У суботу днём на стадыёне лясгаса было надзвычай ажыўлена. Але на гэты раз тут сабраліся не спартсмены, а аматары палявання са сваімі чацвераногімі сябрамі. Ушаччына стала месцам правядзення выставы паляўнічых сабак, на якую з’ехалася больш сотні ўдзельнікаў з усіх раёнаў Віцебшчыны і іншых рэгіёнаў краіны.
Мерапрыемства, арганізатарам якога з’яўляецца абласная арганізацыйная структура “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, праводзіцца ў Прыдзвінні кожны год, у папярэднія сезоны яно ладзілася ў Віцебску. Ушацкі раён быў абраны ў першую чаргу з-за свайго ўдалага размяшчэння – у самым цэнтры вобласці, сюды зручней дабірацца.
Як адзначыў у сваім прывітальным выступленні старшыня абласной арганізацыйнай структуры “БТПР” С.В.Рэдненка, у вобласці больш за тры тысячы зарэгістраваных паляўнічых сабак, а выстава ўжо з’яўляецца не толькі неабходнасцю, а і даўняй традыцыяй. Удзельнікі прайшлі парадам, калона расцягнулася амаль на ўвесь стадыён, пасля чаго пачалася асноўная частка мерапрыемства. На чатырох абсталяваных рынгах ацэньваліся лайкі, гончыя, лягавыя і норныя пароды сабак. Прафесійныя эксперты-кінолагі ацэньвалі біяметрычныя параметры канкурсантаў, іх выгляд, паводзіны, рэакцыю і г.д. У так званым пашпарце (а ўсе сабакі зарэгістраваныя і з радаслоўнымі) пазначаўся ўдзел у выставе і адзнака. Здавалася б, за такую дробязь, як на сантыметр даўжэйшы хвост, ці тым больш адсутнасць аднаго клыка, нельга ўжо было атрымаць выдатную адзнаку. На рынгах лепшым прадстаўнікам уручаліся кубкі і медалі.
У кожнай з парод свой характар і павадкі. Каля рынга да апошняга нерваваліся і не змаўкалі норныя сабакі – невялікія па памерах ягдтэр’еры, фокстэр’еры. Спакойна назіралі за сітуацыяй і чакалі сваёй чаргі побач з гаспадарамі гончыя, паважна паводзілі сябе і не падавалі голасу без прычыны лягавыя, самастойнасць праяўлялі крыху задзірыстыя лайкі.
– Сапраўды, у іх як і ў людзей свае характары, а калі паназіраць, то можна заўважыць, што сабакі падобныя на сваіх гаспадароў. Ужо не злічыць, колькі разоў удзельнічаў у выставах, сёлета вось ва Ушачы прыехаў з двума сваімі гадаванцамі, якія ходзяць са мной на паляванне, – гаворыць былы егер з Сянно і адзін з самых старэйшых удзельнікаў Пётр Паўлавіч Кучко.
Ажно з Жодзіна прыехаў на выставу Яўген Ясяновіч і недарэмна: яго сабакі заваявалі ўзнагароды ў групе норных. Некаторыя ўдзельнікі былі нават са сваімі групамі падтрымкі. “Прыехала разам з мужам з Глыбоцкага раёна – паглядзець выставу і пабываць на Ушаччыне”, – гаворыць Валянціна Кавалёва.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел і ўшачане. Так, напрыклад, у Сяргея Бугая, як заўзятага паляўнічага, некалькі сабак, але на выставе ўжо ў другі раз ён з лайкай па мянушцы Каюр. Не навічок у справе і Сяргей Віннік, які быў на мерапрыемстве са сваёй Біяй.
– Лайкі – адны з самых старажытных сабак паляўнічай пароды. Яны валодаюць выдатным нюхам, з імі можна паляваць як на маленькіх, так і на буйных жывёл. Вельмі верныя сваім гаспадарам, лёгка прыстасоўваюцца да абсалютна любых умоў, хоць і дысцыплінаваныя, але цяжэй за іншыя пароды паддаюцца дрэсіроўцы. А яшчэ калі доўга не адпраўляюцца на паляванне, пачынаюць сумаваць, – расказваюць пра асаблівасці самай прадстаўнічай на выставе пароды ўшацкія паляўнічыя (на здымку).
Цікава, што сярод вялікай кагорты ўдзельнікаў, была і прадстаўніца слабай паловы чалавецтва. Нягледзячы на малады ўзрост, Алёна Толсцік з Віцебска (на здымку) ужо не навічок на падобных выставах. “Так, не здзіўляйцеся, але люблю займацца паляваннем!” – з усмешкай апярэдзіла маё пытанне дзяўчына. Са сваім гадаванцам яна пабывала ўжо не на адной выставе ў нашай краіне, прымала ўдзел нават ва ўсерасійскай і ўсюды яе руска-еўрапейская лайка – двухгадовы Бэк з выдатнай радаслоўнай – станавіўся лепшым. А вось на Ушаччыне з віцябчанамі здарылася форс-мажорная сітуацыя: якраз перад выхадам на ацэнку да экспертаў Бэк атрымаў траўму – іншая лайка падчас нечаканай “сваркі” пракусіла яму пярэднюю лапу. Эксперты з разуменнем аднесліся да непрадбачанай сітуацыі і ўсё ж ацанілі сабаку, які нават на трох лапах здолеў праявіць сябе і атрымаў у сваёй падгрупе кубак і медаль, пасля чаго адразу адправіўся дадому лячыцца. Дарэчы, не застаўся без узнагароды і прыгаданы вышэй Каюр С.Бугая, які атрымаў высокую ацэнку строгіх спецыялістаў.
На выставе сабралася і нямала гледачоў, якія маглі не толькі палюбавацца пародзістымі сабакамі, але і атрымаць ад заводчыкаў парады па выбары чацвераногага сябра і доглядзе за ім.
– Прачытаўшы аб’яву пра выставу, вырашылі абавязкова яе наведаць. На жаль, наша любімая парода – аўчарка – не адносіцца да паляўнічых і яе тут няма. Аднак атрымалі задавальненне ад іншых, не чакалі, што іх будзе так многа, аж вочы разбягаюцца! – дзеліцца ўражаннямі сям’я Клім.
– Вельмі люблю сабак, даведалася пра мерапрыемства толькі сёння і адразу адправіліся на стадыён паглядзець. Яны ўсе тут такія прыгожыя, разумныя і дысцыплінаваныя. Вельмі хачу завесці такога сябра, але ж нялёгка будзе з ім у кватэры на пятым паверсе, – разважае Аксана Быкава.
Для паляўнічых і гледачоў арганізатары падрыхтавалі пачастунак: “У якасці бонуса прапануем паспытаць гарачай юшкі з мясцовых парод рыб!” – гучнае запрашэнне ў многіх выклікала ўсмешку, бо паляўнічыя нават акунёў і плотак класіфікавалі накшталт сваіх гадаванцаў!
Мерапрыемства атрымалася масавым, усяляк спрыяла яго правядзенню і сонечнае надвор’е. Не ўсе вярталіся ў свае раёны з узнагародамі, але, як адзначалі паляўнічыя, і не так важныя адзнакі сабак, як зносіны, новыя знаёмствы, абмен вопытам і атрыманы зарад бадзёрасці.
Вольга КАМАРКОВА.