В Ушачах чествовали работников сельского хозяйства

Сельское хозяйство

У календары ёсць шмат святаў, але гэтае дастойна асаблівай увагі. Ад вынікаў працы хлебаробаў, жывёлаводаў, спецыялістаў іншых прафесій сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны аграпрамысловага комплексу ў першую чаргу залежыць харчовая бяспека краіны. У пятніцу раённы цэнтр культуры і народнай творчасці  па традыцыі прымаў у сваёй зале шматлікіх гасцей – на святочным мерапрыемстве ўшаноўвалі лепшых ушацкіх працаўнікоў палёў і ферм.

Наш раён па праве можна назваць аграрным: угоддзі гаспадарак займаюць звыш 39 тысяч гектараў, а больш пятай часткі выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг прыходзіцца на сельгаспрадпрыемствы. Працаваць жа прыходзіцца ў няпростых умовах: з нізкім балам урадлівасці глебы, недахопам угнаенняў і абаротных сродкаў.

– Ваша работа складаная, але неабходная. У кожным бохане хлеба і шклянцы малака – часцінка вашай працы, выказваю за гэта вялікую ўдзячнасць. Добрыя словы заслугоўваюць і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты, якія нягледзячы ні на якія абставіны ўмела кіруюць працэсам, – адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка.

Паспытаць малака, мясных і хлебабулачных вырабаў на свяце мог кожны жадаючы, у фае цэнтра культуры была наладжана выстава-продаж прадукцыі Лепельскага, Полацкага, Глыбоцкага малочнакансервавых камбінатаў, хлебазавода і агароднінасушыльнага. “Ушацкі хлеб – самы смачны, дзякуй за гэта ў тым ліку і аграрыям!” – чулася каля выставы нашых хлебапёкаў, з самай разнастайнай прадукцыяй: дзівоснымі пернікамі, прыгожымі караваямі і нават рогам дастатку.

Ну а галоўны каравай па добрай традыцыі быў уручаны кіраўніку раёна. Духмяныя боханы атрымалі таксама кіраўнікі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, пасля чаго распачалася цырымонія ўшанавання лепшых. У сёлетні няпросты год сельгаспрадпрыемствам не ўдалося выканаць умовы спаборніцтваў і калектывы за вытворчасць зерня, рапсу, мяса і малака не ўзнагароджваліся. А на сцэну за дыпломамі Ушацкага раённага выканаўчага камітэта, райсельгасхарча, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовымі прэміямі ўзнімаліся пераможцы ў індывідуальных намінацыях.

– Як ніколі сёлета шмат селішчанцаў! – абмяркоўвалі яшчэ да пачатку мерапрыемства прысутныя.

І сапраўды, хлебаробчы цыкл гэтага года стаў паспяховым для працаўнікоў гаспадаркі. Першае і трэцяе месцы сярод камбайнераў КЗС-1218 “Палессе” на рахунку Алега Крывёнка і Юрыя Юркевіча – гэтыя механізатары ўдарна працуюць ужо не адзін сезон, але ў апошнія гады крыху не дацягвалі да прызавых месцаў у спаборніцтве. Цікава, што Юрыя Віктаравіча ў “Агра-Селішчы” справядліва лічаць сваім, хаця дэ-юрэ ён у гаспадарцы не працуе. Але ў сельгаспрадпрыемстве на малой радзіме ён задзейнічаны на розных відах работ, дапамагаў, калі нёс варту ў Дэпартаменце аховы, выручае і зараз, калі працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. “Перадавікі па няволі, – усміхаецца яшчэ адзін часты госць цырымоніі ўшанавання лепшых працаўнікоў сяла Віктар Хадасевіч, – механізатараў у нас засталася “жменька”, вось і круцімся з рознымі агрэгатамі, напрацоўваем эталонныя гектары!” Пад яго словамі “падпішуцца” і астатнія селішчанскія трактарысты-машыністы, якія падымаліся на сцэну – Анатоль Жаваранак, пераможца ў групе самых магутных трактароў і Аляксандр Бараўцоў, які сёлета ўпершыню сеў за руль КВК-800 і адразу адзначыўся другім месцам у раённых спаборніцтвах на корманарыхтоўцы.

У тым, што ў тройцы лідараў сярод камбайнераў акажацца В.Алексяёнак з КУСГП “Вялікадолецкае”, ніхто не сумняваўся – з самага пачатку жніва ён быў у перадавіках. А вось такой высокай адзнацы сваёй дзейнасці, як Грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Васіль Рыгоравіч быў прыемна здзіўлены. Таксама сюрпрызам стала і ўручэнне Падзякі Мінсельгасхарча для Уладзіміра Уладзіміравіча Лёлі з ААТ “Ільюшынскі”, дэлегацыя якога зноў стала самай прадстаўнічай на свяце. Хоць сёлета і не ўвайшлі ільюшынцы ў лік лепшых у жывёлагадоўлі, аднак пераможцаў хапала ў іншых намінацыях. Напрыклад, сярод экіпажаў камбайнаў маркі КЗС-10К усе тры прызавыя месцы дасталіся выключна ім.

Большасці з герояў сёлетняга свята раней ужо даводзілася ўзнімацца на раённую сцэну за заслужанымі ўзнагародамі, але былі на мерапрыемстве і тыя, каму гэта было ў навіну.

– Шчыра кажучы, адчуваю сябе крыху няёмка – гэта маё першае прызавое месца. Вось такі ўдалы “дэбют” – у гаспадарку прыйшоў працаваць толькі сёлета! Нічога асаблівага не рабіў. Каб зарэкамендаваць сябе, стараўся проста выконваць сваю справу як след, а аказалася, што трапіў у лідары падчас адвозкі зерня ад камбайнаў, – дзеліцца ўражаннямі малады вадзіцель ААТ “Ільюшынскі” Ігар Кароткі.

Наогул, прыемна, што не адстае ад работнікаў са стажам і моладзь сельгаспрадпрыемстваў. Івану Гоману і Віталю Буку з “Вялікадолецкага”, Аляксандру Гусёнку з “Арэхаўна”, якія зноў трапілі ў лік лепшых, смела даручаюць самыя адказныя ўчасткі, бо ведаюць, што гэтыя хлопцы не падвядуць.

Апошнім часам значна “падцягнулі” паказчыкі дземянецкія жывёлаводы. Хоць 3473 кілаграмы на адну карову, якія надаілі Тамара Рыкцер, Алена Радзевіч і Алена Казачонак, – не самая высокая лічба, аднак у параўнанні з мінулым годам даволі прыкметны плюс. Працяглымі апладысментамі сустракала зала перадавікоў з філіяла “Сарочына” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”, і яно не дзіўна: на некалькі гадоў некалі самае паспяховае прадпрыемства выпала з вытворчага працэсу, а зараз паступова вяртае свае пазіцыі.

Пакуль не ў якасці раённых пераможцаў, але прысутнічалі на свяце прадстаўнікі прадпрыемства “Маяк-Ушацкі”.

– Мы – самая маладая гаспадарка Ушаччыны. Створаны ў лютым бягучага года, паступова развіваемся, атрымліваем тэхніку, вырошчваем жывёлу і ўжо засейвалі азімыя. Наш калектыў налічвае ўжо 71 працаўніка, кожны з іх атрымаў сёння віншаванні з нагоды прафесійнага свята, а асобных хацелася б адзначыць каштоўнымі падарункамі з раённай сцэны,  – адзначыў кіраўнік “Маяка-Ушацкага” Аляксандр Яўгенавіч Шкодзін. Трэба сказаць, што хоць гаспадарка маладая, аднак абсалютная большасць яе працаўнікоў не навічкі ў сельскай гаспадарцы, а былыя работнікі “Ушацкага райаграсэрвіса”.

Цёплыя словы ў адрас тых, хто цэлы год нястомна працаваў на карысць сваіх арганізацый і раёна, гучалі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Дыпломы ад арганізацыі атрымалі Андрэй Літвін з “Глыбачан”, Іван Гоман і Аляксандр Александроў з “Вялікадолецкага”, а таксама кагорта ільюшынскіх механізатараў – Уладзімір Урбан, Анатоль Дайлідзёнак, Міхаіл Рэут, Віктар Буйніцкі і Уладзімір Лёля. Дарэчы, У.Лёля і А.Александроў у гэты вечар сабралі найбольшы ўраджай узнагарод – на сцэну яны падымаліся аж па тры разы.

Не застаўся ўбаку ад ўшанавання перадавікоў і Беларускі Фонд міру. Старшыня раённай арганізацыі Таццяна Міхайлаўна Малак падзякавала аграрыям за падтрымку і разуменне, пажадала ўсім спакою і дабра ў сем’ях, а двум сельгасарганізацыям – ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Вялікадолецкае” – за вялікі ўклад у міратворчы рух, развіццё традыцый міру, актыўны ўдзел у акцыях і праектах Фонду ўручыла сертыфікаты фінансавай дапамогі на суму 200 рублёў ад Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду міру.

Ну а падарункамі для ўсіх прысутных сталі шматлікія музычныя кампазіцыі ад работнікаў культуры: горача апладзіравалі працаўнікі сяла, якія ў сілу спецыфікі працы рэдка становяцца гасцямі канцэртаў і выстаў. А таму і надзвычай каштоўныя для іх такія святочныя дні адпачынку.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *