Пра загоннае паляванне на дзікіх капытных жывёл мы ўжо паведамлялі на старонках газеты, а вось адзін з наведвальнікаў нашага сайта пацікавіўся пра паляванне на пушных звяроў і ў прыватнасці кошт пуцёвак. За адказам мы звярнуліся ва Ушацкую арганізацыйную структуру БТПР.
Асенне-зімовы сезон палявання на зайца пачаўся ў Беларусі ўжо 7 кастрычніка. З гэтага часу дазволена паляванне на зайца-русака і зайца-беляка з дыпламаванымі гончымі сабакамі. Да 4 лістапада здабыча зайца дазволена толькі з сабакам, у якога ёсць палявы дыплом па зайцы або лісіцы. Пры гэтым з адным сабакам могуць паляваць да трох чалавек. Да апошняй нядзелі студзеня можна будзе паляваць з сабакамі любых парод і без палявых дыпломаў, ружэйным спосабам з засады, падыходу, загонам. Дазваляецца выкарыстоўваць гладкаствольную зброю з патронамі, зараджанымі дробам. Таксама з 4 лістапада можна будзе паляваць ружэйным спосабам з усімі пародамі сабак (акрамя гончых і барзых) і безружэйным з дапамогай капканаў і пастак (акрамя петляў) і на вавёрку, куніцу, норку, андатру, харка.
Паляваць можна ў суботу, нядзелю, панядзелак, аўторак, а таксама ў святочныя дні, аб’яўленыя Прэзідэнтам нерабочымі. Адпраўляцца на паляванне на дзікіх пушных звяроў можна па разавых і сезонных пуцёўках. Для членаў Ушацкай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў разавая ў адну паляўнічую дачу яна каштуе 6 рублёў, у дзве – 8, сезонная ў адну паляўнічую дачу – 45, у дзве – 60. Для ўсіх астатніх членаў БТПР разавыя – 8 і 10 рублёў, сезонныя – 55 і 70 адпаведна.
Вольга КАМАРКОВА.