Перед коллективом ДРСУ-105 стоят неизменные задачи по содержанию дорог местного назначения в надлежащем состоянии

К профессиональному празднику

Падсыпка і грэйдзіраванне, разметка дарог і падтрыманне парадку на прылягаючай да іх тэрыторыі, рамонт і асфальтаванне. Гэтыя і іншыя задачы па ўтрыманні ў належным стане транспартных артэрый раёна стаяць перад калектывам ДРБУ-105 КУП “Віцебскаблдарбуд”.

Апошнія гады для прадпрыемства не самыя лёгкія, дарожнікі сутыкаюцца з рознымі праблемамі. Адна з галоўных – з’амартызавана практычна ўся тэхніка, якая задзейнічана на аб’ектах, бо з-за недахопу сродкаў даўно не абнаўлялася.

– Вялікія надзеі ўскладаем на нядаўна зацверджаную дзяржаўную праграму па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады, згодна якой фінансаванне дарожнай галіны павінна павялічыцца ледзь не ў тры разы, – адзначае выконваючы абавязкі начальніка ДРБУ-105 Дзмітрый Пятровіч Цімафееў. – А пакуль стараемся прыкладаць усе намаганні, каб пераадолець няпросты этап. Не буду ўтойваць, не становіцца менш скаргаў на стан дарог. Мы ведаем нашы слабыя месцы, але людзі павінны разумець, што ўсе дарогі нельга расчысціць, прагрэйдзіраваць ці тым больш адрамантаваць у адзін момант.

Нягледзячы на цяжкасці, прадпрыемства выконвае немалыя аб’ёмы работ. Прадметам клопату з’яўляюцца больш 600 кіламетраў аўтадарог мясцовага прызначэння, а таксама 36 мастоў, пад’езды да некаторых могілак. На балансе арганізацыі пясчаны кар’ер і асфальтабетонны завод, на якім сёлета было выпушчана больш за 4 тысячы тон асфальту.

У дарожнікаў няма пастаяннага графіку работы, і яны далёка не заўсёды працуюць “як усе” – з васьмі да пяці. Надвор’е часта падкідвае “сюрпрызы”, таму на барацьбу за чысціню дарог прыходзіцца выходзіць і ў выхадныя, і глыбокай ноччу.

Акрамя “радавых” работ, ДРБУ-105 унесла сваю лепту і ў будаўніцтва значных для раёна аб’ектаў – паклалі 5 тысяч метраў квадратных асфальтабетону ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, асфальтавалі тэрыторыю каля новага шматпавярховага дома ў гарпасёлку, “апранулі” ў новы асфальт 1,8 кіламетра дарогі ў Матырыне. Сярод больш дробных аб’ектаў вылучаюцца асфальтаванне і пад’езд да падстанцыі ў Вашкова, рамонт дарогі каля свінагадоўчага комплексу і некаторыя іншыя.

Зразумела, што ад выкананых аб’ёмаў залежыць і заработная плата, яе сярэдні памер на прадпрыемстве складае 415 рублёў. Каб зарабіць, шукаюць дарожнікі аб’екты за межамі раёна. Каля двух месяцаў працавалі сёлета ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна на абсталяванні бардзюраў, пешаходных дарожак, асфальтаванні. Выйгралі тэндар, і зараз брыгада майстра А.Агіевіча шчыруе на адным з кварталаў індывідуальнай забудовы ў Наваполацку – там, дзе калісьці была балоцістая мясцовасць, ужо з’явіліся тры новыя вуліцы з асфальтавым пакрыццём, пліткай на пешаходных дарожках.

У перспектыўных планах на наступны год – капітальны рамонт участка дарогі Ушачы-Немірова адлегласцю 2,8 кіламетра ад гарпасёлка ў напрамку Завячэлля, 2,5 кіламетра пад’езду да аграгарадка Ільюшына. Таксама мяркуюць атрымаць “поле дзейнасці” на аб’ектах у Наваполацку і Верхнядзвінску, які ўжо пачынае падрыхтоўку да абласных “Дажынак-2018”.

З усімі дарожнымі задачамі спраўляецца калектыў, які на сённяшні дзень налічвае 56 чалавек. Ёсць у ім моладзь, але ў асноўным ён трымаецца на вопытных працаўніках – гэта як рабочыя, так і прадстаўнікі адміністрацыі. І прыемна, што работа ўшацкіх дарожнікаў ацэньваецца на высокім узроўні: да прафесійнага свята нагрудным знакам “Ганаровы дарожнік Беларусі” другой ступені ўзнагароджаны машыніст экскаватара Аляксандр Клемяценка, Ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый – вадзіцель Васіль Іванюк. Ганаровая грамата КУП “Віцебскаблдарбуд” уручана эканамісту Таццяне Цімафеевай, а Падзяка – маладому вадзіцелю Андрэю Шчэрбіку. Званне “Ветэрана працы” галіны прысвоена Мікалаю Вацьковічу. Па добрай традыцыі лепшых работнікаў адзначаюць і на ўзроўні прадпрыемства – самыя старанныя напярэдадні свята атрымалі каштоўныя падарункі. Ушанаванне ўсіх дастойных работнікаў і ветэранаў арганізацыі адбылося ўчора ва ўрачыстай абстаноўцы на мерапрыемстве, прысвечаным прафесійнаму святу людзей, праца якіх заўсёды на віду.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *