По итогам работы за год Косарское лесничество признано лучшим в Ушачском лесхозе

К профессиональному празднику

Кожны год у ДЛГУ “Ушацкі лясгас” да прафесійнага свята падводзяць вынікі своеасаблівага спаборніцтва сярод лясніцтваў. Сёлета па асноўных відах дзейнасці пераможцам стаў калектыў Касарскога. Не самага вялікага па плошчы, але багатага цудоўнымі лясамі і слаўнымі працоўнымі традыцыямі мясцовых лесаводаў.

Яшчэ не ўсе фарбы лета згаслі і сонца, бывае, па-ранейшаму дорыць свае лагодныя промні. У чацвер раніцай работнікі Касарскога лясніцтва перад ад’ездам у лес радаваліся якраз такому надвор’ю. Яно і зразумела, бо восеньскім пагодлівым дзяньком працаваць найбольш камфортна – не спякотна і не холадна. “А то хутка задажджыць, завее…” – няспешна перагаворваюцца леснікі.

Народ тут даволі разнастайны – і моцныя, каржакаватыя, нібы тыя дубы, і высокія, статныя, як прыгажуні-сосны, якія яны даглядаюць і аберагаюць на сваіх абходах. Разам з тым усе падобныя ў адным – жылістыя, цягавітыя, з дужымі мазолістымі далонямі – пакуль з усімі павітаўся, ледзь не адціснулі руку! Хоць і нешматслоўныя, але вострыя на язык, удалы кпін пра кагосьці з калег выклікае ў астатніх дружны смех. А так, людзі яны сціплыя, бо калі паставіў перад фактам, што трэба сфатаграфавацца, сабраць работнікаў аказалася няпростай справай. Без “Алегавіча” было не абысціся і прыйшлося задзейнічаць “адміністрацыйны рэсурс”.

Так вось, коратка і разам з тым паважліва, у Касарах звяртаюцца да свайго ляснічага. Прыйсці каму на змену сённяшняму кіраўніку калектыву з 33 чалавек – вялікая рызыка. Абавязкова будуць параўноўваць, а Мікалай Алегавіч Рахманенка, які яшчэ хлапчуком басанож бегаў ля тутэйшых елачак, прадаўжае бацькоўскую справу і паспяхова ўзначальвае лясніцтва ўжо на працягу значнага часу, з’яўляецца выдатным прафесіяналам, доказам чаму вялікі пералік узнагарод ад раённага да міністэрскага ўзроўняў. Да адміністрацыі можна аднесці таксама памочніка ляснічага і на рабоце, і ў сям’і Вольгу Паўлаўну Рахманенка ды бухгалтара Аляўціну Вікенцьеўну Ляшкевіч. Фактычна толькі яна з’яўляецца кабінетным работнікам, бо ляснічаму з памочнікам у лес выязджаць даво­дзіцца часта, акрамя работы з паперамі непасрэдна з людзьмі на дзялянках і майстры лесу Руслан Салавей, Павел Алексяёнак, Аляксей Клачок. За апошнім – маладолецка-мірнаўская “аўтаномія”, дзе пад яго началам за замацаванымі вотчынамі сочаць леснікі Уладзімір Гісь і Аляксандр Гузёнак, якія ў Касары наведваюцца нячаста. Астатнія работнікі “зялёных кабінетаў” кожным ранкам сцякаюцца ў гэту без перабольшвання лясную сталіцу Ушаччыны з усяго наваколля: Дубінца, Весніцка, Воснава, хаця аснову калектыву складаюць, канечне, касаране.

– Сёння асноўныя работы будзем весці на галоўнай высечцы, – расказвае пра будні калектыву М.А.Рахманенка, які нягледзячы на наш ранні візіт ужо паспеў правесці разнарадку і называе знаёмыя мне з дзяцінства і многім ушацкім аматарам-грыбнікам урочышчы. – Адпраўляем людзей за Гліну, на Пяць дарог.

Ведаюць назвы ўсіх навакольных мясцін і можа больш сотні лясных дарог праходзяць штогод тыя, хто з піламі і сякерамі чакалі, пакуль заправіцца вадзіцель Віктар Вусько – людзі падабраліся вопытныя. Сярод лесарубаў, вальшчыкаў і леснікоў агульнай колькасцю 20 чалавек няма навічкоў. Мінімальны стаж – каля 5 гадоў, а дзесьці 60 працэнтаў работнікаў лясніцтва адпрацавалі тут ужо па 15 і больш.

У любым калектыве маецца касцяк, які задае тон у рабоце. Ёсць такі, безумоўна, і ў Касарскім лясніцтве. Мікалай Алегавіч расказваў, што падчас нядаўняй камандзіроўкі ў Светлагорскі раён восем касаран пад кіраўніцтвам майстра Р.Салаўя за два тыдні нарыхтавалі амаль 1100 кубаметраў драўніны! Не было ў чацвер сярод калег Анатоля Станкевіча, якога ляснічы прасіў адзначыць абавязкова – па просьбе кіраўніцтва лясгаса трактарыст застаўся працаваць на Гомельшчыне звыш нормы. Спраўна шчыруюць у сваіх абходах вопытныя леснікі Уладзімір Шчасны, Васіль Корзун, Валерый Войніч і іншыя – на працягу года выкананы вялікі аб’ём работ па доглядзе за маладнякамі. На нарыхтоўках драўніны зараз вылучаюцца вальшчыкі Руслан Жаваранак, Сяргей Мішын ды і астатнія работнікі стараюцца не падводзіць – дровы, напрыклад, для насельніцтва і арганізацый у касарскім лясніцтве ёсць у любую пару года.

Як адзначае М.А.Рахманенка, пры належнай працы і без парушэнняў дысцыпліны заробкі мужчын за месяц складаюць 500-600 рублёў. Не ўтойвае кіраўнік, што бываюць у асобных работнікаў і зрывы, але ў цэлым калектыў паспяхова спраўляецца з вытворчымі задачамі. А гэта дае ўсе падставы меркаваць, што касарскія лесаводы і надалей будуць рупліва аднаўляць, надзейна захоўваць і па-гаспадарску выкарыстоўваць сваё і разам з тым наша агульнае зялёнае багацце.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *