В Ушачском РОВД не забывают своих ветеранов

Общество

У часы СССР 10 лістапада адзначаўся Дзень савецкай міліцыі. Зараз прафесійнае свята праваахоўнікаў прыпадае на сакавік. А названая лістападаўская дата з 2007 года стала днём ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС.

На мінулым тыдні па добрай традыцыі ўрачыстыя мерапрыемствы для былых калег ладзіліся ва ўсіх падраздзяленнях міліцыі нашай краіны. Ушаноўвалі ветэранаў і на Ушаччыне. Да прысутных звярнуўся часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС Вадзім Пятровіч Шахаў: “Вельмі прыемна, што ветэраны органаў унутраных спраў па-ранейшаму актыўныя, жывуць клопатамі і справамі нашага міліцэйскага калектыву. Я бачу, з якім жаданнем вы ўдзельнічаеце ў грамадскім жыцці. Ваш вопыт і веды запатрабаваныя і зараз, як мудры погляд старэйшага пакалення. Мы разлічваем на вашу дапамогу, прыслухоўваемся да вашых рэкамендацый”.

Падчас мерапрыемства ў  зале дзіцячай школы мастацтваў, дзе ладзілася дзейства, гучалі і ўспаміны пра былыя часы, і наказы маладым. Не абышлося, вядома, і без узнагарод. За шмаггадовую добрасумленную службу юбілейныя медалі “100 год міліцыі Беларусі” ўручаны Сяргею Аляксандравічу Алабіну, Алегу Томавічу Пугачову, Пятру Васільевічу Корабаву. За значны ўклад у выхаваўчую і патрыятычную работу з маладымі супрацоўнікамі Падзяка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена Але Фёдараўне Кавалёвай. Годна працягваюць традыцыі сваіх папярэднікаў і сённяшнія супрацоўнікі аддзела. Так, за дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці нагрудным знакам “Віцебская міліцыя” ўзнагароджаны інспектар ДПС аддзялення ДАІ Дзяніс Уладзіміравіч Бабянок.

Шмат цёплых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас віноўнікаў урачыстасці ад намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні С.І.Ціханёнак, старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў райаддзела міліцыі С.А.Алабіна. Цудоўным падарункам для ўсіх прысутных стаў святочны канцэрт. Актыўны ўдзел у ім прынялі дзеці сённяшніх супрацоўнікаў аддзела: прызёр конкурсу мастацкай самадзейнасці УУС Віцебскага аблвыканкама 2016 года Аліна Герцык і ўладальнік дыплома І ступені на аналагічным сёлетнім творчым спаборніцтве ў намінацыі “Дзіцячая творчасць – вакал” Ягор Обух.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *