Работники — опора региона. Кадровый вопрос рассмотрен на заседании Ушачского райисполкома

Общество

Трапны лозунг савецкіх часоў “Кадры вырашаюць усё” застаецца актуальным і зараз – менавіта ад людзей, што задзейнічаны ў стварэнні матэрыяльных і духоўных каштоў­насцяў, залежыць паспяховасць развіцця рэгіёна. У нашым раёне зацверджана сістэма мер па належным кадравым забеспячэнні арганізацый галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Пра тое, як яна выконваецца, ішла размова на пасяджэнні райвыканкама, што адбылося на мінулым тыдні. Прыгаданая сістэма ўключае ў сябе пяць ключавых напрамкаў, вынікі дзейнасці па якіх былі прааналізаваны ў выступленнях намесніка старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама С.П.Васілеўскай, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С.В.Азевіч, начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы В.М.Шахноўскай. У абмеркаванні тэмы прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-метадычнага і прававога забеспячэння кадравай работы галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксей Уладзіміравіч Гуйда, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы – начальнік аддзела па рабоце з кадрамі Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Мікалаевіч Давыдоўскі.

Захоўваць баланс

Прагназаванне патрэбнасці ў працоўных рэсурсах, збалансаванасць попыту і прапанавання – неабходныя складнікі належнага кадравага забеспячэння. Гэта тым больш важна, бо дэмаграфічная сітуацыя ў нашым раёне застаецца няпростай. Па даных на 1 студзеня бягучага года, на Ушаччыне пражывала 13463 чалавекі, што на 342 менш у параўнанні з 2016-м. Зменшылася і колькасць працаздольнага насельніцтва – з 50,3 працэнта ў 2016 да 49,5 у бягучым годзе. А вось людзей працаздольнага ўзросту, занятых у эканоміцы, стала больш. Па стане на 1 кастрычніка, маюць работу 5532 ушачаніны ці 83 працэнты працаздольных жыхароў (год таму было 5401 чалавек ці 77,8 працэнта). Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама за 9 месяцаў бягучага года па пытаннях працаўладкавання звярнулася 250 чалавек (год таму – 296), для 172 грамадзян гэта праблема вырашана станоўча. Зменшылася сёлета і колькасць зарэгістраваных беспрацоўных – 181 чалавек, ці 0,7 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва (летась – 204 ці 0,9 працэнта). Што датычыцца галін эканомікі, то дэфіцыт кадраў мае на цяперашні час лясная і сельская гаспадарка (90,1 і 95,8 працэнта адпаведна), будаўніцтва (94) і медыцына (93,2), што сведчыць аб недастатковай рабоце кіраўнікоў і кадравікоў адпаведных арганізацый па запаўненні вакансій, прагназаванні патрэбнасці ў кадрах.

У арганізацыях раёна зараз маецца 105 вакансій, і 77 працэнтаў з іх патрабуюць наяўнасці ў спецыялістаў вышэйшай і сярэдняй адукацыі – урача, заатэхніка, агранома і інш. На ўліку ў службе занятасці ў цяперашні час 37 беспрацоўных, якія ў асноўным не маюць спецыяльнай адукацыі.

Стаўка – на моладзь

Важны напрамак кадравага забеспячэння – прафарыентацыйная работа з будучымі выпускнікамі школ. Ва ўсіх навучальных установах раёна праводзяцца адпаведныя мерапрыемствы, аднак сёлета прафарыентацыйная работа чакаемых вынікаў не дала. Так, з 94 выпускнікоў у навучальныя ўстановы запатрабаванага ў раёне сельскагаспадарчага і медыцынскага профілю паступілі па 4 чалавекі. А вось з 43 выпускнікоў 9-х класаў сельскагаспадарчым спецыяльнасцям зараз вучацца 10.

У арганізацыях раёна практыкуецца мэтавая падрыхтоўка кадраў. Сёлета заключана 22 мэтавыя дагаворы: з іх 12 – райсельгасхарчам, 7 – райспажыўтаварыствам, па адным – ЦРБ, ПМК-66 і ААТ “Ільюшынскі”. Накіраванняў выдавалася больш, аднак выпускнікі па розных прычынах не паступілі ў навучальныя ўстановы. Відавочна, што гэты напрамак кіраўнікам арганізацый трэба выкарыстоўваць больш актыўна.

Важнейшым фактарам рашэння кадравай праблемы з’яўляецца замацаванне ў раёне маладых спецыялістаў. Летась іх прыбыло 65, і ў цяперашні час працуе 40. Сёлета на Ушаччыну размеркавана 79 чалавек, з іх 17 – у сельгасарганізацыі, 16 – у ЦРБ, 10 – у гандаль, па 8 – у сферы адукацыі і культуры, 7 – у лясную гаспадарку, 5 – у будаўніцтва. За прайшоўшыя тры месяцы 2 пераразмеркаваліся і столькі ж прызваны на вайсковую службу. 50 працэнтаў маладых спецыялістаў, якія былі размеркаваны ў 2015 годзе, засталіся на гэты час працаваць у раёне. І гэты паказчык сёлета вышэйшы, чым у некалькі папярэдніх гадоў. Найбольшы працэнт замацаванасці ў сферах гандлю і адукацыі (75), культуры (67), аховы здароўя (64), найменшы – у будаўніцтве (14) і сельскай гаспадарцы (27), што ў асноўным абумоўлена складаным эканамічным становішчам арганізацый.

Старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка падкрэсліў ключавую ролю кіраўнікоў арганізацый у замацаванні маладых спецыялістаў, якія павінны не толькі прадаставіць работу, але і паспрыяць у вырашэнні бытавых пытанняў, разгледзець магчымасць кар’ернага росту моладзі.

Расці прафесійна

Павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, работа з рэзервам кадраў – абавязковае патрабаванне сучаснай эканомікі.

За 9 месяцаў года павысілі сваю кваліфікацыю на курсах 182 чалавекі. Пытанні з выкананнем планаў па гэтым аспекце (з-за адсутнасці сродкаў) маюць толькі арганізацыі сельскай і лясной гаспадаркі. Рэгулярна праводзіцца вучоба спецыялістаў на галіновых семінарах. 18 работнікаў павышаюць свой узровень, атрымліваючы вышэйшую адукацыю. Разам з тым, маюцца факты, калі работнікі, што займаюць кіруючыя пасады, не маюць адпаведнага адукацыйнага ўзроўню.

Работа з рэзервам кадраў – напрамак, ад якога напрамую залежыць бліжэйшая будучыня раёна. Зараз у кадравым рэзерве райвыканкама знаходзіцца 172 чалавекі, 142 з іх – на канкрэтныя пасады. Чацвёра нашых спецыялістаў уваходзяць у кадравы рэзерв аблвыканкама. Разам з тым, работа па фарміраванні рэзерву кадраў павінна весціся больш эфектыўна і мэтанакіравана.

* * *

Як адзначылі А.У.Гуйда і У.М.Давыдоўскі, работа па кадравым забеспячэнні не заўсёды прыкметная, але надзвычай неабходная. Яна абавязкова павінна быць напоўнена канкрэтыкай, весціся сістэмна, прадумана, агульнымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых суб’ектаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *