Звычайна бывае складана з вялікай колькасці дастойных работнікаў лясной гаспадаркі выбраць найлепшага героя для аповеду да прафесійнага свята. Але ж не ў гэты раз: трактарыст на тралёўцы і вывазцы лесу Плінскага лясніцтва Сяргей Віктаравіч Дунец сёлета двойчы быў удастоены адной з самых высокіх ацэнак прафесійнай дзейнасці – Ганаровай граматы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. У пачатку года быў адзначаны яго ўдзел у ліквідацыі наступстваў стыхіі ў лясах Чэрвеньскага раёна, другі ж знак пашаны атрыманы напярэдадні Дня работнікаў лесу за добрасумленную працу і перавыкананне вытворчых паказчыкаў.
За гэтай сухой фармулёўкай – напружаная штодзённая работа, патрабуючая пастаяннай канцэнтрацыі, хуткасці і дакладнасці прымаемых рашэнняў. І хоць да таго, як давялося сесці за руль лясгасаўскага трактара з маніпулятарам, за плячыма ў Сяргея ўжо быў без малага дваццацігадовы механізатарскі стаж у “Райаграсэрвісе”, першыя дні работы на дзялянках былі вельмі няпростымі. Нават на ўзгорыстых дробнаконтурных ушацкіх палях і блізка не было таго “экстрыму”, які чакае трактарыста на лясных рэльефах. Адзін нязграбны рух – і цяжкае бервяно, парушыўшы раўнавагу, можа пацягнуць трактар за сабой, а што ўжо і казаць пра перспектыву загразнуць у чарговай канаве – такое здараецца літаральна штодня. Але ўжо праз два тыдні з пачатку работы Сяргея ў плінскім калектыве ляснічы Аляксандр Станіслававіч Баратынскі накіраваў яго… на абласныя спаборніцтвы работнікаў лесу – так сталася, што асноўны ўдзельнік каманды захварэў і яго тэрмінова трэба было кім-небудзь замяніць. Сяргей жа цалкам пацвердзіў аксіёму, што навічкам шанцуе – арудуючы шасцю толькі што асвоенымі рычагамі гідраманіпулятара, спрытна і хутка склаў піраміду з бярвення і заняў другое месца!
З таго феерычнага старту ў лясной галіне прайшло пяць год, за якія працавіты і сціплы чалавек паспеў заваяваць у калектыве трывалы аўтарытэт. Цэніць яго і кіраўніцтва – адно з пацвярджэнняў гэтаму – новы МПТ 461-2, які збіраюцца даверыць гэтаму адказнаму работніку. “Літаральна толькі што атрымалі два магутныя трактары з Мозырскага машынабудаўнічага завода: мяркуем накіраваць іх у лясніцтвы, дзе такая тэхніка найбольш патрэбна – Касарское і Плінскае”, – расказвае галоўны механік лясгаса Васіль Уладзіміравіч Рудзёнак. Зрэшты, новая тэхніка для Сяргея – гэта не толькі пашана, але і неабходнасць: старэнькі МПТ амаль да ручкі “ўпрацавалі” на светлагорскіх дзялянках, дзе на ім некалькі месяцаў, змяняючы адзін аднаго, шчыравалі не толькі гаспадар, а і іншыя трактарысты, выконваючы вялікія аб’ёмы – Сяргей Віктаравіч апошнім часам за змену перавозіў да 70 кубаметраў лесу.
Дарэчы, калі запыталася ў мужчыны пра галоўныя складанасці працы, ён адназначна адказаў, што гэта камандзіроўкі. І справа нават не ў тым, што нязвыклы ён да “аскетычнага” быту, проста перажывае за жонку Алену, якая апроч працы медработнікам вымушана адна спраўляцца з вялікай падсобнай гаспадаркай, у якой і карова, і свінні. Сумуе Сяргей па дачушцы-пяцікласніцы, якая сёлета асвойваецца ў новай школе ва Ушачах, а таксама па сыне, што нясе зараз вайсковую службу. Яго дружная сям’я – вялікая радасць і апора ў жыцці. Як надзейнай апорай для блізкіх і свайго калектыву з’яўляецца і сам Сяргей Віктаравіч Дунец.
Наталля БАГДАНОВІЧ.