“У нас сёння гістарычны дзень, забіваем першую палю на будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу, трэба захаваць для гісторыі”, – папрасіў 31 ліпеня 2014 года нас сфатаграфаваць аб’ект тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Іванавіч Бухалка. У апошні ліпеньскі дзень ля фундаменту і невысокай кладкі сцен работнікі ПМК-48 з Падсвілля Глыбоцкага раёна адказна манціравалі аснову металічнага каркасу. Менавіта на гэтую субпадрадную арганізацыю прыйдзецца максімальны аб’ём работ: бетанаванне фундаменту і мантаж панэляў, унутраная апрацоўка. Генеральны ж падрадчык – “Полацксельбуд” падключаў і іншых субпадрадчыкаў, сярод якіх, безумоўна, была і мясцовая будаўнічая арганізацыя. Муляры і тынкоўшчыкі ПМК-66 наведваюць “Юнацтва-Ушачы” з асаблівым пачуццём, у гэтым лабірынце раздзявалак, пакойчыкаў і калідораў яны разбіраюцца як ніхто.
Афіцыйным жа стартам доўгачаканага аб’екта лічыцца ліпень 2012-га. Тады прадпрыемства меліярацыйных сістэм зрабіла вертыкальную планіроўку, пачалася кладка інжынерных сетак. А праз два гады было выканана 40 працэнтаў работ. Зразумела, на такім складаным аб’екце нельга было абысціся без спецыялізаваных арганізацый, якія падчас правядзення тэндараў вышукваў заказчык – упраўленне капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна на чале з Аляксандрам Сяргеевічам Лосевым. Электрыку і сантэхніку рабілі спецыялісты “Мантажнік С”. Нямецкі спартыўны паркет ва ўнікальнай зале для гульнявых відаў спорту ўкладвалі спецыялісты “Талінгруп”. Падобнае пакрыццё мае яшчэ толькі адзін зал у вобласці – у Оршы. “Талінгруп” паставіла і ўсё спартыўнае абсталяванне: ў залы аэробікі, тэнісу, барацьбы і басейн. Вокны і дзверы ўстанаўлівала таварыства з дадатковай адказнасцю “Вект-А”. Помпы і ўсё водаабсталяванне басейна – ТАА “БелЭлітІмпэкс”. Дарэчы, там існуе складаная сістэма ачысткі вады рознымі рэагентамі і ўльтрафіялетам, якая не спыняецца ні днём, ні ноччу, а вада за суткі робіць чатыры абароты. Выцяжку манціравалі спецыялісты полацкага таварыства “Вентмантаж”.
Вельмі важнае для ўшачан будаўніцтва ажыццявіла ў жніўні 2016 года таварыства з абмежаванай адказнасцю “ЗахадВадбуд”. Пасля карэкціроўкі праекта гэтая спецыялізаваная арганізацыя практычна год будавала дадатковую для гарпасёлка свідравіну, якая пастаўляе ваду не толькі для комплексу, але і ўсяго мікрараёна па Віцебскай. Спецыяльна пад аб’ект фірма “Навітэрбел” зрабіла індывідуальны праект і ўзвяла аўтаматызаваную кацельню. Эксклюзіўны толькі для нашага “Юнацтва” дызайн зрабіў “Мастак-сэрвіс”, які выйграў тэндар у двух канкурэнтаў. Дарэчы, наваполацкія спецыялісты ўжо займаліся ўпрыгожваннем ушацкіх памяшканняў – стыль кабінетаў “Юнацтва-Ушачы” пераклікаецца з убраннем малой залы райвыканкама: бадзёрая каляровая гама, блакітныя стойкі, распрацоўка і выраб мэблі. Не паўтараецца дызайн кожнага з пакояў інтэрната, сцены якога ўпрыгожаны фотапано са здымкамі ушацкіх краявідаў Уладзіміра Бязрукава.
Добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаліся ўшацкія арганізацыі ДРБУ-105 і ПМС, а таксама практычна ўсе ўшачане падчас суботнікаў.
Вольга КАРАЛЕНКА.