Валерий Владимирович Корень любит учить детей туризму

Благоустройство Экономика и малый бизнес

Рэдкім для сёлетняга кастрычніка сонечным днём Судзілавічы сустрэлі незвычайнай для такой вялікай вёскі цішынёй – толькі лісце кружылася і з шоргатам пакрывала дахі зачыненых на замкі хат абапал некалі бойкай дарогі. Пяць вёсак калісьці зліліся тут у адну. Але нават узбуйненне часоў калектывізацыі не ўратавала населены пункт і не пазбавіла ярлыка неперспектыўнага: дзве жылыя сядзібы на кіламетр вуліцы – сённяшняя звыклая карціна.

Тым больш прыглядаешся да тых дамоў, дзе курыцца дымок з коміна, дзе не зарасла яшчэ сцяжынка да ганка. Адзін з іх прыцягвае ўвагу не памерамі і нейкім асаблівым убранствам двара, а хутчэй незвычайнымі яго элементамі – не прыпыніцца ля “марскога” леапарда, які ўжо некалькі гадоў нясе бяззменную “вахту” не на флоце, а на плоце, проста немагчыма. Гаспадаром Марамана (а менавіта такое імя мае гэта цацка ў бесказырцы) і дагледжанага, акуратна пафарбаванага дома аказаўся Валерый Уладзіміравіч Корань, даўні сябра нашай газеты і герой шматлікіх публікацый спартыўных і турыстычных рубрык – больш апантанага сваёй справай чалавека напэўна цяжка знайсці.

– Няма возера паблізу маёй вёскі, – тлумачыць адну з прычын нешматлікай колькасці цяперашніх яе насельнікаў мужчына. – Таму неахвотна імкнуцца сюды дачнікі. У асноўным бацькоўскія дамы даглядаюць карэнныя, такія, як я.

Незвычайнае ўпрыгожанне сядзібы з’явілася не проста так, а навеяна настальгічнымі ўспамінамі аб трох гадах службы ў карабельнай ударнай групе Балтыйскага флоту. Туды ён трапіў неспадзявана, калі яшчэ быў студэнтам Віцебскага тэхнікума фізічнай культуры – раней адтэрміноўкі для заканчэння вучобы не было.

– Прызываўся з Віцебска, куды адправяць – не ведалі, – з усмешкай успамінае Валерый Уладзіміравіч. – Пакуль чакалі “купцоў”, мне далі першы “загад” –  пастрыгчыся нагала. А ў цырульні нехта сцягнуў маю модную ў той час шапку-“пеўніка”… Калі ж вярнуўся і ўбачыў афіцэра ў чорнай форме, зразумеў, што служыць буду не два гады, а тры – на флоце. Нас адразу пачалі пужаць, што парушальнікі дысцыпліны будуць накіраваны “да белых мядзведзяў”, за Палярны круг. Дык мае сябры пад уражаннем гэтага скінуліся і купілі мне новага “пеўніка”…

З часоў службы не расстаецца В.У.Корань з цяльняшкай. І нават мянушка яго сабакі цалкам марская – Пірат адпавядаў ёй і, нягледзячы на невялікія памеры, меў стойкі намер не пусціць чужынцаў у двор, але ўбачыўшы, што іх не гоняць, змяніў гнеў на міласць. А вось пагладзіць сябе так і не дазволіў і з цікаўнасцю назіраў, як мы гутарым з гаспадаром.

Размаўляць жа з Валерыем Уладзіміравічам – адно задавальненне, бо чалавек ён вельмі цікавы, са своеасаблівым пачуццём гумару і ўменнем пасмяяцца ў першую чаргу над сабой. А баек і неверагодных гісторый з насычанай біяграфіі раскажа столькі, што заслухаешся. Усё гэта, як і адчуванне ўнутранага стрыжня, надзейнасці, прыцягвае да яго дзяцей. Іх, розных узростаў і пакаленняў, ён у савецкія часы вадзіў у веласіпедныя, пешыя ды лыжныя паходы самай вялікай складанасці. “5 разоў у Крым, 5 – у Карпаты”, – памятае кожнае турыстычнае падарожжа мужчына.

Між тым, ні моры, ні горы, якіх пабачыў багата, не заставілі яго пакінуць радзіму, не пагасілі цягі да зямлі. Акрамя Пірата, іншай жыўнасці ля дому не назіралася, а вось соткі былі запрацаваны, сад – дагледжаны, наваколле – абкошана, бо на схіле гадоў Валерый Уладзіміравіч праводзіць на малой радзіме часу нават болей, чым у гарпасёлку, хоць яшчэ і працягвае займацца любімай справай, вучыць дзяцей турызму. У апошні час у дальнія паходы ён не ходзіць, а водзіць школьнікаў у адметныя мясціны суседніх раёнаў і роднай Ушаччыны – яе ён працягвае любіць усёй шырокай марскою душой.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *