Вокальный коллектив «Ушачаночка» — брэнд Ушачского района

Культура

Вакальны калектыў “Ушачаначка” стаў своеасаблівым творчым брэндам нашага раёна – практычна ніводнае значнае мерапрыемства не абыходзіцца без выступлення гэтых абаяльных жанчын у прыгожых бела-блакітных уборах ушацкага строю. Калегі па рабоце ў цэнтры культуры і народнай творчасці Святлана Муша, Валянціна Літвін і Марына Андзіна два гады таму паспрабавалі спяваць разам – атрымалася няблага!

“Калі напачатку былі прыціркі па галасах і ўменні чуць партыю адна адной, то зараз можам пачаць рэпетыцыю практычна адразу, сталі па-сапраўднаму адзіным цэлым, і пры гэтым кожная з удзельніц дадае калектыву пэўную фарбу, – знімаючы навушнікі, расказвае кіраўнік трыа Святлана Муша. – Валя, напрыклад, у нас піша вершы, я іх магу пакласці на музыку, шкада, што не маем пакуль моцнага камп’ютара, на якім пры дапамозе спецыяльнай праграмы можна было б рабіць “мінусоўкі”.

Менавіта ў студыі давялося мне пагутарыць з жанчынамі, зазірнуць “за кулісы” творчасці, убачыць, як дасягаецца лёгкасць і зладжанасць. Кожная з артыстак мае досыць шырокі дыяпазон ад першага сапрана да альта, таму ўсе песні выконваюцца трохгалоссем. Імкнуцца спявачкі да таго, каб іх нумары было цікава глядзець. У некаторых задзейнічаюць танцораў. Акрамя знешняга антуражу важна, каб прадукт быў якасны, а гук – актуальным у тым ліку для моладзі. Таму працуе “Ушачаначка” над народнымі песнямі ў сучаснай апрацоўцы, а таксама акапэльна, з пільнасцю ювелірнага майстра. Зараз у рэпертуары каля 50 нумароў, ёсць асобны эстрадны блок. На разнастайных абласных конкурсах гурт практычна заўсёды займае прызавыя месцы. Сярод апошніх дасягненняў – фестываль “Песні сунічных бароў” у Лёзне, дзе калектыў падтрымліваў сваю паэтэсу Валянціну. А таксама ўдзел у польскіх дажынках у горадзе Тамашуве-Мазавецкім, дзе ўсім вельмі спадабалася іх праграма з песнямі “Смачны мядок”, “Беларусь мая сінявокая” і іншымі. Падчас размовы Святлана ўзгадала, што ёй некалі давялося спяваць польскі матыў “Чырвоныя ягады”, і гэты нумар, канечне, быў вельмі добра прыняты слухачамі.

Шляхі трох жанчын павінны былі перакрыжавацца. У свой час Святлана прыехала ў наш раён адпачыць у санаторыі, дзе пазнаёмілася з будучым мужам. Як і даўно жадала, з’ехала з шумнага горада на вёску, зараз жыве ў Двор Пліне. Змяніла і прафесію: перайшла працаваць з гандлю ў сферу культуры. Наладзіліся выступленні “Ушачаначкі”, а яшчэ аўтаклуба – перасоўнай канцэртнай пляцоўкі, якую яна ўзначальвае. “Неяк займалася са спецыялістам па вакале. Ён мне сказаў, што не разумее, як утвараецца мой гук. Вынік на слых правільны, але па рухах маўленчага апарату ўсё не так”, – з усмешкай выдае свае вакальныя сакрэты Святлана Муша. Юрысконсульт ЦКНТ Валянціна Літвін увогуле мае вышэйшую эканамічную адукацыю і раней працавала ў “Райаграсэрвісе”. Жанчына выхоўвае трох сыноў, Святлана ж – дачку і сына. Усе дзеці ў рознай ступені імкнуцца сябе творча праявіць і нават спрабуюць у асобных нумарах аздобіць выступленне “Ушачаначкі”. Марына Андзіна ж пасля вучобы трапіла па размеркаванні ў адзін з сельскіх дамоў культуры нашага раёна, а пазней стала працаваць хормайстрам у гарпасёлку.

“Хочам папулярызаваць народную творчасць і гістарычную памяць сярод моладзі, займацца любімай справай і атрымліваць годны прадукт, які не сорамна было б паказаць любой публіцы. Адным словам, імкнёмся адпавядаць прыгожай назве нашага калектыву!” – кажуць удзельніцы трыа.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *