Мелисса от сердца и чистой души. Сбор трав для Александра Кратёнка — работа и удовольствие

Экономика и малый бизнес

– Гэта ў мяне цэх нумар адзін, – Аляксандр Віктаравіч Крацёнак заходзіць у зацененую альтанку, якая з усіх бакоў акружана высакарослымі кветкамі. – Расліны павінны сохнуць на паветры, але не на сонцы, таму тут створаны адпаведныя ўмовы, дзе травы ды і грыбы правяльваюцца, а потым паступаюць у цэх нумар два.

Прадукцыя розных колераў роўнымі пукамі вісела пад дахам альтанкі, стаяла ў кардонных скрыначках, ад чаго тут было ўтульна і духмяна. Дарэчы, уся дача Крацёнкаў у Праніках ператварылася ў майстэрню траўніка, дзе што ні градка – то цэх з сыравінай, а паверхі невялікага будынка – сховішча і цэнтр маркетынгу. Для гаспадароў там застаўся хіба што абедзенны стол, канапа, ды яшчэ цэх нумар два, здольны абагрэць у веснавую ці восеньскую непагадзь. Бо гэта не што іншае, як печка, ды незвычайная, а мудрагелістая, з мноствам шафак і адтулін для сушкі.

“Адна бляха адразу ўмяшчае вядро грыбоў”, – гаспадар вымае напалову рашотку з печы і паказвае аранжавыя лісічкі. Гэта на той час у лясах яшчэ не было ніякіх іншых грыбоў. Ну а зараз у ёй сушацца выключна белыя, не рэзаныя, а цэлыя, маладзенькія і зусім невялічкія – візітоўка Аляксандра Віктаравіча. Многія напэўна бачылі іх у шкляным слоіку на рынку, а мабыць набывалі. Хаця ў той час як мы самастойна імкнёмся насушыць на зіму грыбоў, прадукцыя А.Крацёнка разыходзіцца ў тым ліку і за мяжу: набываюць яе пераважна расіяне, якія адпачываюць у “Лясных азёрах”.

“І вось гэты тавар пойдзе на экспарт”, – з усмешкай гаворыць траўнік і паказвае кроп. Зялёненькі, пахучы, ён чакае часу прыезду з Германіі дачкі Таццяны, якой і будзе адгружаны, зразумела, з многімі іншымі далікатэсамі. А чаго тут толькі няма. Напрыклад, у падпольным цэху – не таму, што займаюцца там супрацьзаконным, а ў прамым сэнсе слова, бо размешчаны пад падлогай, у гаспадара слоікі з салёнымі грыбамі і настойкамі, віном і правяленымі кіндзюкамі, а таксама лячэбныя шары, што адпужваюць смуродам, калі раскрываюцца. Так, гэта гаючая вясёлка.

Таксама ў гатовай прадукцыі ўвесь другі паверх. Тут выключна трава, кара і карэнні, якія нягледзячы на розныя пахі, захоўваюць толькі свой. Як і колер падчас цвіцення. Кожная галінка – быццам твор мастацтва, Аляксандр Віктаравіч так навучыўся сушыць зёлкі, што яны быццам жывыя ці ідэальна выкананыя штучныя. Мініяцюрныя кветачкі хоць і абсалютна сухія, аднак не сыплюцца. Мацярдушка (так называецца душица) – фіялетавая, васілёк – не блакітны і не сіні, а менавіта васільковы, каштан – крэмавы, а канюшына… і ружовая, і жоўтая, і белая. І кожная са сваімі ўласцівасцямі.

– Вось толькі гэтыя лісты чамусьці крышачку чырванеюць. Не магу зразумець прычыны, і з навукоўцамі з Батанічнага сада кансультаваўся – за столькі год ёсць знаёмыя дактары навук, якія падказваюць. Я ж не фларыст, не дэкаратыўныя кветкі прадаю, а лекавыя, а тут важная кожная дробязь, біяхімія. А яшчэ душа. Кожную расліну ірву толькі ў сонечнае надвор’е, зразумела, у чыстай мясцовасці ўдалечыні ад дарог, дзякую Богу за яе, размаўляю і думаю толькі пра добрае. Як раю рабіць і ўсім, хто лечыцца зёлкамі.

Аляксандр Віктаравіч пра кожную са сваіх траў раскажа цэлую гісторыю. Ну напрыклад аб тым, што мала дзе можна адшукаць чабор, за сёлетняй партыяй ездзіў у суседні Полацкі раён. Што піжма, якой пакуль дастаткова, не толькі жаўцягонны сродак, аднак і пікантная прыправа, якой пасыпаюць мясныя стравы і супы. А яшчэ тут можна праводзіць конкурсы “Што. Дзе. Калі”) ці ўрокі батанікі, правяраючы веданне флоры сярэдніх шыротаў.

У лясах, балотах і лугах ён праводзіць большую частку свайго часу і ведае навакольныя мясціны выдатна. У яго можна атрымаць кансультацыю пра гаючыя ўласцівасці любой травы, калі збіраць, як прымяняць. Так і робіць, калі гандлюе на рынку ці высылае парады разам з заказамі сваім іншагароднім пакупнікам. Аляксандр Віктаравіч ніколі не даваў рэкламы праз газету, кажа, што ў ёй не мае патрэбы. Ужо сабрана свая кліентура, якая ўсё пашыраецца, дзякуючы сарафаннаму радыё і, канечне, маркетынгавым хадам вопытнага гандлёвага работніка.

Супрацоўнічае з аграсядзібамі. Вось і на час майго візіту кампанаваў чаёк для адной з Глыбоцкага раёна, якую наведваюць у тым ліку і замежныя турысты: “Прасілі што-небудзь незвычайнае. Падбяру ім некалькі цікавых набораў. А наогул гэта можа рабіць кожны. Галоўнае, з душой, фантазіяй і, канечне, мерай… Кожная трава як лекі, так і яд”. І калі слухаеш Аляксандра Віктаравіча, пераконваешся ў тым, што вось яно – работа і задавальненне ў адным флаконе, аб чым марыць кожны.

Ну а мы ў рэдакцыі ўжо настолькі прывыклі, заварваючы пакецік з чаем, кідаць у кружку кветачку мацярдушкі, лісток мелісы ці суквецце ісопу з падараванага нам траўнікам набору. Зусім іншы смак, не гаворачы пра тое, што падарунак быў падабраны спецыяльна для пішучай браціі: гэта трыа супакойвае, мацярдушка незаменна для нармалізацыі работы страўніка, а ісоп і меліса – сэрца і мозгу. Не спрабавалі? Тады абавязкова зрабіце гэта, абраўшы дабаўку да напітку па ўласным гусце.

Вольга КАРАЛЕНКА.

У асартыменце Аляксандра Віктаравіча Крацёнка сотні найменняў траў і іншых прыродных лекаў. А геаграфія рассылкі – уся Беларусь. Пачалося ж захапленне, якое стала працай – з каапнарыхтпрама, які А.В.Крацёнак узначальваў пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі – трэба было шмат ведаць пра закупляемую ў насельніцтва прадукцыю



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *