Уборка кукурузы в КУСХП «Ореховно»

Сельское хозяйство

Напэўна ніхто не чакае прадаўжэння залатой цёплай восені так, як аграрыі. Бо калі для паляўнічых ці аматараў адпачынку на прыродзе гэта задавальненне, станоўчыя эмоцыі, то для паляводаў – неабходная ўмова для завяршэння сельскагаспадарчых работ.

У КУСГП “Арэхаўна” штодня пільна ўглядаюцца ў зводкі сіноптыкаў – нарыхтавана пакуль толькі 18,98 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта нават менш чым летась і, канечне, недастаткова, каб каровы былі сытыя зімой. Акрамя кукурузы спадзяюцца ў гаспадарцы яшчэ на другі ўкос канюшыны, але патрэбны час.

Праблема ў тым, што нават невялікія плошчы пад кукурузай убіраюцца марудна: працуюць, выбіраючы сухія ўчасткі. Больш таго, вада стаіць і на высокіх пагорках, як у Слабадзе, гэта стала і асноўнай прычынай нізкай ураджайнасці. Намнога лепей участкі ля Жывалакі, уздоўж трасы на Полацк, і асабліва ва ўрочышчы Перакавыя, што схавана за лесам насупраць Крыжоў. Папярэдне там была ўнесена арганіка, таму атрымліваюць 177 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. Ды і пажыўная яна больш, чым з іншых палёў – пачаткі паспелі наліцца да васковай, а не малочнай спеласці.

На адвозцы было занята дзве адзінкі тэхнікі. І хоць зусім недалёка ад закладзенай ля комплексу ў Слабадзе траншэі, аднак ледзь паспявалі адвозіць сакавітую зялёнку Аляксандр Цецераў і Барыс Шалыга. За штурвалам жа кормаўборачнага комплексу “Палессе” сустрэлі незаменнага ўніверсала Аляксандра Гусёнка. Менавіта ён у гарачую пару задзейнічаны на самых адказных участках работ. І хоць у аграрыяў не бывае лёгкіх сезонаў, гэты выдаўся надзвычай капрызным ад сяўбы да ўборкі. Манеўраваў, каб не загразнуць, Аляксандр на сяўбе яравых, спатрэбіўся вопыт кіравання магутнай тэхнікай і зараз. Спыніўшыся на хвіліну на самым лепшым участку, дзе камбайн быў напалову схаваны ў кукурузе, механізатар патлумачыў адну з прычын страт ураджайнасці: “Зацішна тут, няма паблізу дарог, таму паласаваліся дзікі ад душы”.

Для “каралевы палёў” 170 цэнтнераў, канечне, не ўраджай, і ў нашых умовах яна дае ў два, а то і тры разы больш. Тым не менш, і гэта падмурак да кармавой базы. Тым больш, што сілас з кукурузы – адзін з самых любімых кармоў буронак і нават пры такой ураджайнасці менавіта ён даба­віць у зімовы рацыён каля дзвюх кармавых адзінак на ўмоўную галаву – убрана пакуль крыху больш трэцяй часткі.

А каб такія дарагія ў прамым і пераносным сэнсе кармы былі якаснымі, у “Арэхаўне” імкнуцца захоўваць тэхналогію і не распачынаюць вялікіх траншэй. Заклалі яму на 350 тон, прыступілі да другой. Акрамя таго кукуруза дазваляе менш балюча перажыць пераход на стойлавы перыяд – ёй зараз падкормліваюць статкі, якія перабраліся на зімовыя кватэры.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *