“Я б-больш з табой не п-паеду!..” – бразгаў сківіцамі і выціраў халодны пот з ілба зампатэх, пакідаючы кабіну “ЗіЛа”, што затармазіў ля КПП ва Уруччы. Так бясслаўна завяршыўся дэбютны рэйс навабранца часці Аляксандра Шасцярня. Для правінцыйнага хлопца, які толькі перад прызывам паспеў скончыць курсы ДТСААФ і фактычна не меў вадзіцельскай практыкі, першая паездка ў Мінск стала сапраўдным экстрымам – не меншым, чым для маёра-пасажыра. І, напэўна, калі б Сашы тады сказалі, што бліжэйшыя без малага сорак год ён правядзе за рулём, наўрад ці паверыў бы ў такую перспектыву!
Зрэшты, навыкі ваджэння ў арміі напрацоўваюцца хутка – дапамагла камандзіроўка ў Казахстан, дзе вайскоўцы адвозілі з цалінных палёў зерне. Перыядам тэрміновай службы датуецца першае і апошняе міні-ДТЗ за ўсю кар’еру: неяк летам Аляксандр страўліваў паветра з тармазной сістэмы, і раптам грузавік пакаціўся пад ухіл і ажыццявіў “лабавую атаку” на дрэва, ад чаго з апошняга пасыпалася лісце. “Што, баец, ужо дзембель адчуў?” – іранічна пракаменціраваў сітуацыю ўзводны – канец службы прыпадаў на восень, і штучны “лістапад” нібы яе прыспешваў…
Вярнуўшыся ў родныя Ушачы, А.Шасцярэнь уладкаваўся вадзіцелем на агароднінасушыльны завод, дзе працаваў да арміі рабочым. Неўзабаве машыны прадпрыемства перавялі ў аўтабазу – такім чынам, увесь свой працоўны шлях Аляксандр Уладзіміравіч прысвяціў Ушацкаму райспажыўтаварыству. Пра тое, што мужчына з’яўляецца адным з лепшых работнікаў прадпрыемства, сведчыць факт, што менавіта яму кіраўніцтва давярае дальнія рэйсы: для гэтага А.Шасцярэнь скончыў курсы міжнародных перавозак. Па якіх толькі маршрутах не праехала за гэтыя дзесяцігоддзі яго машына, які толькі тавар не перавозіла! У часы Савецкага Саюза ва ўшацкіх кааператараў былі наладжаны добрыя сувязі з Украінай і Малдовай, адкуль пастаўлялі садавіну і агародніну. З гэтымі паездкамі ў Аляксандра звязана шмат цікавых успамінаў. Расказвае, як упершыню трапіўшы ў Кіеў, вырашыў крыху праехацца па яго вуліцах і… заблукаў. Ды настолькі, што выводзілі яго з “гарадскіх джунгляў” мясцовыя даішнікі.
Здараліся ў дарозе і больш складаныя сітуацыі: у часы, калі зімой рухавік ахалоджваўся не тасолам, а вадой, ледзь не замерз на шляху з Бабруйска – выратавала паяльная лямпа, якой амаль праз кожны кіламетр адаграваў радыятар. Непрыемным быў і выпадак, калі на дарозе з Рыгі ноччу “стукнуў” матор – давялося з дапамогай пераноскі ў палявых умовах абсталяваць экспрэс-майстэрню, і ў выніку ўдалося дабрацца да дому. Запомнілася і здарэнне, калі ў аўтамабілі напарніка загарэлася праводка і толькі дакладныя дзеянні вадзіцеляў прадухілілі сур’ёзную бяду.
Ладзяцца рэйсы за мяжу і зараз. Летась, напрыклад, Аляксандр Уладзіміравіч дастаўляў у Санкт-Пецярбург ушацкія чарніцы і парэчкі, у апошні час рэгулярнымі з’яўляюцца паездкі ў Тулу, дзе райспажыўтаварыства рэалізуе харчовыя тавары беларускай вытворчасці. Шмат кіламетраў накручвае яго ГАЗэль і па айчынных дарогах, ну а калі далёкіх рэйсаў няма – развозіць тавар па магазінах раёна.
“Настолькі прывык да сваёй прафесіі, што абсалютна не ўяўляю сябе ў іншай, – прызнаецца вадзіцель. – На работу заўсёды імкнуся ісці з добрым настроем: калектыў у нас дзеяздольны, у лепшы бок змяняюцца апошнім часам і ўмовы працы – праведзены рамонт будынкаў, добраўпарадкавана тэрыторыя, умацоўваецца матэрыяльная база, у чым вялікая заслуга дырэктара Генадзя Пятровіча Глінскага. Як старшыня прафкама, я таксама стараюся адстойваць інтарэсы калег”. “Дык і што – зусім няма для Вас у рабоце складанасцей?” – пытаюся ў суразмоўцы. На што мужчына з уласцівым яму гумарам адказвае: “Канечне, ёсць – не заснуць на начной трасе! Для гэтага варта захоўваць рэжым адпачынку, ну і прыхапіць у паездку моцны чай у тэрмасе і “ссабойку”, што гатуе мне клапатлівая жонка Алена Рыгораўна!” А вось песні па “Аўтарадыё” за рулём Аляксандр Уладзіміравіч амаль не слухае: кажа, што самай мілагучнай музыкай у дарозе для яго з’яўляецца гук раўнамернай работы рухавіка.
Наталля БАГДАНОВІЧ.