Более 10 лет успешно справляется с обязанностями начальника цеха по переработке даров леса ООО «Лес» Людмила Авдошко

Ими гордятся

Ужо зусім хутка навагоднія святы, а гэта значыць, што большасць адміністрацыйных будынкаў прадпрыемстваў заззяе рознакаляровай ілюмінацыяй. А вось прывабнае знешне і ўтульнае ўнутры невялікае памяшканне галоўнага офіса ТАА “Лес” з гірляндай на даху да іх гатова ўжо зараз. Гэтыя простыя і прыемныя воку акалічнасці падштурхоўваюць да думкі, што адно з буйнейшых прыватных прадпрыемстваў раёна калі і не ў росквіце, то стабільна працуе і развіваецца. Доказам таму яшчэ і той факт, што сёлета прозвішча начальніка яго цэха па перапрацоўцы дароў лесу і сельскагаспадарчай прадукцыі Людмілы Мікалаеўны Аўдошка занесена на раённую Дошку гонару .

Свой кар’ерны шлях гэта стройная і прывабная жанчына пачала адразу пасля школы на “Прамкамбінаце”, дзе працавала швачкай чацвёртага разраду і добра праявіла сябе. А ў цэх ТАА “Лес”, які зараз узначальвае, прыйшла дзесяць год таму звычайным аператарам. Работнікі, а таксама заснавальнік “Лесу” Ігар Міхайлавіч Андрэеў, запрыкмецілі ў Людміле Мікалаеўне перспектыўнага кіраўніка і прапанавалі атрымаць мэтавую профільную адукацыю тэхніка-тэхнога, каб потым заняць вышэйшую пасаду.

Л.М.Аўдошка кіруе ўсімі працэсамі ў цэху. Сочыць за якасцю сыравіны, гатовага прыпасу, наяўнасцю тары і плёнкі для ўпакоўкі, асабіста папраўляе этыкеткі пад зменлівыя стандарты, забяспечвае ахову працы сваіх падначаленых і адпраўляе тавар. У месяц невялікі калектыў цыклам ад апрацоўкі ягад да іх упакоўкі вырабляе і рэалізуе каля 24 тон прадукту. За дзень працы гэта эквівалентна 340 трохлітровым слоікам журавінавага прыпасу, ці паўтоне перапрацаванай ягады. Зараз “Лес” зай­маецца ў асноўным журавінамі і чорнымі парэчкамі, але мае ліцэнзію яшчэ на чарніцы і брусніцы. Галоўным пастаўшчыком сыравіны які год выступаюць “Палесскія журавіны”. Акрамя гэтага прадпрыемства нарыхтоўвае і мясцовую ягаду, але гэта ўсяго каля 5-7 тон у год супраць 80 закупленых для стабільнай працы ў партнёраў. Хутка запрацуе і новы кацёл, які будзе абварваць прадукцыю, і яна стане больш мяккай перад тым, як пойдзе на працірачныя жорны. Людміла Мікалаеўна кажа, што прасцей працаваць з журавінамі, бо яны не такія “капрызныя”, як чорныя парэчкі, якія трэба адразу перапрацаваць. Зрэшты, для такой далікатнай сыравіны не так даўно была набыта халадзільная ўстаноўка.

Хоць прадпрыемства і мае права гандляваць на прасторы Мытнага саюза, партнёраў хапае і ў Беларусі. У асноўным гэта кропкі грамадскага харчавання і сталовыя заводаў, універсітэтаў, каледжаў, школ і дзіцячых садкоў. На змену буйным кандытарам прыйшоў флагман бытавой тэхнікі “Атлант” – завод закупляе ў “Лесе” прыпас для арганізацыі харчавання сваіх работнікаў.

– Здараецца, што ў дзень мы можам даставіць кліентам да 1500 слоікаў прадукцыі, – расказвае Людміла Мікалаеўна. – Калі намячаем маршрут, то звязваемся з партнёрамі, высвятляем, ці трэба ім чарговая пастаўка. Здзіўляе тое, што, акрамя райспажыўтаварыства з намі амаль не супрацоўнічаюць ушацкія арганізацыі. Можна было б і ў нашых установах адукацыі выкарыстоўваць экалагічна чысты прадукт без эмульгатараў для кісялёў і морсаў, гатаваць карысныя напоі пацыентам бальніц ці наведвальнікам санаторыя.

Калі трэба закрыць тэрміновы аб’ём, каманда цэха з сямі чалавек без праблем застаецца працаваць звышурочна. Брыгадзір Алена Міхайлаўна Ярмош, аператары Вераніка Мікалаеўна Бугай, Жанна Уладзіміраўна Мугака, Наталля Яфімаўна Барысевіч, Сяргей Аляксандравіч Кандрацкі, прыбіральшчыца Наталля Аляксандраўна Сцежкіна і слесар Аляксандр Генадзьевіч Радзевіч цэняць абаяльнага і сціплага кіраўніка. Цікава, што аб сваім вылучэнні на Дошку гонару жанчына не ведала да апошняга – хадайніцтва аб гэтым калегі падрыхтавалі і перадалі ў райвыканкам тайком ад яе. Вось такі прыемны сюрпрыз, які сведчыць аб павазе ў калектыве.

Вольга СЕВЕРЫНА.



1 комментарий по теме “Более 10 лет успешно справляется с обязанностями начальника цеха по переработке даров леса ООО «Лес» Людмила Авдошко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *