Москвич Николай Тысевич променял городскую жизнь на рай в ушачской деревне Калужчино

Общество

Калужшчына сустрэла ідылічным малюнкам: дзіўным спакоем, выдатным надвор’ем і агніста-рыжым катом. Павадыр з’явіўся ў самым пачатку вёскі ў адну вуліцу, бег некалькі крокаў наперадзе і амаль давёў ужо да новых драўляных дамоў, калі б не гусі. Белыя і шэрыя веліканы, гагочучы і растапырыўшы крылы, несліся на нас з нізіннай саджалкі, падагнаныя брэхам сабакі Шуркі. І ў той час, як мы ўжо збіраліся “зрабіць ногі”, насустрач выбег малады чалавек у камуфляжы.

– Думаў, зноў ліса, – растлумачыў сваё раптоўнае з’яўленне гаспадар. – Сабака сігналізуе, калі падыходзяць драпежнікі, толькі не заўсёды атрымліваецца выратаваць хатнюю жывёлу. – І ўсміхнуўшыся, запрасіў нас на чай. Сапраўдны тайскі. З уласным мядком з баршчэўніку.

Адваёўвае ў пустазелля

Не бачачы ніколі Мікалая Паўлавіча Тысевіча, уяўляла яго дачнікам у гадах, што зарабіўшы капітал, мог дазволіць сабе бязбедную пенсію на ўлонні прыроды. А суразмоўца аказаўся мужчынам працаздольнага ўзросту, якому і прысесці некалі ад безлічы спраў.

Пра мядок, дарэчы, не жартаваў. Як і на ўсёй Ушаччыне, гэтыя землі паміж Мосарам і Чарсцвядамі багата аздоблены двухметровай “траўкай”, з кветак якой пчолы робяць неблагі светлы мядок. Ну а пачаставаць менавіта ім Мікалай Паўлавіч вырашыў наўмысна, паколькі мы з першых крокаў знаёмства з сядзібай цікавіліся, дзе ж баршчэўнік.

Аказалася, што яго няма не толькі паблізу ад дому, але і ў наваколлі да самага лесу, на прагаліне якога, дарэчы, заўважылі нехарактэрную для позняй восені яркую зеляніну. Гэта закусцілася рэдзька. Як некалі нашы продкі адваёўвалі ворыўныя землі ў лесу, так Тысевіч – у пустазелля.

– Мала пераараць, пажадана іншай культурнай раслінай перабіць, таму і заворваю кавалак за кавалкам. На адпачыўшай зямлі бульба лепш родзіць, і ўжо не стаіць сцяна баршчэўніку. А яшчэ няблага дапамагае жывёла: на абгароджаных пашах таксама не засталося дрэннай травы. Авечкі і козы знішчылі лішняе і сталі амаль поўнымі манапалістамі, дзелячы летнюю рэзідэнцыю хіба што з бабрамі, якія ўмудраюцца абгрызці нават стаўбы агароджы.

Фермер-наватар

Сваё і натуральнае ў Мікалая Паўлавіча практычна ўсё. На 50 сотках садзіць бульбу, а на градках – буракі, моркву ды цыбулю. Падлога на летняй адкрытай кухні была “заслана” качанамі капусты, а ў некалькіх цяпліцах памідоры яшчэ дружна віселі на гронках. А яшчэ ў іх грэўся вывадак куранят-капустнікаў. “Не замерзнуць, – зусім не палохаецца хуткіх маразоў гаспадар, – у моцныя халады я курыныя домікі ў цяпліцы з полікарбанату стаўлю”.

У яго шмат жыўнасці, толькі курэй каля трыццаці: вывадак забяспечвае яйкамі. На тушонкі пойдуць нашы знаёмыя гусі. Паколькі вельмі часта збіраюцца сябры, то і бараніна на шашлык таксама свая. Ну а коз трымае, таму што проста любіць малако – з дзяцінства, калі прыязджаў да бабулі ў Калужшчына.

Для жывёлы тут безумоўна раздолле, калі не лічыць небяспекі, што тоіцца побач. Таму на зіму з летнікаў атара перамяшчаецца бліжэй да жылля. Куры жывуць у невялікіх па памерах, аднак двухпавярховых, з кармушкамі і дзверцамі для выхаду доміках. Іх гаспадар не чысціць, а проста перасоўвае на новае месца і адначасова ўгнойвае зямлю.

Для маладняку ёсць ацяпляльны хлеў з вялікай печкай са спецыяльнымі адсекамі для ягнят і куранят. Апошняя – асаблівы гонар, падобныя складзены ў кожнай пабудове і ўяўляюць два ў адным: пліта і печ адразу. На першай можна зварыць і паставіць у другую, быццам у тэрмас. Як у даўніну рабілі продкі.

Нашчадак Данілавай лукі

У “спадчыну” яму дасталіся не толькі дзедаўскі домік з лазняй, але і некалькі астравоў, Данілава лука і Данілаў луг. Данілай клікалі яго прадзеда, а выгіб берага Оталава, дзе ён ставіў нерат, называлі лукой. З лугам усё зразумела, а вось назвы астравоў “з лёту” растлумачылі б толькі старажылы.

Налле – самы малы, увесь у трыснягу. Напэўна, багата прылятала сюды розных птушак, паколькі гэтае слова ўжывалася з негатыўным значэннем: наляцела налле. Птушынае “прозвішча” і ў другога вострава: шуляк – разнавіднасць каршуна, які адсюль, верагодна, выглядаў ахвяр з хатняга вывадку. А вось самы блізкі і прыгожы, заросшы дрэвамі, аказаўся старадаўнімі могілкамі. Сюды перавозілі нябожчыкаў і такім чынам засцерагалі магілы ад мядзведзяў, якіх так шмат было ў гэтай аколіцы.

Паколькі застаўся Мікалай Паўлавіч бадай адзіным маладым прадстаўніком вёскі, то імкнецца захаваць не толькі памяць, але і мясцовы каларыт. Рабіў на сваім джыпе не адну вандроўку да бязлюдных Вялічкаўцаў, адкуль прывёз старую шафу, іншыя рэчы з хатняга ўжытку. Цікава, што ў чалавека з такім рэдкім для раёна прозвішчам Тысевіч карані роду Каваленкаў – бадай, самага распаўсюджанага на Ушаччыне.

Тут прыжывецца спорт

Маскоўская мітусня, дзе дваццаць гадоў прысвяціў трэнерскай справе, ніколі не падабалася. І вось аднойчы, калі ў прамым сэнсе слова хаваўся ад сталічнага смогу на ганку лазні, з’явіўся выпадковы прахожы, які паведаміў, што ўчастак прадаецца з аўкцыёну. Зараз яны сябруюць, бо мінчанін, што аблюбаваў гэтае месца, саступіў яго Мікалаю, калі даведаўся, што тут яго бацькаўшчына.

Не любіць Калужшчына нельга – прыгажосць незвычайная. Возера Оталава літаральна ля падножжа, выдатна праглядаецца і з тэрасы летняй кухні. А на берагавым адхіле з’яўляюцца ўсё новыя пабудовы. Мікалай выкупіў пазней яшчэ адзін участак і зараз рыхтуе тут турыстычную базу для адпачынку спартсменаў. Акрамя ўласнага дома і майстэрні – таксама двухпавярховай пабудовы, дзе ўжо спыняецца не адзін госць, – вырас і шыкоўны церам, які і прымае будучых і дзеючых чэмпіёнаў. “Вось тут у нас спальні, сталовая, яшчэ адна на вуліцы, склеп для захоўвання агародніны. Ва ўсе дамы падведзена вада і ацяпленне”.

Тут на ўлонні дзікай прыроды Мікалай Паўлавіч стварае ўсё выгоды цывілізацыі. Ужо шэсць гадоў цягнецца будаўніцтва, прычым большасць работ выконвае ён сам. Вы б бачылі тыя дошкі, якія стануць прыступкамі лесвіцы: тоўстыя з захаваным згібам дрэва і карой – як ступаць па такой прыгажосці? Тут практычна ўсё драўлянае. Каркасы з бярвення вырабіў ушацкі прадпрымальнік Аляксандр Марачкін, а вось дзверы, падлогу робіць сам гаспадар, які для гэтага закупіў шмат станкоў. Арыгінальная і лазня, з каменкай у два метры і палком насупраць. “Усе мае госці – спартсмены, любім гарачую пару, – зноў з усмешкай адказаў “дачнік” і павёў паказваць яшчэ адно ноў-хаў – будынкі з дроў. Так, у мэтах эканоміі М.Тысевіч асвоіў і від кладкі гліначуркі. Калодкі дроў, самых розных у дыяметры, замураваны ў раствор з гліны і кастры, таму атрымаліся не толькі трывалыя, экалагічна чыстыя, але і вельмі арыгінальныя сцены, на якіх можна разглядаць узор дрэва, па кольцах раздумваць над колькасцю пражытых ім гадоў і адпачываць душой.

У хуткай перспектыве яго сядзіба стане месцам адпачынку і рэлаксацыі спартсменаў. Хоць і зараз мужчыну не назавеш адзінотнікам. Абавязкова знаходзіць некалькі дзён на тыдні, каб вырвацца з Масквы і адпачыць на прыродзе яго жонка-бізнесвумэн, прыязджаюць знакамітыя спартсмены, сярод якіх чэмпіён свету па тайскім боксе Сяргей Скіба, дачка Мікалая, выхаванка наваполацкага клуба і чэмпіёнка Беларусі. Сам герой аповеду займаўся і навучаў іншых усходнім адзінаборствам, развіваў рэдкую аздараўляльную і баявую в’етнамскую сістэму нятнам. Пачынаў заняткі ў спартыўнай школе Наваполацка, як і Вадзім Дзевятоўскі, спачатку кідаў молат. Аднак гады паказалі, што не хопіць росту, таму перспектыўнага юнака перавялі на барацьбу, дзяцінства і юнацтва прайшлі ў розных спартыўных школах-інтэрнатах, а заканчваў – маскоўскі, дзе і стаў трэнерам пасля вучобы ў родным Полацкім універсітэце.

Вось такі шматгранны наш зямляк, што адразу не адкажаш, хто ён: спартсмен, краязнаўца, будаўнік або фермер. А калі прапаноўвалі яму стаць трэнерам у ДЮСШ, заманьваючы выдатнымі ўмовамі і басейнам, Мікалай Паўлавіч зноў адкрыта ўсміхнуўся і паказаў на возера: “Я плаваю кожны дзень, у любое надвор’е і любую пару”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *