Как сельхозпредприятия Ушаччины подготовили технику к зимнему хранению

Сельское хозяйство

Праверка пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне, якую начальнік Ушацкай раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Іван Мікалаевіч Пухальскі праводзіў у гаспадарках раёна ў першай дэкадзе кастрычніка, выявіла шмат хібаў у арганізацыі работ, ад якіх залежыць якасны рамонт машын і механізмаў зімой, а значыць і іх належная эксплуатацыя ў наступным сезоне. Кіраўнікі і інжынерныя службы сельгаспрадпрыемстваў, дзе справа ішла марудна або ўвогуле не была распачата, агучылі тэрміны выпраўлення сітуацыі. Але паўторны маніторынг у многіх месцах агаліў тое, што хутка прыкрыецца снегам – неахайныя тэрыторыі, разукамплектаваную тэхніку і неачышчаныя агрэгаты.

Трэба адзначыць, што кантрольная праверка праводзілася 24-25 кастрычніка, а да гэтага часу яшчэ не ўсе камбайны скончылі работу ў полі – убіраліся насеннікі траў, а ў асобных сельгаспрадпрыемствах і збожжавыя на ўчастках, дзе немагчыма было заехаць раней. Між тым, многія адзінкі тэхнікі ўжо не эксплуатаваліся тыднямі, на іх стан і была накіравана першачарговая ўвага інспектара.

Напярэдадні візіту інспектара давялося пабываць у КУСГП “Вялікадолецкае” і паназіраць за стараннямі мясцовых механізатараў. Уладзіміру Вусько заставаліся апошнія “штрыхі” – ён заканчваў вапнаванне колаў свайго камбайна. “Не хочацца трапіць пад уладу маразоў, – з веданнем справы кажа механізатар з самым вялікім стажам у гаспадарцы. – Вельмі цяжка тады адмыць машыну.  Не зайздрошчу хлопцам, якія яшчэ заняты ў полі ці на корманарыхтоўцы – часу ў іх застанецца зусім нямнога”.

У гаспадарцы заканчвалася і пастаноўка на захоўванне астатняй тэхнікі. Пасяўны агрэгат Аляксандра Александрова стаяў гатовы, плёнкай надзейна былі прыкрыты шлангі, патрубкі і праводка. Механізатар жа адмотваў чарговы кавалак з рулону поліэтылену – рыхтаваў дыскатар. “Дафарбую тое-сёе, даматаю, ды на дошкі з зямлі ўзніму – сёння скончу!” – дзяліўся планамі Аляксандр Пятровіч.

Як расказаў І.М.Пухальскі, на момант праверкі ў “Вялікадолецкім” 4 камбайны былі гатовы да зімоўкі, 2 чакалі чаргі на ачыстку, а 2 яшчэ працавалі. 4 з 7 збожжаўборачных агрэгатаў паставілі на захоўванне ў ААТ “Ільюшынскі” – тут таксама дзве машыны яшчэ працавалі. Але ж не былі падрыхтаваны да зімы глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, касілкі, маруднымі тэмпамі вялася пастаноўка астатняй тэхнікі.

Падчас першай праверкі добрых слоў заслужылі механізатары ААТ “Агра-Селішча”. Але за прайшоўшыя тыдні тут зроблена мала. На захоўванне не былі пастаўлены 2 з 4 камбайнаў, 2 сеялкі АПП-3, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў. А на мехдвары КУСГП “Кублічы” І.М.Пухальскі адчуў пачуццё “дежа вю” – з моманту папярэдняга візіту амаль нічога не змянілася, ніводны з 4 камбайнаў не быў пастаўлены. Зрэшты, на тэрыторыі майстэрні валяліся раскіданыя вузлы ад дыскатара і іншай тэхнікі, але наўрад ці такія “змены” парадавалі інспектара. Дадатковага навядзення парадку патрабаваў і мехдвор ААТ “Дземенец”, 2 з 4 камбайнаў таксама трэба было дачысціць.

Такую ж колькасць збожжаўборачных агрэгатаў паспелі падрыхтаваць і ў КУСГП “Арэхаўна”. І на гэтым усё: “воз” (а дакладней сеялкі, граблі, прэс-падборшчык) і сёння там – да паста­ноўкі астатняй тэхнікі не прыступалі. Цяжкая сітуацыя і ў КУСГП “Глыбачаны”, дзе з 5 камбайнаў, якія вялі жніво, ачышчаны ўсяго адзін, не лепшы стан спраў і з прычапнымі механізмамі.

Значная колькасць тэхнікі ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” перададзена сёлета іншым гаспадаркам. І хоць, як бачна, не ўсё гладка і там, але ёсць надзея, што з горам папалам яе ўсё ж да зімы з большага спарадкуюць. А ў “Райаграсэрвісе” яе з вялікай доляй верагоднасці чакаў бы лёс сеялак, раскідвальнікаў мінеральных і арганічных угнаенняў, касілак і прэс-падборшчыка, якія ржавеюць. Апакаліптычна выглядае і мехдвор у Вяркудах, дзе не наведзены элементарны парадак.

За неналежнае выкананне абавязкаў і ўказанняў Мінсельгасхарча па пастаноўцы тэхнікі на працяглае захоўванне раённай інспекцыяй Дзяржтэхнагляду вынесена прапанова разгледзець дадзенае пытанне на калегіі райсельгасхарча з прыцягненнем да адказнасці кіраўнікоў і галоўных інжынераў некалькіх гаспадарак.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *