Самы сенакос, самыя палявыя работы ў вяскоўцаў – у чэрвені. Клапатлівая, але і прыгожая пара. Менавіта ў такі разгар лета і нарадзіўся хлопчык, якому наканавана было стаць народным паэтам, адметным грамадскім дзеячам. Было гэта 105 гадоў таму ў аддаленай ад усіх бойкіх дарог вёсцы Пуцілкавічы. Недумалі, не гадалі бацькі і суседзі, якіх вышыняў дасягне Пятрусь.А ён дасягнуў. І ва ўсёй Беларусі ведаюць Петруся Броўку, аддаюць даніну памяці, наведваючыся ў хату-музей, што ў Пуцілкавічах. У дзень 105-годдзя Пятра Усцінавіча завіталі туды і мы, удзельнікі раённага свята, прысвечанага даце.
Загадзя прыйшлі ў хату-музей Міхаіл Леанідавіч Сыс, які ў ім працуе, а таксама чатыры сястры-прыгажуні з сям’і Мацуткевічаў. Усе яны дарослыя, больш таго, некаторыя ўжо на пенсіі. А ўспаміны ў іх незвычайна жывыя, цікавыя.
– З Пятром Усцінавічам нават перасякаюцца нашы роднасныя сувязі, – расказвалі жанчыны. – Наша маці, Міхаліна Іванаўна, з’яўлялася стрыечнай сястрой Анастасіі Юльянаўны, такой жа роднай паэта па другой лініі, якая была сведкай гібелі ў Асвенціме яго маці.
– Якія ж добрыя ўспаміны пакінуў Пётр Усцінавіч, – працягвалі мае субяседніцы. – Бывала, прыедзе (а прыязджаў штогод), абавязкова наведаецца да нас, спытае: “Як ты, Міхалінка, жывеш?” Мы яго заўсёды так чакалі, бяжым насустрач. А ён нам накупляе цукерак, ліманаду шмат. Во ўжо радасці было.
– І да бабы Насці наш паэт заўсёды заходзіў, у музеі яны разам сфатаграфаваны, здымак на ўваходзе злева, – працягвалі сёстры з Пуцілкавіч. – Бясконца хацеў слухаць пра тое, як яна была разам з яго маці ў канцлагеры. А тая заўсёды з добрым сэрцам сустракала. Як толькі яно вытрымлі- вала, сама здзіўлялася. На яе ж вачах у Асвенціме сына спалілі ў печы. Больш дзяцей не было ніколі. І яе халоднай вадой аблівалі, здзекаваліся.
– Свае новыя творы Пётр Усцінавіч чытаў перш за ўсё мясцовым жыхарам, – працягвалі яго аднавяскоўцы. – Асабліва ўразіла паэма “Голас сэрца”, прысвечаная маці… Памятаем прыезд Рыгора Барадулі- на, які спяваў “Перапёлачку”. Гасцей звычайна сустракалі клёцкамі.
У такім месцы, дзе паэзіяй прасякнута паветра, справа вершаскладання не магла спыніцца на Петрусю Броўку. Вось і сярод чатырох дарослых сясцёр сям’і Мацуткевічаў, якія даўно сталі гараджанкамі, дзве займаюцца паэзіяй, праўда, “для сябе”. Тамара Семянюк (па мужу), якая жыве ў Мінску, расказала працяглы верш на беларускай мове пра вясковую з’яву: радоўку. Столькі ў ім пазнавальнай дакладнасці, такая любоў да звыклага. Мяне проста ўразіла. Таму, калі пазней далі слова, я гаварыла прозай. Тым больш, паэзіі на свяце гучала нямала.
У сценах хаты-музея вёў экскурс М.Л.Сыс. Вучні Вялікадолецкай сярэдняй школы, якія прыехалі на мерапрыемства на чале з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Нінай Канстанцінаўнай Спірыдовіч, дэкламавалі вершы Петруся Броўкі. Гучалі яны і пазней.
Урачыстую частку падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось. Вядучай была бібліёграф Галіна Пятроўна Талстая. Яна прадстаўляла ўдзельнікаў. Іна Клімава і Ганна Краўчонак выконвалі песні на тэксты розных аўтараў, у тым ліку Валерыі Міхно з гарпасёлка. Свае вершы расказала яна, а таксама Тамара Барадзёнак. На свяце прысутнічалі дзеці, якія адпачывалі ў аздараўленчым лагеры“Турасполле”, іх прывезла на свята Лілія Браніславаўна Шах. З захапленнем чыталі вершы Петруся Броўкі Раман Шчэрбік, Паша Азевіч.
Выступаючы на свяце, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская з гонарам за нашых знакамітых землякоў называла іх. Літаратары ўславілі Ушаччыну сваёй пранікнёнай паэзіяй і прозай. Яны панеслі далёка за межы раёна славу аб нашым кутку.
На мерапрыемстве прысутнічалі і начальнікі аддзелаў райвыканкама: адукацыі Л.Р.Карабань і культуры Т.М.Малак, якія выступілі ў ліку галоўных арганізатараў свята.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.