Роўна дзесяць год таму былы ветсанутыльзавод у Старым Сяле пасля доўгага перапынку атрымаў другое жыццё і аднавіў сваю дзейнасць. Менавіта летам 2007-га прадпрыемства стала ўласнасцю закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”, а пасля рамонту і падрыхтоўчых работ выпусціла першую партыю прадукцыі – абагачальнік кармавы бялкова-тлушчавы, які выкарыстоўваецца ў якасці дабавак да камбікармоў розных відаў. Чым жыве сёння філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” – адно з нямногіх прамысловых прадпрыемстваў раёна і адзінае буйное на сяле?
У кабінеце дырэктара Андрэя Генадзьевіча Башуна палітычная карта свету. “Не, у іншыя краіны сваю прадукцыю пакуль не пастаўляем, – усміхаецца кіраўнік, – як і не прадаём яе насельніцтву. Усё вырабленае паступае на філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, больш вядомы як камбікормавы завод”.
З упэўненасцю можна сказаць, што ўшацкае прадпрыемства з’яўляецца неабходным звяном у агульным вытворчым ланцугу таварыства. Сапраўды, яшчэ дзясятак гадоў таму падобныя дабаўкі для вырабу камбікармоў закупляліся нават за мяжой, трацілася валюта. Асваенне ж выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі дазволіла павысіць эфектыўнасць айчынных прадпрыемстваў.
Сыравінай філіялу “Ушацкі” служаць тэхналагічныя адходы ад забою птушкі і свіней з ТАА “Вітконпрадукт”, што знаходзіцца ў Шуміліне і ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Яна дастаўляецца ў спецыяльных кантэйнерах і паступае ў цэх для перапрацоўкі. Падчас нашага мінулагодняга візіту тут працавалі 4 катлы. Цяпер жа пасля ўсіх пусканаладачных работ у працэс уключыліся яшчэ два, адпаведна значна выраслі магутнасці кацельні. І завод не толькі не прастойвае, а працуе кругласутачна і без выхадных.
Уся гатовая прадукцыя праходзіць папярэдні кантроль якасці непасрэдна ў лабараторыі філіяла, дзе праводзіцца адбор проб на кіслотнасць, вільготнасць і іншыя параметры, а таксама ветэрынарны з выдачай адпаведнага пасведчання ў раённай ветстанцыі.
Аб стабільнасці і паспяховасці прадпрыемства сведчыць той факт, што ўжо два гады запар філіял заносіцца на раённую Дошку гонару. Падставы для гэтага ёсць: у 2016 годзе “Ушацкі” павялічыў вытворчасць прамысловай прадукцыі на 25,8 працэнта. Узровень загрузкі вытворчых магутнасцей склаў амаль 100 працэнтаў, а сярэднямесячная зарплата за мінулы год – 474,8 рубля або 106,9 працэнта да ўзроўню 2015 года. Немалаважна і тое, што прадпрыемства не мае запазычанасці па падатках і зборах.
Станоўчая дынаміка назіраецца і сёлета. Так, калі год таму за месяц філіял выпускаў 180-190 тон прадукцыі, то зараз у сярэднім 250. А ў жніўні, напрыклад, было выраблена аж 290 тон кармавога абагачальніка.
З гэтай няпростай работай спраўляецца калектыў з 50 чалавек, а калі завод аднаўляў сваю дзейнасць, было менш 30. У хуткім часе плануецца павялічыць іх колькасць да 60. Большая частка работнікаў – гэта жыхары Старога Сяла і навакольных вёсак, ездзяць сюды на працу нават з Ушач і Лепеля. Людзей прываблівае ў першую чаргу заработная плата, сёлета сярэдняя ўжо складае каля 600 рублёў, а аператары маюць магчымасць атрымаць і 800-900. Надае ўпэўненасці працаўнікам і тое, што філіял развіваецца, мадэрнізуецца, а кіраўніцтва імкнецца палепшыць умовы працы – паступова ідзе рамонт памяшканняў, абсталяванне душавых, раздзявалак, пакояў для адпачынку.
Трэба сказаць, што дрэнных работнікаў тут не трымаюць, парушэнняў працоўнай дысцыпліны і несумленных адносін да справы не даруюць. Ёсць на прадпрыемстве і тыя, хто старанна працуе ўжо не адзін год.
– Уладзімір Пугачоў выконвае абавязкі слесара і зваршчыка, чалавек на сваім месцы, добра адчувае кацельню, а яе мы лічым сэрцам завода. Выдатна ведае сваю справу і ўсё пра работу прадпрыемства загадчык склада і лабарант Таццяна Байко (на здымку). Прыкладам для многіх з’яўляецца аператар Генадзь Хвошч. Гэтых працаўнікоў можна нават назваць старажыламі прадпрыемства, бо працавалі тут раней і вярнуліся пасля мадэрнізацыі, – расказвае дырэктар.
Дарэчы, сам Андрэй Генадзьевіч на прадпрыемстве ўжо дзесяць гадоў, а ўзначаліў філіял сёлета.
Трэба адзначыць, што тут удзяляюць увагу і добраўпарадкаванню, тэрыторыя каля галоўнага ўваходу засаджана разнастайнымі кветкамі. Сваімі сіламі зрабілі бетонную агароджу і вылівалі тратуарную плітку, плануюць пакласці новы асфальт.
Па ўсіх паказчыках і настроі працаўнікоў бачна, што спыняцца на дасягнутым у філіяле не збіраюцца, гатовы і далей працаваць з максімальнай аддачай.
Вольга КАМАРКОВА.