В Глыбочанской школе вырастили неплохой урожай овощей

Общество

Уборка ўраджаю – адказная пара не толькі для аграрыяў. Кіпіць работа зараз і на прышкольных участках усіх устаноў адукацыі Ушацкага раёна. Вырашчаныя тут за год садавіна і агародніна не толькі забяспечаць, вітамінізуюць рацыён вучняў, але і ўмацуюць матэрыяльную базу школ.

У актыўнай фазе зараз агародніцкія клопаты ў Глыбачанскай школе. Ужо сабраны тут ураджай агуркоў, памідораў, перцаў – вялікая цяпліца, якую ў наступным годзе плануюць мадэрнізаваць, хутка адправіцца на зімовыя “канікулы”. Чакаюць сваёй чаргі морква і капуста. На бягучым жа тыдні асноўныя сілы калектыву былі кінуты на ўборку бульбы – з 12 сотак, адведзеных на яе вырошчванне, сабрана больш за 2 тоны “другога хлеба”. Гэта менш, чым звычайна – свае карэктывы ўнеслі працяглыя дажджы. Аднак агароднінай у цэлым работнікі школы задаволены.

– Надзвычай ураджайнай сёлета аказалася цыбуля – нарыхтавана 155 кілаграмаў, ці 280 працэнтаў ад планавых лічбаў, – расказалі адказныя за прышкольны ўчастак настаўніцы працоўнага навучання і біялогіі Святлана Аляксандраўна Корабава і Аліна Мікалаеўна Зянюк. – Гэта значна больш, чым патрабуецца ўстанове для ўласных патрэб, лішкі ж рэалізуем мясцоваму насельніцтву.

Вядома, апрацоўваць участак – а гэта 16 сотак – даволі няпроста, асабліва пры адсутнасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Таму вельмі ўдзячны тут былому настаўніку працоўнага навучання Генадзю Дзмітрыевічу Осіпаву, які на ўласным трактары дапамагае выконваць многія віды работ. Заўсёды на “агароднай перадавой” – рабочы па абслугоўванні будынкаў Ігар Васільевіч Чаркес і лабарант Аляксандр Васільевіч Зянюк. Асноўны ж цяжар гэтай працы кладзецца на плечы загадчыка гаспадаркі школы Юрыя Анатольевіча Жогаля. Ніколі не адмаўляюцца дапамагчы настаўнікі, работнікі сталовай, тэхнічны персанал. Навыкі па рабоце на ўчастку напрацоўваюць і вучні.

Хтосьці падумае: не школьная гэта справа – агародніну вырошчваць. З гэтым можна згаджацца ці не. Толькі такая “працатэрапія”, упэўнены педагогі, на карысць вучням, яна ў ліку самых галоўных урокаў – урокаў жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *