В Ильюшинском детском саду дети чувствуют себя как дома!

Наши дети

Зараз такая пара, калі дзеці хварэюць часцей звычайнага. Вось і падчас нашага візіту ў Ільюшынскі дзіцячы сад некалькі выхаванцаў пасля пазапланавых з-за прастуды канікулаў наноў “ўліваліся” ў калектыў. Такі перапынак крыху выбіў малых з каляіны паўсядзённых зносін з аднагодкамі, таму выхавацелі некаторых супакойвалі – бралі на рукі, выціралі слязінкі на румяных пасля забаў у музычна-спартыўнай зале шчочках. Для работнікаў установы такія адносіны да малых – з’ява натуральная.

Дзеткі пад абед ужо стаміліся, паелі ды ляглі спаць. У выхавацеляў з’явілася хвіліна крыху распавесці пра сябе і працу. Гутарым з прадстаўніцамі двух розных пакаленняў, бо калі Таіса Міхайлаўна Гваздзёва працуе тут больш за два дзесяцігоддзі, то Надзея Барысаўна Панамарова, якая сваё дзяцінства правяла ў Казахстане, – толькі два гады. Дзяўчыне было трынаццаць, калі бацькі вярнуліся да беларускіх каранёў. Да пачатку працы з маленькімі дзецьмі маладая жанчына ўжо мела вопыт работы ў педкалектыве, была сакратаром у Ільюшынскай школе.

– Кожны дзень прыношу родным цікавыя гісторыі, дзеці “цягнуць” іх з дому ў сад, – дзеліцца ўражаннямі Надзея Барысаўна. – Гэта вельмі натхняе. Выхаванцы калі-небудзь звяртаюцца да мяне проста па імені, клічуць “Надзя, Надзя!”. Я з усмешкай папраўляю, што “Надзея Барысаўна”. На гэта мне рашуча адказваюць: “Не, проста Надзя!”. Зрэшты, яны для нас як родныя. Глядзім, як пераходзяць з малодшай групы ў старэйшую, і атрымліваем асалоду. Уцешна назіраць за рознымі тэмпераментамі маленькіх, тым, як яны камунікуюць паміж сабой, асабліва сёстры ці браты. З пільнай увагай выхоўваем дзетак з прыёмных сямей.

А Т.М.Гваздзёва родам з Докшыцкага раёна. З маленства яна ў нейкай ступені зайздросціла тым равеснікам, якія перад школай хадзілі ў сад, бо ў самой такой магчымасці не было. Калі дзяўчынка прыйшла ў першы клас, заўважыла ўжо згуртаваную кампанію, усе ведалі адзін аднаго раней і мелі агульныя інтарэсы, таму ёй патрэбны быў некаторы час, каб прывыкнуць да новых сяброў. Калі прыспела пара паступаць у навучальную ўстанову, быў абраны адзін з факультэтаў БДУ, падрыхтавана мэтавае накіраванне, а яна ўсё ж вырашыла ператварыць у жыццё мару атрымаць спецыяльнасць па дашкольнай адукацыі і… забрала дакументы з уступных экзаменаў.

Таіса Міхайлаўна памятае свой першы працоўны вопыт, калі яслі ў Ільюшыне знаходзіліся ў адной з кватэр толькі пабудаваных двухпавярховак, якія мясцовыя клічуць “балконамі”. Пад крылом тады ў “другой маці” было 18 малышоў. Ужо пасля з’явіўся цяперашні сад, які па праекце быў разлічаны больш чым на 100 дзяцей.

Заняткі тут праходзяць у дзвюх групах, іх наведваюць 33 дзіцяці, 13 з якіх у наступным годзе пойдуць у школу. Восем дзетак прыязджаюць з навакольных вёсак: Жараў, Старога Сяла, Вашкова. Развівацца дзецям тут дапамагаюць 16 спецыялістаў. Акрамя Н.Б.Панамаровай і Т.М.Гваздзёвай гэта выхавацелі Галіна Віктараўна Мардамай, Ірына Васільеўна Бугрова, Маргарыта Уладзіміраўна Грак, Яўгенія Аляксандраўна Клопава з памочнікамі, за развіццё музычных здольнасцей выхаванцаў адказвае Жанна Уладзіміраўна Кляшчонак. За смачныя стравы дзеці на роднай мове кажуць дзякуй повару Святлане Юр’еўне Лабёнак, а за ўтульнасцю будынка сада і прылягаючай тэрыторыі, а значыць і бяспекай дзяцей, сочыць Віктар Сямёнавіч Казак, якому па меры магчымасці садзейнічаюць усе работнікі ўстановы. Дапамагаюць матэрыяльна і бацькі – члены папячыцельскага савета, а грошы ў сада з’яўляюцца яшчэ і наступным чынам: сёлета, напрыклад, вырасцілі на продаж чорныя парэчкі.

На думку загадчыка ясляў-сада Ірыны Сяргееўны Казачонак, усяго ў трох словах: “радасць, творчасць, поспех” заключаны прынцып установы і падыход да працы ўсіх яе работнікаў. І яны прытрымліваюцца яго кожны дзень, кожную хвіліну.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *