В первые выходные октября традиционно поздравления принимают учителя

К профессиональному празднику

Ёсць у нашай краіне добрая традыцыя – адзначаць прафесійныя святы, ушаноўваць майстроў сваёй справы. У першую нядзелю кастрычніка віншаванні прымаюць педагогі – усе, хто мае дачыненне да аду­кацыі і выхавання. Гэтае свята, шчодра аздобленае кветкамі, шчырымі вучнёўскімі і бацькоўскімі падзякамі, закранае амаль кожнага. Напярэдадні яго мы пагутарылі з намеснікам начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Таццянай Уладзіміраўнай ШАРЫПЕНКА:

У сістэме адукацыі, як і ў іншых галінах, вызначальным з’яўляецца  кадравае забеспячэнне. Як сёння ўкамплектаваны ўстановы адукацыі?

– На сённяшні дзень праблем з кадрамі ў нас няма. Большасць настаўнікаў і выхавальнікаў маюць профільную адукацыю, вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.

У якіх мерапрыемствах абласнога ўзроўню, пра якія мы яшчэ не расказвалі чытачам, удзельнічалі педагогі Ушаччыны?

– Настаўнікі Ільюшынскай і Вяркудскай школ прынялі ўдзел у чытаннях “Педагагічная спадчына В.Зянькоўскага: духоўна-маральнае выхаванне асобы ў свеце ідэй хрысціянскай антрапалогіі”. Сваім вопытам па актуальных пытаннях прафарыентацыйнай работы дзяліліся А.Л.Пятко, Г.М.Сарокіна, Г.В.Казлова, В.Д.Сідарчук. Выніковым стаў удзел С.Д.Галай і Г.В.Казловай у абласным этапе ХVІІ рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту.

Мяркую, што ў настаўнікаў раёна ёсць і асабістыя перамогі?

– Канечне, іх шмат! Так, напрыклад, дыпломам лаўрэата абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Кіраўнік года-2016” у намінацыі “За працяг педагагічнай дынастыі” адзначана дырэктар Вялікадолецкай школы Р.Л.Аніскевіч. Па прапанове Інстытута імя Гётэ ў Мінску настаўніца нямецкай мовы Ушацкай школы Т.І.Гардзіёнак удзельнічала ў адукацыйным кангрэсе і семінары па пытаннях методыкі выкладання замежных моў у Германіі. Вопытам сваёй работы на рэспубліканскім і нават міжнародным узроўнях дзяліліся дырэктар Арэхаўскай школы Л.А.Булаўка, настаўнікі фізікі і біялогіі Ушацкай школы В.М.Герцык і В.А.Жыткая, настаўнік-дэфектолаг гэтай жа ўстановы І.Г.Цітова.

Ці будуць уводзіцца новыя формы работы, рэалізоўвацца адукацыйныя праекты?

– На базе Глыбачанскай дзіцячага сада-сярэдняй школы сёлета адкрыта гульнявая пляцоўка для дзяцей дашкольнага ўзросту. З верасня 2016-га адноўлена работа “Матчынай школы” пры яслях-садзе №4 г.п.Ушачы. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі рэалізуюцца два абласныя творчыя праекты па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў праз гульнявыя дапаможнікі Кюізенэра і Дзьенэша. З 1 верасня на базе Арэхаўскай школы пачалася рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця з мэтай фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў”. У дзеянні зараз і чатыры абласныя творчыя праекты па фарміраванні грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў.

– Да прафесійнага свята звычайна адзначаюцца лепшыя…

– Так, сёлета Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны Л.А.Булаўка, В.М.Тычына, І.Г.Цітова, Г.Ф.Струй, Г.В.Казлова, В.П.Котаў, В.М.Шышоў, У.Л.Хамёнак; Ганаровай граматай абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі – Л.П.Осіпава, а Падзяка старшыні цэнтральнага камітэта названага грамадскага аб’яднання аб’яўлена М.В.Варава; Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначаны 21 педагог.

Дзень настаўніка – заўсёды хвалюючае свята для ўсіх, хто вучыць і вучыцца. Няхай новы навучальны год будзе ўдалым, плённым, зробіць ваша жыццё больш цікавым і радасным.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *