У мінулую пятніцу, 15 верасня, у Беларусі афіцыйна завяршыўся купальны сезон. На шчасце, для Ушацкага раёна ён выдаўся спакойным, гібелі людзей на вадзе не дапушчана. Выратавальны пост на пляжы возера Вечалле спыніў сваю дзейнасць, а жыллёва-камунальная гаспадарка правяла работу па кансервацыі пляжнага абсталявання. Ушачанам, якія плануюць прыехаць на ўзгаданае месца адпачынку, варта мець на ўвазе, што побач ужо не будзе спецыялістаў, якія ў экстрэмальным выпадку хутка прыйдуць на дапамогу. Таму раю грамадзянам яшчэ больш пільна захоўваць правілы бяспекі пры знаходжанні ля вадаёмаў.
Сёлета ахвярамі вады ў Віцебскай вобласці сталі 39 чалавек, большасць з іх патанулі ў стане алкагольнага ап’янення падчас купання. Папоўніў гэты сумны спіс і бягучы месяц. Так, 2 верасня жыхар вёскі Будабаль Шумілінскага раёна разам са сваякамі чысціў сажалку непадлёк ад дома. Трагедыя адбылася, калі 31-гадовы гаспадар пад’ехаў на загружанай дрывамі машыне да вадаёма-копані – транспартны сродак літаральна “зацягнула” пад ваду, выратаваць мужчыну не ўдалося.
Э.ВЕРТАШОНАК, старшыня раённага таварыства выратавання на водах.