«Спасибо» от сотен ушачан. Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Андрейченко провёл в Ушачах очередной приём граждан

Зваротная сувязь

У суботу чарговы асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб ва Ушачах правёў Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка і… атрымаў “дзякуй” ад соцень ушачан! Менавіта з гэтага пачаў свой зварот да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і нашага дэпутата ў парламенце дырэктар Ушацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Васіль Станіслававіч Спірчонак.

Убачыўшы здзіўленне спікера наконт колькасці работнікаў арганізацыі, яе кіраўнік патлумачыў, што гэтыя словы ўдзячнасці і ад членаў сямей меліяратараў, якія з падтрымкай нашага дэпутата  мелі гарантаваныя аб’ёмы. Галіна перажывае нялепшыя часы, змяншаецца колькасць бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца на правядзенне работ, і прадпрыемствы вымушаны шукаць крыніцы заробку ў няпрофільных сферах. Наша ПМС – не выключэнне. Тут ужо даўно займаюцца добраўпарадкаваннем, падводам інжынерных сетак, зарабляюць у тым ліку і за межамі раёна. Але каб вялікі калектыў працаваў стабільна і не некалькі месяцаў, а цэлы год, патрэбны, канечне, аб’ект меліярацыі. У канцы мінулага года наша ПМС з дапамогай У.П.Андрэйчанкі атрымала такі на землях ААТ “Агра-Селішча”, які паспяхова завяршыла сёлета, зэканоміўшы на работах каля 30 тысяч рублёў. Вось і прасіў В.С.Спірчонак садзейнічання ў накіраванні гэтых сродкаў на рэканструкцыю 63 гектараў меліяраваных зямель у КУСГП “Вялікадолецкае”, адной з валаўтваральных гаспадарак нашага раёна, каб распачаць работы ўжо сёлета, а таксама ўнесці яшчэ адзін аб’ект плошчай 156 гектараў у рэспубліканскі план для забеспячэння яго фінансавання ў 2018-ым.

Уладзімір Паўлавіч абяцаў перадаць просьбу дырэктара ПМС у Дэпартамент па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарча і аказаць садзейнічанне ў яе станоўчым вырашэнні.

Колькасць пытанняў, папярэдне заяўленых на прыём, была невялікай, але У.П.Андрэйчанка прыняў звыш дзясятка чалавек – быў калектыўны зварот прадпрымальнікаў з рынку гарпасёлка. Уладальнікі ралетаў выказалі нараканне на празмерную колькасць праверак з боку падатковай службы, якія, па іх словах, пачасціліся пасля рэарганізацыі раённай інспекцыі па падатках і зборах, якая ўвайшла ў структуру Лепельскай інспекцыі. У.П.Андрэйчанка даў даручэнне старшыні райвыканкама Уладзіміру Генадзьевічу Аўдошку арганізаваць сустрэчу прадпрымальнікаў з прадстаўнікамі службы, каб зацікаўленыя бакі маглі пачуць адзін аднаго, выказаць сваё бачанне сітуацыі і ўзгадніць шляхі законнага вырашэння праблемы, калі яна на самой справе існуе. У чацвер у вялікай зале пасяджэнняў Дома Саветаў такая сустрэча адбылася. Прадпрымальнікаў выслухалі У.Г.Аўдошка, яго намеснік В.Л.Хамёнак, якая курыруе гэтыя пытанні, начальнік Лепельскай інспекцыі па падатках і зборах Мая Анатольеўна Бародзіч і загадчык аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Ушацкім раёне Людміла Генадзьеўна Прашкевіч. У двух словах апісаць змест мерапрыемства не атрымаецца, але не кранаючыся дробязей: прадпрымальнікі павінны працаваць згодна дзеючага заканадаўства. Што да “прыдзірак” з боку інспектараў, усе праверкі, на якія спасылаліся прадпрымальнікі, праведзены ў адпаведнасці з існуючымі правіламі і ў ходзе кожнай выяўлены парушэнні гандлю. Стрымліваць жа штучна канкурэнцыю з боку іншагародніх і нават замежных заезджых прадпрымальнікаў, што плацяць падаткі і ажыццяўляюць гандаль законна, улады не будуць. А вось так званымі коміваяжорамі, якія ў рабочы час носяць “шэры” тавар па прадпрыемствах і арганізацыях гарпасёлка, людзьмі, што без ліцэнзій прапануюць яго “з колаў” ці наладжваюць гандлёвыя кропкі на кватэрах, павінны заняцца адпаведныя органы.

На прыёме паступіла і адно прыватнае пытанне. Было яно паўторным, па ім прымаліся пэўныя шляхі вырашэння. Але заяўніка вынікі не задаволілі: “У такім выпадку звяртайцеся ў суд”, – падвёў рысу пад застарэлай праблемай У.П.Андрэйчанка.

Падчас візіту Уладзімір Паўлавіч цікавіўся станам спраў на аб’ектах, дзе выкананне работ стала магчымым дзякуючы яго падтрымцы – рамонтам цэнтральнай раённай бальніцы, дзіцячага ясляў-сада №3, рэканструкцыяй былога будынка вучэбна-вытворчага камбіната пад дзіцячую школу мастацтваў. І, канечне, не мог не пацікавіцца работай фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”, за які “завочна” працягвае атрымліваць словы ўдзячнасці ад ушачан і гасцей раёна, што ўжо паспелі наведаць басейн і спартыўныя залы. У.П.Андрэйчанка выказаў задаволенасць запатрабаванасцю комплексу ў насельніцтва, даступнасцю яго паслуг. Разам з тым ён падкрэсліў, што на аб’екце, які для раёна павінен стаць іміджавым, трэба падтрымліваць ідэальны парадак, жалезную дысцыпліну, а ветлівасць, добразычлівасць і ўвага персаналу будуць спрыяць прыцягненню сюды наведвальнікаў з іншых рэгіёнаў. Толькі ў такім выпадку комплекс ператворыцца ў візітную картку нашага раёна, прыцягне ўвагу арганізатараў турніраў па розных відах спорту, каманд, якія будуць імкнуцца праводзіць тут вучэбна-трэніровачныя зборы або выязныя гульні. “А пры граматным падыходзе на гэтым сёння можна рэальна зарабляць”, – канстатаваў наш дэпутат.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *