Вопросы профилактики производственного травматизма и предупреждения чрезвычайных ситуаций рассматривали на сессии районного Совета депутатов

Cлужба-101 Саветы і жыццё

Сумесная работа Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і органаў мясцовага кіравання і самакіравання пярвічнага ўзроўню па папярэджванні надзвычайных сітуацый і гібелі людзей ад іх наступстваў стала першым пытаннем, якое разглядалася на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў. У яе пасяджэнні прыняў удзел дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і члены раённага выканаўчага камітэта, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Рыгоравіч Клобук, начальнік абласнога упраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Якаў Васільевіч Жулеў. Яго візіт таксама зразумелы, бо на сесіі разглядалася і яшчэ адна не менш важная тэма – прафілактыка вытворчага траўматызму і меры па ўмацаванні вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны, бяспекі вытворчай дзейнасці ў арганізацыях раёна. Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка справядліва зазначыла, што абодва пытанні адносяцца да ліку важнейшых, бо датычацца чалавека.

Начальнік РАНС Сяргей Яўгенавіч Аваднёў паведаміў, што ва Ушацкім раёне на сённяшні дзень створана дзейсная сістэма папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Адпаведная камісія пры райвыканкаме каардынуе работу, у якой задзейнічаны сілы і сродкі райбальніцы, РАУС, УП ЖКГ, ДРБУ-105, раёнаў электрычных сетак, газазабеспячэння, прадпрыемства меліярацыйных сістэм і іншых.

З 2013 года па ініцыятыве РАНС прынята 27 рашэнняў райвыканкама, падпісана 38 распараджэнняў па розных напрамках дзейнасці, праведзена 34 пасяджэнні камісіі, дзе разгледжана 71 пытанне. Вынікам выканання арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў стала павышэнне ўзроўню гатоўнасці органаў кіравання па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароне, што дазваляе аператыўна і станоўча ўплы­ваць на сітуацыю ў раёне.

Так, за апошнія два дзесяцігоддзі на Ушаччыне з усіх відаў надзвычайных сітуацый адбываліся толькі пажары, назіраецца стабільная тэндэнцыя зніжэння іх колькасці, гібелі людзей у агні. На сённяшні дзень у раёне зарэгістравана 12 пажараў – не дапушчаны іх рост. Загінула 2 чалавекі, агнём знішчана або пашкоджана маёмасць на суму каля 170 тысяч рублёў. Аналіз паказаў, што прычынамі пажараў з’яўляліся неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання і печаў.

У вясенні час дзякуючы мерапрыемствам спецыяльнага месячніка ўдалося пазбегнуць пажараў з-за палаў сухой расліннасці. Наогул, і гэта адзначылі ўсе ўдзельнікі пасяджэння, райаддзелам МНС праводзіцца вялікая прафілактычная работа ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян: падчас 197 сельскіх сходаў, 124 выступленняў у працоўных калектывах, выратавальнікі частыя госці ва ўстановах адукацыі раёна. Выкарыстоўваюцца розныя формы, у тым ліку фота і відэаматэрыялы з месцаў здарэнняў. Дарэчы, удзельнікі сесіі на яе пачатку таксама праглядзелі відэаролік абласнога ўпраўлення МНС, пасля чаго ў некаторых на вачах блішчэлі слёзы – нельга раўнадушна назіраць за горам людзей, якія страцілі блізкіх, асабліва малых дзяцей. І калі, напрыклад, немагчыма прадугадаць удар маланкі, то большасці сітуацый можна было б пазбегнуць. Для гэтага патрэбна не так і многа – не пакідаць непаўналетніх дома адных, выконваць элементарныя правілы бяспекі.

Сумесна з зацікаўленымі службамі здзейснены 161 рэйд, вядзецца індывідуальная прафілактычная работа ў адносінах бацькоў, якія неналежным чынам выконваюць свае абавязкі. У 150 мерапрыемствах у рамках рэспубліканскіх прафілактычных акцый прыняло ўдзел каля 4,5 тысячы чалавек. Вучоба па пажарна-тэхнічным мінімуме арганізавана для звыш 100 работнікаў гаспадарак, 112 чалавек праінструктаваны. Па выніках рэйдаў прапанавана 48 супрацьпажарных мерапрыемстваў.

Але іх выкананне ў многіх выпадках становіцца галаўным болем толькі супрацоўнікаў службы, а не кіраўнікоў арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў. Між тым менавіта аб’екты гаспадарак выклікаюць асаблівую трывогу, хаця для выканання большасці супрацьпажарных мерапрыемстваў не патрабуецца значных фінансавых сродкаў. Неабходна звярнуць увагу і на стан пажарнай бяспекі ў ведамасным жыллёвым фондзе. Цяжкасці ў прафілактычнай рабоце ствараюць і адсутнасць каардынацыі, паслядоўнасці дзейнасці пажарна-тэхнічных камісій і добраахвотных пажарных дружын прадпрыемстваў, а часцяком і фармальнасць іх існавання. З гэтай прычыны не праводзяцца своечасовыя праверкі стану вытворчых аб’ектаў з вялікімі матэрыяльна-тэхнічнымі каштоўнасцямі і ведамаснага жылфонду, дзе знаходзіцца самае вялікае багацце – работнікі і члены іх сямей.

Зрэшты, пажары – толькі адна з прычын гібелі людзей ад знешніх выпадкаў, другая па колькасці ў краіне пасля дарожна-транспартных здарэнняў. Разам з тым Беларусь утрымлівае сумнае лідарства ў свеце па гібелі людзей на пажарах на 100 тысяч насельніцтва. Усяго ж у краіне ад атручвання алкаголем, ядавітымі рэчывамі, самагубстваў, ДТЗ, утапленняў, пажараў, падзення з вышыні, механічных удушванняў і шмат чаго іншага зыходзіць з жыцця каля 10 тысяч чалавек – насельніцтва сярэдняга райцэнтра!

Любая сітуацыя, якая пагражае жыццю і здароўю людзей – ужо надзвычайная. А ўмовам іх узнікнення на тэрыторыі раёна, на жаль, спрыяюць многія фактары: неабазначаныя ў населеных пунктах вадаёмы, калодзежы, кар’еры, неабсталяваныя месцы для купання, трухлявыя дамы і невыкарыстоўваемыя, са свабодным доступам будынкі, няспраўныя электрапрыборы, газавае абсталяванне, сухая расліннасць і гаручыя матэрыялы на прыдамавой тэрыторыі і многае іншае. Таму да пытанняў бяспекі жыццядзейнасці людзей трэба падыходзіць комплексна, забяспечыць якасную работу міжведамасных груп па вывучэнні стану жылфонду, павышаць ролю ў гэтай рабоце пунктаў аховы правапарадку, грамадскасці.

За 2016 год і студзень-жнівень бягучага няшчасных выпадкаў, а таксама пажараў і дарожна-транспартных здарэнняў, звязаных з вытворчасцю, не зафіксавана. Аб гэтым падчас абмеркавання другога пытання паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская. Безумоўна, гэтаму садзейнічаюць прыняцце граматных кіраўніцкіх рашэнняў у рамках Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады, зацверджанай рашэннем раённага Савета дэпутатаў, планы мерапрыемстваў па рэалізацыі падпраграмы “Ахова працы” і палажэнняў Дырэктывы №1, дзейнічае раённая камісія па ахове працы.

На тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці, паляпшэнне ўмоў на “шкодных” месцах арганізацыямі раёна ў першым паўгоддзі зрасходавана 16700 рублёў, за шэсць месяцаў бягучага года аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне прайшлі 21 работнік арганізацый раёна. Я.В.Жулеў пракаменціраваў рост выпадкаў смерці на рабочых месцах з-за праблем са здароўем: “У пазамінулым годзе на працы памерла 20 жыхароў Віцебшчыны, за мінулы – 25, сёлета – ужо 34. Лічбы сведчаць аб тым, што людзі абыякава ставяцца да свайго здароўя, трэба задумацца і пра якасць праходжання планавых медыцынскіх аглядаў”.

Не меншае значэнне адводзіцца і стварэнню належных санітарна-бытавых умоў. Пры ўсіх фінансавых цяжкасцях работа ў дадзеным напрамку праводзіцца – у бягучым годзе адрамантавана гардэробная ва Ушацкай ЦРБ, абноўлены вугалок па ахове працы ў КУСГП “Вялікадолецкае”, праведзена рэканструкцыя санітарна-бытавых памяшканняў на МТФ “Сержаны” ў ААТ “Ільюшынскі”.

Ва ўсіх арганізацыях раёна, дзе павінны быць вызваленыя спецыялісты па ахове працы, такія вакансіі заняты. За студзень-жнівень 2017 года ў раённай камісіі па пытаннях аховы працы павысілі кваліфікацыю і прайшлі праверку адпаведных ведаў 28 чалавек. На асаблівым кантролі знаходзіцца пытанне ўкаранення сістэмы кіравання аховай працы ў 9 арганізацыях з колькасцю работнікаў звыш 100, у чацвёртым квартале запланавана яе ўдасканаленне ў райспажыўтаварыстве і ПМК-66.

Належным чынам арганізавана інфармацыйнае забеспячэнне па пытаннях аховы працы. Толькі за 2017 год у нашай газеце і ў эфіры раённага радыё арганізавана каля 60 выступленняў па прафілактыцы п’янства на працоўных месцах і на транспарце, аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі і тэхнікі бяспекі, інфармацый аб выніках рэйдаў па праверцы стану працоўнай дысцыпліны ў калектывах. За студзень-жнівень у арганізацыі накіравана 14 інфармацыйных лістоў, аказана 28 кансультацый па пытаннях выканання заканадаўства аб ахове працы, праведзена 5 семінараў з удзелам звыш 200 чалавек.

Для аналізу стану спраў, высвятлення прычын парушэнняў праведзена 3 пасяджэнні камісіі. У ходзе іх месячнікаў і дзён бяспекі працы выяўлена 296 парушэнняў, з якіх 80 працэнтаў выпраўлены ў ходзе правядзення мерапрыемстваў, бо не патрабавалі ўкладання матэрыяльных сродкаў.

Вынікова працуе мабільная група па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі па пытаннях аховы працы. Яе члены за восем месяцаў бягучага года наведалі і абследавалі 46 арганізацый раёна ўсіх сфер дзейнасці. Выяўлена і рэкамендавана для ўхілення 543 парушэнні. Асаблівая ўвага надаецца пытанням правядзення перадзменных медыцынскіх аглядаў супрацоўнікаў, якія выконваюць работы з павышанай небяспекай. Ад работы былі адхілены рабочыя ў стане алкагольнага ап’янення, тыя, хто не прайшоў інструктаж, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы, не выкарыстоўвалі сродкі індывідуальнай аховы. Факты з’яўлення на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення выяўлены ў “Ільюшынскім”, УП ЖКГ Ушацкага раёна, райспажыўтаварыстве. За распіццё спіртных напіткаў у рабочы час або па месцы працы скасаваны кантракты з 6 работнікамі.

Вынікі праведзеных абследаванняў паказваюць, што нягледзячы на пастаянную работу кіраўнікамі арганізацый не ў поўнай меры забяспечваецца выкананне заканадаўства аб ахове працы. Недастаткова ўвагі ўдзя­ляецца навучанню работнікаў бяспечным метадам і прыёмам працы, правядзенню інструктажаў і праверак ведаў. Амаль ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна зафіксаваны факты допуску да выканання работ, у тым ліку з высокім узроўнем небяспекі і складанасці, работнікаў без адпаведных ведаў, інструктажу. У ААТ “Агра-Селішча”, Дземенец”, “Ушацкі райаграсэрвіс”, КУСГП “Кублічы”, “Глыбачаны” інструкцыі па ахове працы, па якіх праводзіцца інструктаж, не адпавядаюць патрабаванням нарматыўных актаў. Нізкая забяспечанасць спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай аховы ў “Кублічах”, “Агра-Селішчы”, “Глыбачанах”, “Райаграсэрвісе”. Праблемай з’яўляецца і адсутнасць дзейснага кантролю з боку адказных асоб і службы аховы працы прадпрыемстваў. Журналы вядуцца з парушэннямі, зафіксаваны шматлікія факты парушэнняў правілаў электрабяспекі: выкарыстання праводкі з пашкоджанай ізаляцыяй і наогул без яе, на многіх фермах адсутнічае агароджа прыямкаў гноевыдалення. Ды і само абсталяванне МТФ некаторых гаспадарак ніяк не адпавядае правілам бяспекі.

Звыклай стала карціна, калі пры рамонце шматтонная тэхніка ставіцца не на  металічныя падстаўкі, а на калодкі, цэглу, скрыні і іншыя няўстойлівыя матэрыялы, пры работах на вышыні выкарыстоўваюцца драўляныя пераносныя лесвіцы, на якія страшна станавіцца – да бяды літаральна адзін крок. Газазварачнае абсталяванне эксплуатуецца без выпрабаванняў, з няспраўнасцямі, зафіксаваны шэраг розных парушэнняў, звязаных з захоўваннем і эксплуатацыяй абсталявання, машын і механізмаў.

Для стымулявання наймальнікаў і калектываў па стварэнні здаровых і бяспечных умоў праводзіўся агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы за 2006 год. Ушацкая ЦРБ стала пераможцам сярод арганізацый невытворчай сферы, сярод арганізацый вытворчай з колькасцю працаўнікоў да 100 чалавек лепшым прызнана ДРБУ-105, са штатнай колькасцю звыш 100 работнікаў – ААТ “Ільюшынскі”. Трэба сказаць, што ў калектыўных дагаворах многіх арганізацый і ўстаноў прадугледжаны меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў за захаванне імі патрабаванняў аховы працы, але на практыцы яны выкарыстоўваюцца ў адзінкавых выпадках.

Пастаянна ажыццяўляецца кантроль за захаваннем работнікамі арганізацый раёна працоўнай дысцыпліны. За восем месяцаў бягучага года да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 117 чалавек, з іх: 96 – за прагулы, за сістэматычныя прагулы звольнена 8 чалавек.

Актыўна ішло абмеркаванне рашэнняў, прымаемых па агучаных пытаннях. Яно і не дзіўна, бо тэмы датычацца ўсіх. С.А.Даніловіч адзначыў плённае супрацоўніцтва падраздзяленняў МНС і лясгасаў Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання, якое ён узначальвае – сёлета са 155 лясных пажараў у рэспубліцы на Віцебшчыну прыйшлося ўсяго чатыры. А.Р.Клобук са станоўчага боку характарызаваў работу раённай камісіі па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, заклікаў кіраўнікоў арганізацый з адказнасцю ставіцца да пытанняў бяспекі і не чакаць моманту, калі “грымне гром”. Старшыня райвыканкама запатрабаваў выключыць з работы камісій пры райвыканкаме і камісій арганізацый і мабільных груп факты фармалізму, шукаць новыя формы і метады прафілактыкі, кіраўніцтву прадпрыемстваў і ўстаноў планаваць сродкі на стварэнне бяспечных і годных умоў працы і выкарыстоўваць іх па прызначэнні: “Гэта жыццё і здароўе людзей!”. У цэлым сістэма выстраена, робіцца многае, але аналіз выканання мерапрыемстваў заслугоўвае больш пільнай увагі, як і кантроль за іх выкананнем, у тым ліку і на прамежкавых этапах. “Толькі тады можна эфектыўна і граматна прымаць неабходныя рашэнні, станоўча ўплываць на сітуацыю” – канстатавала В.М.Захарэнка.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *