Колькі б ні страшылі нас адказнасцю за хабар, усё роўна нясём падарункі. Настаўнікам – кветкі, урачам – цукеркі… Як не аддзячыць добрага чалавека?! Аднак такая “шчодрасць” і няўменне (ці нежаданне) грамадзян адрозніць прэзент ад хабару нярэдка прыводзяць іх на лаву падсудных.
Артыкул 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначае атрыманне хабару як незаконнае матэрыяльнае ўзнагароджанне службовай асобы за ўчыненне ці, наадварот, неўчыненне ёю пэўнага дзеяння з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў. Мінімальны памер хабару не агавораны нарматыўна-прававымі актамі нашай краіны, а вось адказнасць за яго вызначана: да 7 гадоў арышту з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца вызначанай дзейнасцю. За паўторнае аналагічнае правапарушэнне, ці шляхам вымагальніцтва, ці групай асоб па папярэдняй змове, ці ў буйным памеры тэрмін арышту павялічваецца да 10 гадоў. За такія ж дзеянні, учыненыя раней судзімай за хабар асобай або ў асабліва буйным памеры, – да 15.
Трэба сказаць, што адказнасць прадугледжана і за дачу хабару. Згодна з арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь, за гэта можна атрымаць да 5 гадоў пазбаўлення волі. Такі паўторны незаконны “прэзент” ці ў буйным памеры пацягне ўжо да 7 гадоў арышту. А ўжо судзімай за аналагічныя дзеянні асобе пагражае да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без яе.
Варта ведаць, што чалавек, які добраахвотна паведаміў пра факт вымагальніцтва хабару, а таксама актыўна спрыяе раскрыццю злачынства, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.
А.НАПРЫЕНКА, следчы раённага аддзела Следчага Камітэта.