Пальма первенства — у работников КУСХП «Великодолецкое». На Ушаччине подвели итоги районного соревнования жатвы-2017

Сельское хозяйство

Менавіта так можна назваць кожнага, хто гарачай жнівеньскай парой уносіў свой уклад ва ўборачную кампанію-2017. Гэта і экіпажы камбайнаў, і вадзіцелі на перавозцы, і працаўнікі зернесушылак. Але па даўняй традыцыі раённае спаборніцтва выяўляе галоўных герояў жніва. Забягаючы наперад, адзначым, што пальму першынства сёлета захапілі вялікадолецкія працаўнікі.

“Ведаеце, гэта справа не толькі старання і прафесіяналізму, а яшчэ і вязення: выйшла са строю тая ці іншая дэталь, трапілі менш ураджайныя ўчасткі – і ты ўжо адстаеш ад калег, хоць і працуеш самааддана”, – заглушыўшы на некалькі хвілін свой камбайн, зазначае сёлетні перадавік і неаднаразовы тысячнік Васіль Рыгоравіч Алексяёнак. Менавіта ён першым у раёне ўжо пад фінал жніва намалаціў 700 тон зерня. Першапачаткова ўмовамі спаборніцтва, арганізаванага райсельгасхарчам сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, прадугледжвалася заахвочванне экіпажу, які першым намалоціць тысячу тон. Але ў ходзе ўборачнай кампаніі было вырашана знізіць планку да 700, паколькі да запаветнай тысячы змогуць дацягнуць толькі адзінкі з улікам рапсу.

– Як кажуць, адзін у полі не воін, а таму лічу, што поспех залежыць ад усяго калектыву, – гаворыць В.Алексяёнак. – У нас усе добра працуюць і заслугоўваюць узнагарод. Узяць хаця б, напрыклад, Андрэя Смаляка, які вось са мной на адным полі шчыруе. Надзвычай дастойны і старанны, я б вельмі парадаваўся, калі б ён стаў пераможцам.

Дарэчы, руплівасць маладога вялікадолецкага механізатара не засталася непрыкмечанай, тым больш што ён стаў пераможцам сярод маладых экіпажаў камбайнаў. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з райкамам БРСМ уручыў Андрэю грамату і каштоўны падарунак.

За першыя перавезеныя 700 тон узнагарода таксама адправілася ў Вялікія Дольцы. Прычым, адразу два вадзіцелі гэтай гаспадаркі пераадолелі названы рубеж у адзін дзень. Стаць першым і лепшым удалося механізатару Івану Гоману, які ў сярэдзіне гэтага тыдня перавёз 718 тон зерня. Хлопец працуе ў сельгаспрадпрыемстве ўжо 8 гадоў, але да такой увагі да сябе яшчэ не прывык: “Проста старанна выконваў даручаную справу і нават не думаў, што стану першым, тым больш што з пачатку ўборачнай упэўнена лідзіраваў на больш магутнай тэхніцы Міхаіл Рэут з “Ільюшынскага”. Прымаць віншаванні і падарункі прыйшлося нават двойчы – узнагароду як лепшы малады вадзіцель ён таксама атрымаў ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і саюза моладзі.

Свой прафесіяналізм у чарговы раз пацвердзіў і працаўнік, чыё імя сёлета занесена на раённую Дошку гонару, – Генадзь Віктаравіч Качан перавёз у той жа дзень 711 тон. Мужчына ў перадавіках практычна кожны год, бо прымае ўдзел ва ўсіх этапах сельскагаспадарчых работ, летась быў у складзе дэлегацыі раёна на абласных “Дажынках”. Адметна і тое, што абодва механізатары перавозяць збожжа на трактарах МТЗ, якія не параўнаць з больш хуткімі МАЗамі.

Пераможцам спаборніцтва былі ўручаны дыпломы, майкі і кепкі з лагатыпам прафсаюза АПК, а таксама грашовыя прэміі. А яшчэ тэхніку гэтых працаўнікоў упрыгожыць і спецыяльны вымпел пераможцы жніва-2017, які ўручыў аграрыям старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў У.М.Круглік.

Таксама заахвочвальны падарунак і ўдзячнасць уручаны і экіпажу камбайна ААТ “Ільюшынскі” ў складзе Мікалая Яўгенавіча Казачонка і яго памочніка Ігара Кулянка. На камбайне  КЗС-10К яны намалацілі 634 тоны зерня – гэта лепшы вынік сярод камбайнаў гэтай маркі і нават больш за намалот некаторых экіпажаў магутных КЗС-1218. Знайшоў час павіншаваць пераможцаў спаборніцтва і старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. “Дзякуй вам за работу, такую нялёгкую, але надзвычай важную”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *