Более 20 лет в Ушачском лесхозе работает бухгалтером Светлана Драгун

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Галоўны бухгалтар лесагаспадарчага прадпрыемства ў многім вызначае яго знешнюю і ўнутраную палітыку. Галоўны ляснічы, інжынер, ды і непасрэдна дырэктар могуць многае напланаваць, аднак без патрэбнай матэрыяльнай падтрымкі ніякія вытворчыя мары не становяцца рэчаіснасцю.

Галоўны бухгалтар у такой немалой арганізацыі, як ДЛГУ “Ушацкі лясгас”, павінен валодаць унікальнай працаздольнасцю: значныя аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі, штомесячныя абароты грашовых сродкаў, падаткі, адлічэнні, узносы… Кожную нават капеечную дробязь трэба, выказваючыся бухгалтарскім слэнгам, правесці, разнесці, прапусціць, скласці баланс… Ды так, каб потым камар носа не падтачыў. Таму ў Святланы Сцяпанаўны Драгун пастаянна клопатаў хоць адбаўляй.

– Чаму выбралі менавіта такую прафесію? – цікаўлюся ў суразмоўцы.

– Так, напэўна, было наканавана лёсам. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Садкі. Закончыла Весніцкую васьмігадовую школу. Асабліва любіла матэматыку, таму вырашыла паступаць у Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум на “бухгалтарскі ўлік”. Іншых варыянтаў нават не разглядала. Пасля ж заканчэння ўстановы вярнулася на Ушаччыну, уладкавалася па спецыяльнасці ў калгас “Новае жыццё”, выйшла замуж…

Пасля дэкрэтнага адпачынку давялося С.С.Драгун некаторы час папрацаваць у райспажыўтаварыстве. А з 1993-га яе працоўная дзейнасць непарыўна звязана з лясгасам. Была бухгалтарам, намеснікам галоўнага бухгалтара, а год таму заняла сваю цяперашнюю пасаду.

– Гэта наш “міністр фінансаў”, ад яе ў многім залежыць велічыня заробку, – усміхаючыся, кажуць пра Святлану Сцяпанаўну калегі. – А калі сур’ёзна, то ў адрас гэтай працавітай жанчыны можна гаварыць толькі словы па­дзякі за старанне і адказнасць. Па характары яна вельмі сціплая. А вось даручаную справу выконвае прафесіянальна! Яна не лічыцца з асабістым часам, калі трэба – пазней затрымаецца на рабоце, а то і дадому возьме дакументы, каб вечарам зрабіць тэрміновыя падлікі. Калі ж падчас суботнікаў калектыў задзейнічаны на пасадцы лесу, Святлана Сцяпанаўна ў ліку першых – і словам, і прыкладам  натхняе іншых на выніковую працу. Яна ў нас – душа калектыву!

У названай галіне С.С.Драгун – чалавек невыпадковы. Яе тата Сцяпан Сцяпанавіч Харак доўгі час працаваў у Касарскім лясніцтве вальшчыкам лесу.

Хапае клопатаў у гераіні нашага аповеду не толькі на рабоце. Пад яе апекай – пажылая мама і муж, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Паспявае жанчына і падсобную гаспадарку трымаць, і агарод даглядаць. Ну а лепшым адпачынкам для душы і цела лічыць паход у лес.

– Абавязкова на выхадныя зраблю сабе такі падарунак, – кажа Святлана Сцяпанаўна. – Тым больш што парадаваць сябе ёсць нагода: сёлета і прафесійнае свята, і мой дзень нараджэння выпалі на адну дату. Лепшага месца, каб правесці Дзень работнікаў лесу, проста не прыдумаеш.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *