Банальны крадзёж

Закон - один для всех

 

 

У верасні ва Ушацкі РАУС паступіла паведамленне аб крадзяжы тавараў з магазіна в.Царкавішча. Работнікі міліцыі аператыўна адрэагавалі на інфармацыю і даволі хутка ім удалося ўстанавіць злодзея. Ім аказаўся жыхар вёскі Ідута 39-гадовы беспрацоўны Віктар Марозаў.

20 верасня бягучага года каля 22.00 В.Марозаў у стане поўнай свядомасці задумвае абрабаваць магазін. Узяўшы з дому лом і мяшок, ён сеў на веласіпед і паехаў да жаданага аб’екта. Узламаў ломам замок, зайшоў у гандлёвую залу і… браў усё, чаго душа жадала. А жадала яна перш за ўсё спіртнога. Вось таму ў мяшок пачалі складацца гарэлка і віно розных відаў, каньякі, лікёры, піва. Потым ужо дайшла чарга да прадуктаў харчавання: гарбата, тушонка, цукеркі і іншае, усяго на суму 907 867 рублёў. Усім нарабаваным распарадзіўся па ўласным меркаванні.

Суд прызнаў В.Марозава вінаватым у крадзяжы і на падставе ч.1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь назначыў яму пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ тэрмінам на 240 гадзін. Вырашана спагнаць з В.Марозава на карысць Ушацкага райспажыўтаварыства.

Жыхар в.Глыбачка Глыбачанскага сельсавета Юрый Сялькоў за свае 48 гадоў ужо паспеў чатыры разы трапіць на лаву падсудных. Апошняя судзімасць была ў 2007 годзе. Толькі жыццёвы ўрок не пайшоў яму на карысць. Сваім сябрам ён абраў аднавяскоўца, 50-гадовага Яўгена Кісялёва з такой жа колькасцю судзімасцяў у сваім жыццёвым актыве. Абодва беспрацоўныя, аматары спіртнога, яны зноў не ўтрымаліся ад жадання пажыць за чужы кошт.

14 жніўня бягучага года па папярэдняй дамоўленасці, якая па традыцыі адбывалася за чаркай “зялёнага змія”, Кісялёў і Сялькоў вырашылі пайсці “на дзела”. Аб’ектам стала паветка аднавяскоўца. Узламалі замок і вынеслі адтуль гаспадарскія нарыхтоўкі на зіму: варэнне, марынаваныя агуркі і іншае на агульную суму 120200 рублёў.

1 верасня Сялькоў пайшоў “на дзела” ўжо адзін. Прыняўшы для храбрасці пэўную дозу, ён літаральна на вачах у гаспадыні суседняй вёскі вынес са двара дзве яе курыцы.

У адпаведнасці з прыгаворам суда Сялькову назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў папраўчай калоніі строгага рэжыму, а Кісялёву – на адзін год і шэсць месяцаў. Да Сялькова будзе таксама прыменена прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *