным аб’ёме: падчас пасяўной і жніва не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах было спецадзенне.

Таксама былі абмеркаваны пытанні інструктажу і праверкі ведаў па тэхніцы бяспекі і ахове працы, афармлення неабходнай дакументацыі і некаторыя іншыя.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *