Плавание — не только хороший отдых, но и «лекарство» от многих болезней

Cпорт Здравоохранение

“Я – “водны” чалавек, і таму адкрыццё ва Ушачах басейна для мяне сапраўднае свята. Звычайна хаджу ў комплекс у першай палове дня, калі не так многа наведвальнікаў. Прыемна, што для нас, пенсіянераў, прадугледжаны скідкі па кошце. А якую асалоду атрымліваеш ад прабывання ў вадзе, колькі тут зручнасцяў для людзей – трэнажоры, масажоры! Я ж, напрыклад, ацаніла тое, што над дзвюма сярэднімі дарожкамі зверху маецца люстра: больш за ўсё люблю плаваць на спіне, і па ім зручна арыентавацца. Калі ж выходжу з вады, адчуваю сябе памаладзеўшай на дзясятак год!” – такія дыфірамбы ў адрас нашага новага басейна давялося пачуць ад ушачанкі Галіны Георгіеўны Бараноўскай.

Не хаваюць узнёслых эмоцый і прадстаўнікі маладога пакалення. “Пастараюся бываць тут як мага часцей! Буду ўдасканальваць тэхніку плавання”, – выказаў намер 14-гадовы Міша Васілеўскі, які з сябрамі прыйшоў у басейн упершыню. А якое раздолле тут для дзяцей! Ужо праз тры сеансы мая дачка навучылася плаваць – дапамаглі ў гэтым адмысловыя прылады, што маюцца ў тутэйшым арсенале. Адным словам, у захапленні ад штучнай “воднай жамчужыны” літаральна ўсе, з кім давялося абмяркоўваць гэтую тэму, ды і сама, прызнаюся, спяшаюся ў басейн кожную вольную гадзіну.

Але ж плаванне – гэта не толькі выдатны адпачынак, а і “лякарства“ ад вельмі многіх захворванняў. На названым аспекце хочацца спыніцца больш падрабязна – магчыма, гэта падштурхне завітаць у “Юнацтва-Ушачы” тых, хто яшчэ не рашыўся наведаць басейн.

Ці ведаеце вы, напрыклад, што калі памераць рост чалавека да прабывання ў басейне і пасля, то высветліцца, што за адзін сеанс, а ён у нашым комплексе складае гадзіну, плывец “вырастае” на паўтара сантыметра! А вось пра тое, што водныя працэдуры загартоўваюць арганізм і паляпшаюць яго фізічныя магчымасці, ведаюць усе. Найперш жа яны карысныя людзям, што маюць наступныя праблемы.

Захворванні пазваночніка: астэахандроз, грыжа міжпазваночных дыскаў, скаліёз. Плаванне ўмацоўвае мышцы спіны, у тым ліку глыбокія, якія павінны браць на сябе апорную функцыю пазваночніка, распраўляе дыскі. Каб “пракачаць” розныя групы мышцаў, пажадана чаргаваць стылі плавання.

Праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай, стэнакардыя, атэрасклероз, гіпертанія. У час плавання павялічваецца зварот крыві да сардэчнай мышцы, трэніруюцца сасуды, у выніку чаго памяншаецца крывяны ціск. Уплываюць водныя практыкаванні і на ўзровень халестэрыну.

Акрамя таго плаванне дапамагае пры захворванні суставаў, вегетасасудзістай дыстаніі, з’яўляецца прафілактыкай варыкозу. З узростам у многіх людзей узнікаюць праблемы з дыханнем, бо жыццёвая ёмістасць лёгкіх і іх вентыляцыя зніжаецца – у басейне ж вельмі эфектыўна іх трэніраваць. Для гэтага варта правільна дыхаць у вадзе: рабіць глыбокі ўдых і хуткі выдых.

Ну і, канечне, плаванне – выдатны сродак скінуць лішнюю вагу. Аднак пры гэтым не варта есці за гадзіну да трэніроўкі і паўтары гадзіны пасля яе.

Вядома ж, як і ў любой справе, ёсць катэгорыя людзей, якім супрацьпаказана наведанне басейна – напрыклад тыя, хто мае алергію на наяўныя ў вадзе кампаненты. Таму нялішнім будзе пракансультавацца на гэты конт ва ўрача.

Нагадаю, што для наведвання басейна варта прыхапіць з сабой купальны касцюм, вільгацеўстойлівы абутак, прыналежнасці для мыцця і ручнік, а тым, хто мае даўгія валасы – гумавую ці поліэтыленавую шапачку. Варта мець на ўвазе, што пакуль за паслугу нельга разлічыцца карткай. Басейн працуе па буднях з 6.30 да 22.30, па выхадных – з 8.00 да 22.00. Калі ж захочаце нешта ўдакладніць – на ўсе пытанні вам адкажуць па нумары 5-01-75.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Плавание — не только хороший отдых, но и «лекарство» от многих болезней

  1. Классная вещь наш бассейн! Но только надо приучить наше население им пользоваться. Написано в раздевалке, что надо обязательно принять хороший душ с моющими средствами до его посещения. И что мы видим? Приходят дамочки из дома уже в купальниках, заходят в душ, якобы помыться, а сами линут на себя водички и… в бассейн. Сделаешь замечание, а так тебе ответят грубо и цинично, что не захочешь и связываться. И при каждом моем посещении бассейна всегда находилась парочка таких «купальщиц».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *