Няўдачлівая “тэлефаністка”
Колькі доўжылася напрыканцы мая застолле ў доме жыхара г.п.Ушачы (зрэшты, самога гаспадара на гэтым “свяце жывата” не было), яго ўдзельніцы дакладна не памятаюць. Адно вядома – ад выпітага дзве жанчыны “прытаміліся” і сярод белага дня ўклаліся спаць. А вось ураджэнка гарпасёлка Вольга 1984 года нараджэння аказалася больш “стойкай” – па дарозе дамоў яна ўспомніла пра мабільны тэлефон адной з сабутыльніц, што застаўся без асаблівага нагляду, і вырашыла вярнуцца – сума яе здабычы склала каля 115 рублёў.
Вось толькі скарыстацца тэхнікай дагэтуль не судзімая Вольга не паспела – хутка трапіла пад увагу праваахоўнікаў. У адносінах яе была ўзбуджана крымінальнай справа па ч.1 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў жанчыну вінаватай у крадзяжы і назначыў пакаранне ў выглядзе 200 гадзін папраўчых работ.
А.НАПРЫЕНКА, следчы раённага аддзела Следчага камітэта.
Жаночы дзень – з “не жаночымі” наступствамі
Сёлетняе 8 Сакавіка для жыхаркі Ушач выдалася яўна не спакойным. І хоць пачыналася для яе ўсё традыцыйна – за чаркай спіртных напояў у кампаніі сужыцеля Юрыя і суседкі, фінал святочнай даты ледзь не абярнуўся трагедыяй. Вярнуўшыся познім вечарам з гасцей, сужыцелі на павышаных тонах пачалі высвятляць адносіны. І тут жанчына дала волю рукам – некалькі разоў пляснула Юрыя далонню. Той таксама аказаўся не промах – і “адказаў” ударамі кулаком па твары і целе каханай. У скандал паспрабаваў умяшацца былы муж грамадзянкі, які пражывае ў гэтым жа доме. Аднак крыху прамарудзіў: ад атрыманых траўм – пералому ніжняй сківіцы, скулавой дугі, некалькіх рэбраў і іншых ран – жанчына страціла прытомнасць і павалілася на падлогу. Спужаўшыся, што забіў яе, Юрый тут жа накіраваўся ў райаддзел міліцыі, дзе заявіў пра здарэнне.
На шчасце, цялесныя пашкоджанні не ўяўлялі пагрозы для жыцця і адносіліся да катэгорыі менш цяжкіх. Падлячыўшыся, жанчына прабачыла свайго сужыцеля і нават хадайнічала аб вызваленні яго ад крымінальнай адказнасці, прымірэнні бакоў. Але ж зусім выйсці сухім з вады Юрыю не ўдалося. Суд прызнаў яго вінаватым па ч.1 арт.149 КК Рэспублікі Беларусь і назначыў пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам на 1 год з утрыманнем 10 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы (але не менш 1 базавай велічыні штомесяц).
С.ШАЙТАР, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта.