Харвестер помогает работникам Ушачского лесхоза работать в разы продуктивнее

Общество

На лесасеках да гэтага бываў неаднойчы, таму не раз даводзілася назіраць за выверанымі дзеяннямі вопытных вальшчыкаў, якіх багата ў лясніцтвах нашага лясгаса – некаторы час наваколле абуджае звонкі гул пілы, пасля чаго дрэва з характэрным, падобным на апошні ўздых трэскам цяжка валіцца на зямлю. Але ў сераду за вёскай Вашкова ўбачыў зусім іншы, высокатэхналагічны і эфектыўны від лесанарыхтовак – Васіль Міхайлавіч Мамонаў на харвестары замяняў некалькі брыгад з піламі.

– На ўчастку плошчай прыкладна ў два гектары яму неабходна нарыхтаваць каля 750 метраў кубічных драўніны, – расказвае Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч, ляснічы Сарочынскага лясніцтва, на тэрыторыі якога зараз працуе харвестар. – Норма выпрацоў­кі, канечне, залежыць ад аб’ёму і памераў драўніны на лесасецы. На гэтай яна складае 85 метраў кубічных у змену. Да прыкладу, норма на чалавека – да 10 метраў кубічных. Калі не будзе паломак, то дзён за 9 Васіль Міхайлавіч гэты ўчастак скончыць.

Першы харвестар ва Ушацкім лясгасе з’явіўся ў 2009 годзе і хутка зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Зараз у лесапункце ўжо маецца дзве такія машыны, а В.М.Мамонаў працуе на больш прадукцыйным агрэгаце. Выкарыстоўваюцца яны на высечках галоўнага карыстання, дзе дрэвы выразаюцца амаль наскрозь.

Абслугоўвае харвестар не трактарыст і не машыніст – аператар. Назва прафесіі ў многім абумоўлена складанасцю тэхнікі. Тут нават звыклага руля ў кабіне няма, а кіраванне ажыццяўляецца джойсцікам.

– Прывыкаеш, і нічога страшнага, – расказвае Васіль Міхайлавіч, які абыходжанню з лесанарыхтоўчай машынай вучыўся ў спецыяльным цэнтры пад Мінскам. – Усяго месяц вучобы, потым месяц практыкі, стажыроўка, а асноўныя навыкі ўжо напрацоўваеш самастойна. Гэта толькі на выгляд машына незвычайная, а так – простая і лёгкая ў кіраванні, манеўраная і хуткая.

За шэсць гадоў В.М.Мамонаў налаўчыўся ўпраўляцца са складаным агрэгатам віртуозна. Гэту тэхніку нездарма называюць лясным камбайнам. Тры вялікія пары шырокіх колаў забяспечваюць выдатную праходнасць агрэгата, да таго ж на забалочаных лесасеках абрэзанае сучча і вершаліны аператары выкарыстоўваюць у якасці матэрыялу для гаці.

“Зараз пакажу”, – кажа Васіль Міхайлавіч і адпраўляецца ў кабіну. Праз лічаныя секунды галоўка стралы ахоплівае ствол высокай сасны і яна прыпадымаецца ўверх. Плаўны паварот набок, праход праз каткі – і на зямлі застаецца некалькі роўных частак – іх даўжыню рэгулюе камп’ютар. Апрацоўка ствала, у залежнасці ад памеру, займае ўсяго ад 20 да 60 секунд.

– У механізаванай нарыхтоўцы драўніны Васіль Міхайлавіч – прафесіянал, – хваліць работніка загадчыца лесапункта лясгаса Вольга Пятроўна Ступко. – Вызначаўся і на працы ў камандзіроўках у іншых раёнах рэспублікі, дзе ліквідавалі наступствы ўраганаў.

Па словах самога аператара, бураломныя лесасекі — самае складанае: цяжка дабірацца да паваленых дрэў, здымаць навіслыя ствалы. Прыходзілася і вывернутыя карані дрэў пераклад­ваць, і завалы разбіраць, каб дарогу сабе пракласці.

В.М.Мамонаў у пэўнай ступені займаецца і пярвічнай сарціроўкай, пры раскрыжоўцы драўніны па магчымасці раскладае яе ў асобныя пачкі ўздоўж волаку па пародах і памерах. У такім разе спрытней працаваць і фарвардару, таксама складанай тэхніцы, якая вывозіць драўніну з лесу да дарогі, адкуль яе ўжо забіраюць сартыментавозы – калі ўсе хлысты будуць зваленыя ў агульную кучу, час на сарціроўку значна павялічваецца. Да таго ж аператар фарвардара, седзячы ў кабіне, не заўсёды дакладна вызначыць памеры на вока, а даныя камп’ютара харвестара – гэта аб’ектыўная велічыня. Сарціроўка драўніны для вопытнага аператара харвестара не з’яўляецца вялікай дадатковай нагрузкай і ў той жа час дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць шмат­аперацыйную тэхніку.

Канечне, зусім пазбегнуць ручной працы нават на такіх лесасеках немагчыма. Трапляюцца ствалы крывыя, двайныя, драбяза. Таму, звычайна, за харвестарамі і фарвардарамі ідуць людзі ў касках, падчышчаюць лесасеку. Але будучыня лесанарыхтовак менавіта за работай апісаных механізаваных канвеераў. А рабочыя рукі, якія вызваляюцца пры гэтым, накіроўваюцца на догляд за лясамі і іх аднаўленне.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *