Работники Ушачского лесхоза наблюдают за порядком в лесу с помощью современных технологий

Общество

Каля 100 чалавек ва Ушацкім лясгасе штодзённа займаюцца адным з прыярытэтных накірункаў працы – дбаюць пра ахову і абарону лесу. Гэта і абходы, усталяванне шлагбаумаў, рамонт супрацьпажарных палос, таксама назіранне і ферамонны (супрацьпаразітарны) маніторынг, недапушчэнне пашкоджанняў лясной расліннасці, палаў і стыхійных сметнікаў.

Разам з традыцыйнымі метадамі лесаводам дапамагаюць апошнія тэхналогіі, якія дазваляюць хутчэй рэагаваць на сітуацыі, калі бяспека лесу раптам апынецца пад пагрозай. На шасці вышках у Касарскім, Вялікадолецкім, Кубліцкім, Сарочынскім, Глыбачанскім лясніцтвах і непасрэдна ва Ушачах працуе відэаназіранне. Камеры паварочваюцца па коле і дзякуючы вышыні абстаноўку можна ўбачыць у радыусе да 50 кіламетраў. А сёлета стала магчымым патруляванне ляснога фонду з дапамогай квадракоптара ці дрона – невялікага лятальнага апарата з відэакамерай, які звязваецца з планшэтным камп’ютарам і трансліруе выяву на яго экран. Вышыні, напрыклад, усяго ў 80 метраў і аддаленасці прыблізна ў 70-100 метраў хапае, каб убачыць як на далоні значны ўчастак тэрыторыі. Дзякуючы даволі дарагому абсталяванню (5000 рублёў), у гэтым годзе ўдалося заўважыць і ліквідаваць ачаг загарання. Прылада надзвычай карысная і пры густым задымленні, назіранні  за дзікай  жывёлай, а зусім нядаўна выкарыстоўвалася нават пры пошуках чалавека, які заблукаў у лесе.

Больш пажараў ды іншых інцыдэнтаў у небяспечны перыяд, а гэта ад сходу снегу і да сезона шчодрых асадкаў, не было. Аднак у лясгасе заўсёды  напагатове чатыры пажарна-хімічныя станцыі рознай аснашчанасці, дапаўняюць іх чатыры пункты супрацьпажарнага інвентару.

Каардынуе большасць з прыгаданых мерапрыемстваў інжынер па ахове і абароне лесу Іван Сяргеевіч Шугалей. Малады спецыяліст прыйшоў у сферу паўтара гады таму пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа. Спачатку працаваў майстрам ляснога пітомніка, а зараз сумяшчае цяперашнюю пасаду з абавязкамі інжынера-лесапатолага. Пры дапамозе пастак з ферамонавымі прэпаратамі ўшацкія лясы ахоўваюцца ад шкоднікаў і хвароб: караеда-тыпографа, зімняй пядзеніцы, зялёнай дубовай ліставёрткі ды каранёвай  губкі. Дарэчы, падчас нашай размовы высветлілася, што паступіла чарговая  партыя лекаў.

Але не толькі ад пажараў і лясных шкоднікаў даводзіцца абараняць зялёнае багацце раёна – наносіць яму шкоду і насельніцтва. У асноўным людзі парушаюць заканадаўства незаконнымі высечкамі лесу, утварэннем стыхійных сметнікаў. З пачатку года было зафіксавана чатыры выпадкі, два з іх дапамаглі засведчыць камеры ў лесе – каля трох гадоў таму ва ўсіх сямі лясніцтвах раёна  было ўстаноўлена па адной фотапастцы. Прылада спрацоўвае на рух і адразу фіксуе  здымак, можа  здымаць і відэа, але гэта функцыя пакуль не запатрабавана. Уся інфармацыя захоўваецца на картках памяці, раз у тыдзень яе апрацоўваюць. У планах – набыццё фотапасткі, якая пасля здымкі імгненна дасылае інфармацыю на мабільную прыладу спецыяліста.

Вольга СЕВЕРЫНА.

На здымку: І.Шугалей і галоўны ляснічы А.Апёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *