Менавіта так у мінулы чацвер назвалі работнікі культуры Ушаччыны сваё ўрачыстае мерапрыемства. І невыпадкова: яны заўсёды там, дзе трэба падарыць людзям добры настрой – арганізуюць прафесійныя і дзяржаўныя, сямейныя і каляндарныя святы. Зрэшты, без іх не абыходзіцца ні адно раённае мерапрыемства.
Аб тым, што ў 34 установах гэтай сферы працуюць сапраўдныя прафесіяналы, сведчыла і колькасць узнагароджаных да прафесійнага свята, якіх з гэтай нагоды шчыра павіншаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Некаторым давялося ўздымацца на сцэну нават двойчы. Так, напрыклад, граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўзнагароджана нязменны кіраўнік хору народнага клуба “Ветэран” Іна Сяргееўна Клімава. Ёй жа ў сувязі з юбілейнай датай з дня нараджэння быў уручаны і падарунак ад раённага галіновага прафсаюза – неаднаразовага пераможцу конкурсаў з 35-гадовым стажам сустракалі працяглымі апладысментамі. Прафсаюзная арганізацыя, дарэчы, у гэты дзень была шчодрай на ўвагу: падарункі атрымалі ўсе, хто сёлета адзначае свае юбілейныя даты – 22 культработнікі. Граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі была адзначана работа яшчэ 7 працаўнікоў, а таксама калектыву Дома рамёстваў.
Прырастае сфера і новымі, перспектыўнымі кадрамі – за апошнія гады прыйшоў працаваць 21 малады работнік. На святочным мерапрыемстве яны таксама не засталіся без увагі – кожнаму быў уручаны памятны сувенір. Добрыя словы і шчырыя пажаданні са сцэны прагучалі і ў адрас усіх ветэранаў галіны.
Культработнікі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, прымаюць удзел у асноўных грамадска-палітычных акцыях і мерапрыемствах, больш 60 членаў сёння налічвае пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Некаторым з яе актывістаў – хормайстру раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марыне Андзінай і загадчыку аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірыне Малак – былі ўручаны каштоўныя падарункі. У святочны дзень пярвічка “прырасла” васьмю новымі членамі.
Выходзячы на сцэну, усе артысты выкладваліся на поўную моц і стараліся здзівіць калег і гасцей. І ў іх гэта атрымалася на выдатна – заспявалі і затанцавалі не толькі творчыя работнікі, а і гукааператары і тэхнічны персанал. Да таго ж, як высветлілася, культработнікі яшчэ і прыхільнікі здаровага ладу жыцця, аб чым сведчыў спецыяльна падрыхтаваны відэаролік, які прымаў удзел у адпаведным абласным конкурсе і заваяваў высокую пазіцыю падчас інтэрнэт-галасавання.
Праз спецыяльна зняты жартаўлівы відэафільм віншавалі віноўнікаў урачыстасці і работнікі розных арганізацый. Праўда, ролю камунальнікаў, міліцыянераў, жывёлаводаў, прадаўцоў і прадстаўнікоў іншых сфер, дэманструючы выдатны артыстычны талент, выконвалі самі культработнікі.
Яны прызнаюцца, што абралі для сябе не самую лёгкую прафесію, ім часта даводзіцца пакідаць родны дом увечары, а ў святочныя дні без іх сумуюць другія палавінкі і дзеці. Але ўсё гэта згладжваецца словамі ўдзячнасці ад людзей, кампенсуецца апладысментамі гледачоў і ўсмешкамі гасцей!
Вольга КАМАРКОВА.
На здымках: граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; падарунак ад прафсаюза атрымлівае Н.Качынская.