День Независимости на Ушаччине

Общество

Кожны год у жыцці незалежнай краіны – Рэспублікі Беларусь, яшчэ адна кропка ў гісторыі. Слаўнай сваімі людзьмі, іх гераічным мінулым дзеля нашага сёння.
У гэты дзень мы ўслаўляем тых, хто 3 ліпеня 1944 года вызваляў Беларусь ад фашысцкай навалы, хто адбудоўваў зруйнаванае вайной, а сёння сваёй працай стварае сапраўды незалежную краіну.
Не па загадзе – па імкненні душы ідзём мы, каб яшчэ раз пакланіцца нашым дзядам і бацькам, ускласці кветкі і вянкі да магіл вядомых і невядомых герояў Вялікай Айчыннай.
На пачатку святкавання гэтай падзеі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь пранёс над плошчай райцэнтра верталёт, а затым нябесную вышыню расквецілі парашутысты, і нават першы парашут быў колеру сцяга краіны.
Згодна Указа Прэзідэнта краіны, на кожнае дзяржаўнае свята ўрачыста выносіцца вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. І сцяганосцы – ужо ўнукі і праўнукі тых, хто адстаяў незалежнасць краіны.
Вельмі сімвалічна, што на ўрачыстым шэсці ўслед за Вымпелам бачыліся сцягі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гэта знак таго, што ў краіны ёсць сённяшняе і будучае.
Калона ўшачан перш накіравалася да помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Першымі вянок усклалі старшыня раённага выканаўчага камітэта А.А.Кавалёнак і старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В. Пашковіч. Да магіл ляглі вянкі ад прадстаўнікоў працоўных калектываў, а ветэраны прынеслі жывыя кветкі тым, з кім змагаліся з ворагам побач, хто аддаў свае жыцці за нашае сёння.
Традыцыйны мітынг прайшоў і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Выступаючы на ім, старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч адзначыла, што барацьба за вызваленне ад фашызму вызначыла лепшыя рысы нацыянальнага беларускага характару – патрыятызм, любоў да свабоды, веру і аптымізм, якія дапамаглі і дапамагаюць пераадольваць любыя цяжкасці. Менавіта дзякуючы гэтаму мы дастойна вытрымалі выпрабаванні вайны, перажылі чарнобыльскую катастрофу, геапалітычную трагедыю развалу СССР, абралі і адстаялі свой шлях развіцця.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў яна павіншавала ўсіх з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 66-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Аб тым, як мы шануем мінулае і ўслаўляем, умацоўваем сённяшняе, гаварылі на мітынгу прадстаўнік раённай ветэранскай арганізацыі, Заслужаны настаўнік БССР І.С.Кулага, ад імя моладзі Н.Закрэўская.
…Хвіліна маўчання, і зноў вянкі і кветкі да мемарыяльных пліт.
А ў гэты час у райцэнтры былі разгорнуты атракцыёны, дзе свята адзначалі дзеці, працавалі гандлёвыя рады.
Акцыя “Спяём Гімн разам” стала лагічным завяршэннем святкавання.
Удзячныя ўшачане чакалі ў раённым Доме культуры тых, хто сваёй дастойнай працай заслужыў павагу быць занесеным на раённую Дошку гонару. Кіраўнікам сямі працоўных калектываў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.А.Кавалёнак уручыў пасведчанні аб гэтым, а лепшыя людзі раёна атрымалі каштоўныя падарункі і кветкі.
– Ваша любоў да працы, заслугоўвае вялікай удзячнасці,– казаў ён.
У дапаўненне пажадаў, каб яна прыносіла задавальненне і дабрабыт у кожнай сям’і.
На здымках: урачыстасць у райцэнтры; віншавальны адрас і каштоўны падарунак атрымлівае Ганна Восіпаўна Машчонак – начальнік аддзялення паштовай сувязі Селішча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *