Подарок ушачским пациентам. В районной больнице появился новый ФГДС-аппарат

Общество

Больш двух стагоддзяў прайшло з таго моманту, як урачы ўпершыню паспрабавалі зазірнуць у недаступныя знешняму агляду органы чалавека з дапамогай адмысловых прыбораў. Паступова адбывалася іх удасканаленне – і цяпер уявіць сабе медыцыну без выкарыстання высокатэхналагічнага эндаскапічнага абсталявання ўжо немагчыма.

Правесці дыягностыку органаў стрававальнай сістэмы: страўніка, дванаццаціперснай кішкі, тоўстага кішэчніка і іншых ва Ушацкай ЦРБ можна было і раней. Праўда, наяўны ФГДС-апарат, ці прасцей кажучы, зонд маральна састарэў і патрабаваў замены. Пытанне набыцця новага такога абсталявання было ў бальніцы ў ліку прыярытэтных, аднак для яго вырашэння патрабаваліся сродкі (кошт апарата складае каля 20 тысяч еўра). Хутчэй зрабіць гэтую мару рэальнасцю дапамаглі даўнія сябры ўстановы – прадстаўнікі дабрачыннага фонду з амерыканскага штата Масачусэтс і грамадскага рэспубліканскага аб’яднання “Водгук”, старшынёй якога з’яўляецца ўраджэнка нашага раёна Людміла Пятроўна Казавая. Эндаскапічны апарат, які яны прывезлі на бягучым тыдні ва Ушачы, прайшоў у нашай краіне неабходную праверку і сертыфікацыю. Па словах намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы А.У.Кісялёва, ён дазволіць якасна і менш “адчувальна” праводзіць абследаванне пацыентаў, у тым ліку дзяцей. Апошняе дасягаецца дзякуючы меншаму дыяметру трубкі. “Цяпер ля кабінета, дзе праводзіцца эндаскапія, ушачане будуць менш хвалявацца”, – выказаў упэўненасць Даг Брэндл з ЗША.

Ну а ў дзіцячым аддзяленні панавала небальнічная атмасфера. Кожны з трынаццаці маленькіх пацыентаў атрымаў ад гасцей цацкі, цукеркі і мора пазітыву. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю ўслухоўваліся малышы ў словы амерыканца, як, трымаючыся адной ручкай за маму, нясмела наладжвалі з ім зносіны, разам малявалі. А калі адна дзяўчынка на пажаданне Дага хутчэй паправіцца і не трапляць больш у бальніцу прамовіла па-англійску “о’кэй”, то прывяла яго ў захапленне: “О, вы ведаеце мову не горш за мяне!”.

Пакуль жа Д.Брэндл гуляў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, Л.П.Казавая цікавілася ў галоўнага ўрача С.А.Маісеева станам спраў, у чым бальніца мае першачарговую патрэбу. І пэўныя задумы знайшлі станоўчы водгук. Таму трэба меркаваць, што гэты візіт гасцей са сталіцы і далёкай Амерыкі з дабрачыннай місіяй у наш раён не апошні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: А.Кісялёў, А.Шакута, С.Маісееў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *