Набліжаў перамогу

70-годдзе Перамогі

ВАЁ пакутлівае дзяцінства Вера Фёдараўна Казырыцкая з в.Старое Сяло Ушацкага сельсавета заўсёды ўспамінае з асаблівым болем у душы. Расла ў вялікай сям’і, дзе было сямёра дзяцей. Памятае, як галодныя прачыналіся і галодныя лажыліся спаць. Штосьці ядомае перападала пераважна самым малым, каб хоць не памерлі, а старэйшыя перабіваліся сяк-так. У пошуках лепшага жыцця, пасля 1937-га яе сям’я падалася ва Украіну. Далі дом у прыгарадзе Мелітопаля, пачалі працаваць. Толькі з хаты неяк было выйсці – кругом крыжы магілак пасля галадамору. Жудасна было неяк жыць сярод мёртвых, а таму нядоўга яны затрымаліся на чужыне.

Зноў вярнуліся ў Старое Сяло. Да вайны старэйшая сястра Веры Фёдараўны паспела скончыць педагагічны тэхнікум, а мая гераіня 10 класаў. І ўсе яе планы на далейшую вучобу перарвала вайна.

АЛАВЕК з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, яна ўжо тады для сябе вырашыла дапамагаць нашым у барацьбе з ворагам. Разам з іншымі камсамольцамі Верачка Казырыцкая дзяжурыла на тэлефоне ў сельсавеце, прымала неабходную для ўлады аператыўную інфармацыю. Яе брат, як і многія вяскоўцы, пайшоў у партызаны. Асобныя на месцы прыносілі карысць народным мсціўцам. Так, яе бацька працаваў у майстэрні ў суседняй Пушчы, дзе выпрацоўваў скуры для вырабу абутку партызанам. Сама В.Ф.Казырыцкая ўступіла ў падпольную камсамольскую арганізацыю, якая стварылася на месцы з настаўнікаў і вучняў. Кіраваў тады ёй П.М.Карпоўскі. Члены камсамольскага падполля распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі партызанам адзенне і абутак, чыталі насельніцтву вершы-заклікі. Асабліва падабаўся ўсім “Камсамольскі білет” Аркадзя Куляшова, які Верачка ўмела разыграць як міні-спектакль, аж у людзей на вачах выступалі слёзы. У гэты ж час пачаў дзейнічаць і гурток мастацкай самадзейнасці. Моладзь хадзіла па вёсках, у партызанскія атрады і давала невялікія канцэрты, нават ставілі п’есы па сцэнарыі Піліпа Філімонава. Праўда, Павел Міхайлавіч Карпоўскі ўсю гэтую самадзейнасць асабіста правяраў.

Сястра Клаўдзія была старастам вёскі, назначаная партызанамі, а таму склад адзення і абутку для партызан знаходзіўся ў доме Казырыцкіх. Там жа іншы раз праходзілі і падпольныя сходы.

ЛАКАДА… Гэтае слова да цяперашняга наводзіць жах на жанчыну, бо сама была ў гэтай людской мясарубцы. Разам з партызанамі В.Ф.Казырыцкая апынулася ля возера Шо Глыбоцкага раёна. Там прабіраліся праз чыгунку. Добра запомнілася ёй у гэтым месцы смерць камсамолкі Марыі Аўласенка. Яна была паранена ў абедзве нагі і разумела, што ў такой паніцы ніхто яе нікуды не панясе, а сама ісці не зможа. Калі сястра Веры – Клаўдзія Казырыцкая знайшла яе ў такім стане, тая з пачуццём высокага патрыятызму сказала, маўляў, дапамажы застраліцца, каб не здацца ворагу жывой. Ледзь паспела Клаўдзія адысці, як тая падарвала сябе гранатай. Падчас блакады загінула і Клаўдзія…

Яшчэ адну блакаду перажыла Вера Фёдараўна, толькі ўжо на Глыбоччыне. Пазней яе ўзялі працаваць у партызанскі шпіталь. Там прабыла да ўз’яднання з Савецкай арміяй.

мірны час Вера Фёдараўна спаўна прысвяціла сябе настаўніцтву. Па накіраванні райкама камсамола працавала ў Чарапоўшчынскай сямігодцы і завочна займалася ў настаўніцкім інстытуце. Сама вучылася і дзяцей вучыла роднай мове і літаратуры. На работу адыходзіла па цёмнаму, бо трэба было прайсці да школы 18 кіламетраў пешшу і своечасова прыйсці на ўрок. Іншы раз, калі ішла праз лес, нечакана сустракалася то з ласём, то з дзікім кабаном. Толькі страх у душу не пускала, а то як потым дабірацца да работы.

– У той час гэтую школу наведвалі ўсе дзеці Селішчанскага дзіцячага дома, успамінае жанчына. – Вопратка на кожным была бедненькая, здаецца, ледзь цельца прыкрытае. Не было на чым пісаць, дык выводзілі літары паміж радкоў кніг, ці на палях газет. Класы былі вялікія, па 40 чалавек. Разам з дзецьмі нарыхтоўвалі дровы, каб школу абаграваць. Усе стараліся і вучыцца, і працаваць.

Праз 10 гадоў Веру Фёдараўну перавялі завучам у Селішчанскую школу, а яшчэ праз восем – у сваю Старасельскую. Перад выхадам на пенсію выкладала беларускую мову і літаратуру і нават геаграфію ў Плінскай школе. А ўвогуле педагагічны стаж гэтай настаўніцы складае 33 гады.

Яна і сёння не адстае ад жыцця – выпісвае многа газет і часопісаў, цікавіцца жыццём раёна. Па запрашэнні Плінскай школы ўдзельнічае ў мерапрыемствах. У свае 86 гадоў рознымі метадамі трэніруе памяць, каб не паддацца старасці.

Сёлетні год асабліва трагічны ў жыцці жанчыны – яна страціла свайго вернага спадарожніка, мужа Івана Цімафеевіча Радзевіча, з якім на працягу 62 гадоў былі разам у радасці і ў горы. А таму, як прызнаецца мая гераіня, жыву кожны дзень, як апошні – радуюся жыццю і імкнуся атрымаць асалоду ад кожнага пражытага дня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *