Вынікі агляду-конкурсу
на лепшае добраўпарадкаванне падвялі ў Глыбачанскім сельсавеце. У намінацыі “Дом узорнага парадку” перамагла сям’я Наталлі Віктараўны і Валерыя Уладзіміравіча Філатавых з аграгарадка Глыбачка, а лепшым ветэранскім падворкам прызнаны дом Віктара Восіпавіча і Надзеі Фёдараўны Віннікаў з вёскі Антунова. Пераможцы акрамя Падзякі Глыбачанскага сельвыканкама атрымаюць і каштоўныя падарункі – камплекты пасцельнай бялізны.
Прыжывуцца імянныя туі
Супрацоўнікі Вялікадолецкага сельвыканкама разбілі яшчэ адну клумбу ў цэнтры аграгарадка. Раней на вуліцы Лясной ля аддзялення банка і Дома культуры была пустэча, якую і вырашылі творча запоўніць. КУСГП “Вялікадолецкае” прывезла ўрадлівай глебы, а жыхар вёскі Новае Жыццё Леанід Мікалаевіч Клачок (на здымку), які займаецца развядзеннем дэкаратыўных дрэў, падарыў пасадачны матэрыял – туі. Вясной да іх далучацца кветкі.
За кантэйнеры – цэлая вёска
У вёсцы Казімірова Вялікадолецкага сельсавета ўстаноўлены тры кантэйнеры для смецця – у розных месцах гэтага немаленькага населенага пункта. Раней там была выкапана яма, што не радавала вока і было нязручна. Дагаворы ж з камунгасам заключылі практычна ўсе жыхары вёскі: над гэтым працавалі прадстаўнік УП ЖКГ і, канечне, старэйшына Валянціна Іванаўна Шышова.
Тры аўкцыёны – пяць участкаў
Сарочынскім сельвыканкамам сёлета праведзена тры аўкцыёны і прададзена пяць зямельных участкаў паблізу ад вадаёмаў: па два ў вёсках Белае і Ляснеўшчына, адзін у Івахнаве. Пры першапачатковым кошце 180, 200 і 250 рублёў за іх атрымалі ад 1,575 да 2,625 тысячы. Такім чынам сельвыканкам зарабіў амаль дзесяць тысяч рублёў, якія накіроўваюцца на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Рамантавалі дарогі
Скаргі на стан дарог – адны з самых распаўсюджаных у вясенні і восеньскі час. Адразу ўсе не адрамантуеш, таму ва Ушацкім сельсавеце закрываюць самыя балючыя пытанні. Адно з іх – паварот на вуліцу Лясную вёскі Ліпавец, дзе сістэматычна падтоплівала дарогу. Чыстку кюветаў там правялі спецыялісты ДРБУ-105. Таксама па просьбе жыхароў Двор Пліна былі засыпаны гравіем ямы па вуліцах Маладзёжная і Партызанская.
Святлей і бяспечней
Могілкі вёсак Пілатоўшчына, Бутава, Гара, Баравыя, Плігаўкі Сарочынскага сельсавета ў апошні час значна пасвятлелі. На іх выразалі частку старых дрэў. Дзіўна, што гэтае актуальнае для большасці вяскоўцаў пытанне знайшло такое простае рашэнне. У навядзенні парадку на могілках сельвыканкаму дапамагаюць работнікі свінагадоўчага комплексу “Сарочына” – яны высякаюць дрэвы на дровы для прадпрыемства.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.