Нядаўна Ушацкая раённая арганізацыя “Беларускі фонд міру” на выніковай справаздачна-выбарчай канферэнцыі падвяла вынікі пяцігодкі. У сваім выступленні старшыня ўшацкіх “міратворцаў” Т.М.Малак зазначыла, што за пяць гадоў раённай арганізацыяй Фонду міру зроблена нямала добрых спраў, якія сталі магчымымі дзякуючы шчырасці і неабыякавасці жыхароў нашага раёна.
Памяць і традыцыйная дабрачыннасць
Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі з’яўляецца ўшанаванне памяці ахвяр вайны. Дзякуючы Фонду міру з’явіліся новыя помнікі на месцы пахавання расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў у Павуллі і Усаі, братам-партызанам Чэпікам у Чарсцвядах, заслужанаму настаўніку БССР Н.Жукаву ў Арэхаўне, каля 30 мільёнаў недэнамінаваных рублёў накіравана на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў”.
Традыцыйна вялікая ўвага надаецца і дабрачыннасці. Напярэдадні навагодніх святаў актывісты аб’яднання наведваюць пажылых людзей у бальніцах сястрынскага догляду ў Вялікіх Дольцах, Дубраўцы і Глыбачцы, падарункі ад Фонду міру таксама атрымлівалі дзіцячы сацыяльны прытулак і дзеці-інваліды. Летась раённая арганізацыя выступіла спонсарам народнага квартэта “Натхненне” для ўдзелу ў міжнародным конкурсе харавых і вакальных калектываў “Магутны Божа”, аказала дапамогу дзіцячаму калектыву “Спадчына” Матырынскага СДК для набыцця блузак, ахвяравала сродкі на рэканструкцыю дзіцячага ясляў-сада №4.
Шэраг праектаў раённая арганізацыя рэалізуе са Свята-Параскеўскай царквой у аграгарадку Арэхаўна і сёлета ўнесла свой уклад у рамонт храма, пералічыўшы 1000 рублёў. Да прафесійных святаў Фонд міру не абмінае ўвагай і працаўнікоў сяла, прадстаўнікоў іншых прафесій – падрыхтаваў падарункі да 100-гадовых юбілеяў райспажыўтаварыства, беларускай міліцыі, 90-годдзя раённай бібліятэкі.
За прайшоўшую пяцігодку на Ушаччыне нарадзіліся і два дзіця міру: дзве Ульяны, Свідзінская і Загародняя, якія з’явіліся на свет 21 верасня, атрымалі адпаведныя сертыфікаты і падарункі.
Уносяць годны ўклад
Ушацкая арганізацыя па ўсіх накірунках дзейнасці займае лідзіруючыя пазіцыі як у вобласці, так і рэспубліцы. У апошнія гады расце колькасць сабраных сродкаў: у 2014-м грамадзяне ахвяравалі Фонду 90 мільёнаў рублёў, у 2015-м – 100, 2016-м – 110. Актыўны ўдзел у гэтай справе заўсёды прымаюць старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый, ветэраны працы, паштовыя аддзяленні. Сярод прадпрыемстваў і арганізацый – калектывы лясгаса, аптэкі, ветстанцыі, райспажыўтаварыства, райвыканкама, райбальніцы, райгаза, прамкамбіната, рэдакцыі нашай газеты, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, аховы, ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Вялікадолецкае”. Прыемна, што не застаюцца ў баку і прыватнікі – ПУП “Ляснеўшчына”, “Славянушка”, “Меналайн”, ТАА “Лес”, “АлексНутта” і многія іншыя.
– Поспех нашай арганізацыі залежыць ад многіх фактараў, асноўныя з якіх – разуменне і павага жыхароў Ушаччыны, падтрымка раённай улады. Дзякуй вам за гэта! Як бачна, разам мы можам многае! – адзначыла Т.М.Малак.
Новая пяцігодка – новае дыханне
Абмяркоўваліся на канферэнцыі і планы на будучае. “Сумесна з Фондам мы рэалізуем шэраг значных патрыятычных праектаў, у планах і новыя ідэі”, – зазначыла дырэктар музея народнай славы Н.П.Бугай. У гады вайны на тэрыторыі раёна было спалена 156 вёсак, зараз прапрацоўваецца пытанне аб выданні зборніка пра гэтыя населеныя пункты. Яшчэ адна агучаная ідэя – стварэнне памятнага знака ў гонар дзяцей, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а Л.Р.Карабань прапанавала зрабіць буклет аб мемарыяльным комплексе “Прарыў”.
Усе дэлегаты канферэнцыі аднагалосна прызналі работу раённай арганізацыі здавальняючай. Сфарміраваны яе праўленне і савет, а старшынёй зноў абрана Т.М.Малак. “Званне “Чалавек года Віцебшчыны-2014” і ёсць вышэйшая ацэнка работы Таццяны Міхайлаўны ў арганізацыі, якую яна нязменна ўзначальвае з 2000 года. Гэта вельмі актыўны, ініцыятыўны, камунікабельны чалавек. Лічу, што яна дастойна зноў стаць старшынёй і прадаўжаць распачатыя карысныя справы”, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.В.Азевіч.
Вольга КАМАРКОВА.