На вопросы ушачан во время «прямой линии» ответила нотариус нотариальной конторы Ушачского района Ж.Коваленко

Общество

“Прамую лінію” з натарыусам Жаннай Леанідаўнай Каваленка чытачы “Патрыёта” традыцыйна выкарыстоўваюць як зручную магчымасць атрымаць кансультацыю па цікавячых юрыдычных пытаннях. Вось і на гэтым тыдні аўтары тэлефанаванняў прасілі госцю рэдакцыі патлумачыць як агульныя, так і даволі нестандартныя сітуацыі. Цікава, што ўсе пытанні датычыліся тэмы завяшчанняў і спадчыны.

– Хачу скласці завяшчанне. Як правільна гэта зрабіць?

– Завяшчанне бывае двух тыпаў: закрытае і адкрытае. Закрытае чалавек складае сам, запячатвае ў канверт і прыходзіць да натарыуса ў суправаджэнні дзвюх сведак, каб ажыццявіць працэдуру засведчання. Вядома ж, складзена завяшчанне павінна быць у адпаведнасці з патрабаваннямі Грамадзянскага кодэкса – напісана ўласнаручна, з указаннем даты і месца складання, усіх даных пра завяшчальніка і асобы, на карысць якой складаецца завяшчанне. Адкрытае завяшчанне пішацца ў натарыуса завяшчальнікам уласнаручна або натарыус можа запісаць яго сам са слоў завяшчальніка, аднак пры гэтым павінен прысутнічаць сведка, да асобы якога, дарэчы, маюцца пэўныя патрабаванні. Для візіту да натарыуса неабходны пашпарт, а для пенсіянераў і інвалідаў I, II груп – адпаведныя пасведчанні, якія даюць права на льготу пры аплаце. Удакладніць акалічнасці можна, папярэдне патэлефанаваўшы ў натарыяльную кантору.

– Нядаўна памерла мая цётка, якая жыла ў Брэсцкай вобласці. З яе мясцовай раднёй у мяне няма кантакту. Як мне даведацца, адкрыта ці не спадчынная справа?

– Зрабіць гэта можна, зайшоўшы на сайт Беларускай натарыяльнай палаты belnotary.by. У раздзеле “Пошук адкрытай спадчыннай справы” можна атрымаць цікавячую вас інфармацыю. Для гэтага трэба ўвесці прозвішча, імя і імя па бацьку памерлага і дату яго смерці. Прынамсі, ёсць на сайце яшчэ адзін карысны інфармацыйны раздзел – “Пошук адмененай даверанасці”. Такая інфармацыя бывае патрэбна ў некаторых сітуацыях. Напрыклад, калі грамадзянін мае даверанасць на распараджэнне рахункам у банку і хоча зняць з яго грошы, банк правярае, ці не адменена гэтая даверанасць. Каб атрымаць такую інфармацыю праз сайт, трэба ўвесці прозвішча, імя і імя па бацьку выдаўшага даверанасць, дату выдачы, нумар рэгістрацыі даверанасці па рэестры, прозвішча натарыуса, які яе засведчваў. Таму пры заключэнні даверанасці я б парэкамендавала браць для сябе яе копію.

– Нядаўна раптоўна памерла мая маці, і я не магу адшукаць канверт з завяшчаннем, якое, на маю думку, павінна было захоўвацца дзесьці ў яе доме. Як будзе вырашана пытанне са спадчынай у выпадку, калі завяшчанне не аформлена, пры ўмове, што ў мяне ёсць недзеяздольны брат, які знаходзіцца ў псіханеўралагічным дыспансеры?

– Калі Ваша мама склала і засведчыла завяшчанне, адзін яго экзэмпляр захоўвацца ў натарыяльнай канторы або ў сельвыканкаме – у залежнасці ад таго, дзе яно засведчвалася. У выпадку згубы завяшчання можна атрымаць яго дублікат. Звесткі аб завяшчанні выдаюцца асобам, указаным у ім, або блізкім родным памерлага. Для гэтага варта прынесці пашпарт і пасведчанне аб смерці. Калі ж завяшчанне не было складзена, вы з братам будзеце з’яўляцца спадчыннікамі па законе ў роўных долях. Інтарэсы недзеяздольнага брата прадстаўляе апякун – у даным выпадку дырэктар дыспансеру, які будзе падаваць заяву на атрыманне спадчыны на імя недзеяздольнага.

Падрыхтавала Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *