Кредит для развития личных подсобных хозяйств

Личное подсобное хозяйство

Каб вырасціць любы ўраджай – акрамя жадання займацца гэтым патрэбны… сродкі. Невялікія, калі мы садзім агарод выключна для сябе. І немалыя, калі мяркуем на гэтым зарабіць. Менавіта для такіх людзей, якія жадаюць папаўняць свой прыбытак за кошт уласнай падсобнай гаспадаркі, і разлічаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №302 “Аб выдачы крэдытаў грамадзянам, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку”. Указ уступіў у сілу 16 чэрвеня 2010, пакуль ніхто з ушачан не скарыстаўся такой магчымасцю, таму мы і папрасілі ўпраўляючую аддзялення “Белаграпрамбанка” ў г.п.Ушачы Г.А.ЦІСКОВІЧ расказаць пра ўмовы выдачы крэдыту.

– Галіна Анатольеўна, па-першае, хто можа атрымаць гэты крэдыт?
– Любы чалавек, якія мае падсобную гаспадарку, як прыватнік, так і фермер, індывідуальны прадпрымальнік. Пенсіянеры – не выключэнне. Галоўнае, каб сродкі былі выкарыстаны выключна па мэтавым прызначэнні, гэта банкам будзе правярацца.
– На якія мэты і на які тэрмін выдаецца крэдыт?
– Тэрмін напрамую залежыць ад мэты. На набыццё насення, угнаення, сродкі аховы раслін, паслугі па апрацоўцы ўчасткаў – на 1 год. На пакупку жывёлы ці птушкі – на тры, шматгадовых саджанцаў пладова-ягадных культур, парнікоў, цяпліц, матэрыялаў на іх будоўлю – на 5 гадоў. Самы працяглы – на сем – для пакупкі сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання айчыннай вытворчасці.
– Якую суму можна атрымаць і пад якія працэнты?
– Крэдыт ільготны, на любыя мэты і тэрмін выдаецца пад 5 працэнтаў гадавых, мінімальная сума – 500 тысяч рублёў, максімальная – 60 мільёнаў. Выдаецца ў залежнасці ад плацежаздольнасці кліента толькі безнаяўнымі грашыма, прычым, па гэтым указе максімальная сума (60 мільёнаў) на вядзенне адной гаспадаркі – з улікам раней выдадзеных крэдытаў. Калі даход складае 370 тысяч – можна атрымаць мільён на год, у месяц давядзецца выплачваць 87440 рублёў, такую ж суму выдадзім на тры гады пры даходзе 300 тысяч (штомесячныя выплаты 32680). Пры даходзе 1 мільён можна разлічваць на 15 мільёнаў (штомесячныя выплаты пры трохгадовым тэрміне – 490210). На пяць гадоў пры гарантаваных 380 тысячах у месяц можна атрымаць і пяць мільёнаў (105300). Набыць тэхніку атрымаецца і пры даходзе 550 тысяч, бо памер крэдыту складзе 15 мільёнаў, а месячныя выплаты 242 тысячы. Максімальныя 60 мільёнаў на 7 гадоў можа атрымаць той, у каго даход складае 2 мільёны, пры гэтым штомесячна давядзецца выплачваць 969470 рублёў. Наўмысна прывяла сумы выплат, каб людзі ведалі, на што разлічваць, ацэньвалі свае сённяшнія даходы ад той жа асабістай гаспадаркі і рэальна планавалі перспектывы яе пашырэння.
– Умовы выдачы пазыкі?
– Як і пры атрыманні любога крэдыту чалавек пацвярджае свой даход (за апошнія 6 месяцаў), патрэбны паручыцель і залог, пры гэтым абавязкова даведка аб наяўнасці ўчастка, на якім вядзецца падсобная гаспадарка. Рашэнне аб выдачы або адмове крэдытным камітэтам прымаецца на працягу 10 дзён. Няхай людзі звяртаюцца, мы на месца растлумачым усе нюансы, і развіваюць сваю гаспадарку.
Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *