В их душе всегда весна. В Ушачах прошло праздничное мероприятие, посвящённое Дню пожилых людей

Общество

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей, ладзіцца ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці кожны год. Для маладога пакалення гэта магчымасць сказаць словы ўдзячнасці  старэйшым, а для віноўнікаў урачыстасці – не толькі адпачыць душой, а і сустрэцца разам.

– Бацюшкі, колькі моладзі сабралася! – пазітыўна павітаў гледачоў у зале Васіль Антонавіч Стрыжонак, які не прапускае падобных мерапрыемстваў. І сапраўды, называць пажылымі тых, хто прыйшоў разам правесці час на канцэрце, не хочацца, больш падыходзіць трапнае – маладыя людзі сталага ўзросту.

Са шчырымі словамі віншаванняў і ўдзяч­насці за баявыя і працоўныя подзвігі звярнуўся да ўсіх прысутных старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. “Гэта дзень мудрых людзей, ні ў якім разе не напамін аб узросце, а магчымасць сказаць вам добрыя словы за вашу цеплыню, гады, адданыя працы, сілу духу і актыўнасць. Вы аб’ядноўваеце пакаленні, дай Бог сучаснай моладзі зрабіць столькі, колькі зрабілі вы”, – адзначыў Уладзімір Генадзьевіч.

Сёння на Ушаччыне пражывае 5037 пенсіянераў, а гэта больш трэці ад агульнай колькасці насельніцтва, з іх большая частка – людзі ад 60 да 69 гадоў. Пажылым удзяляецца асаблівая ўвага – пастаянна праводзяцца абследаванні матэрыяльна-бытавых умоў, супрацьпажарнага стану жылля, для вырашэння надзённых бытавых пытанняў працуе аддзяленне тэрміновага абслугоўвання ТЦСАН. 87 сацыяльных работнікаў дапамагаюць амаль 600 пажылым людзям у розных кутках раёна. У гурткі па інтарэсах іх запрашае аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН у Градзянцы.

Многія ўшачане і на заслужаным адпачынку прадаўжаюць актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, неабыякава адносяцца да ўсяго, што адбываецца ў іх населеных пунктах. Напрыклад, Тамара Іванаўна Макрыдзіна з’яўляецца старшынёй ветэранскай “пярвічкі” і старэйшынам вёскі Жары, “хварэе” за пытанні добраўпарадкавання і арганізоўвае суботнікі, першы памочнік старшыні мясцовага сельвыканкама ў вырашэнні вясковых пытанняў. Значны ўклад у развіццё ветэранскага руху ўносяць таксама і старшыні ветэранскіх “пярвічак” жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Леанідаўна Шлюбская і Надзея Лукінічна Качынская. За актыўную жыццёвую пазіцыю ім былі аб’яўлены Падзякі старшыні райвыканкама.

Другую частку мерапрыемства па добрай традыцыі ўзялі ў свае рукі ўдзельнікі хору народнага клуба “Ветэран”. “Мы ўступілі ў прыгожую пару года, а таму вырашылі назваць сваё выступленне “Асенняе падарожжа на караблі жыцця”, – адзначыла нязменны кіраўнік калектыву Іна Сяргееўна Клімава.

– Якія ўборы прыгожыя, ветэраны ўсе блішчаць! – з розных бакоў залы чуліся водгукі, калі на сцэну выйшлі ўдзельнікі хору – у гэты святочны дзень яны ўпершыню выступалі ў новых, спецыяльна пашытых для іх касцюмах.

Як лірычныя, так і вясёлыя песні суправаджаліся працяглымі апладысментамі гледачоў. Дарэчы, парадавалі іх не толькі харавымі, а і сольнымі выступленнямі, таксама ўсім спадабаліся вясёлыя гумарэскі, вершы. А яшчэ ветэраны лічаць, што каб быць бадзёрымі, не трэба сядзець дома, сумаваць і прыслухоўвацца, дзе што баліць, тым больш што ёсць нямала магчымасцей для правядзення вольнага часу.

Канцэрт атрымаўся насычаным і шчырым. Пажылыя людзі пачулі шмат прыемных слоў, якія прымусілі ў чарговы раз задумацца, што не важна, якая лічба ў пашпарце, галоўнае – што ў чалавека ў душы. Няхай жа асенняе падарожжа ўсіх пажылых людзей Ушаччыны будзе доўгім, залатым і актыўным!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *