Общая не только дата. Член БРСМ Дмитрий Мамон родился в день образования общественной организации

В общественных организациях Образование и молодежь

Тыдзень таму – 6 верасня – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адсвяткаваў свой юбілей. Вось ужо 15 гадоў ён накіроўвае юнакоў і дзяўчат у студатрады, удзельнічае ў добраўпарадкаванні гарадоў і пасёлкаў, дапамагае ветэранам і выхаванцам дзіцячых сацыяльных устаноў, падтрымлівае юныя таленты. Многім грамадскае аб’яднанне дапамагло паверыць у сябе, споўніць мары, якімі б фантастычнымі яны ні здаваліся…

Дзмітрый Мамон з вёскі Глыбачка таксама з’явіўся на свет 6 верасня 2002-га. І хоць у БРСМ вучань 9 класа Арэхаўскай школы ўступіў нядаўна, з маладзёжным саюзам у яго шмат агульнага.

Увесь жнівень Дзіма правёў на зернетаку ў ААТ “Дземенец”, дзе трактарыстам працуе бацька. “З сябрамі неяк падумалі: чаго дарма час губляць?! – расказвае хлопец. – Уладкаваліся на працу – збожжа варушылі на сушылцы. Колькі цэнтнераў прайшло праз рукі, не лічыў, але ў агульны каравай свой уклад зрабілі”.

Задаволены Дзмітрый і тым, што дапамог бацькам – сам сябе ў школу сабраў. За першую зарплату – а гэта 145 рублёў – купіў кашулю і розныя канцылярскія прыналежнасці. Плануе хлопец і ў наступным годзе ўладкавацца на прадпрыемства – марыць назбіраць на матацыкл.

З будучай прафесіяй Дзіма ўжо вызначыўся – пасля заканчэння 9 класа збіраецца падаваць дакументы ў полацкі ліцэй, каб стаць зваршчыкам. “У таты на рабоце бачыў, як працуюць гэтыя спецыялісты. І для сябе зразумеў: такая справа мне падыдзе. Люблю рабіць што-небудзь сваімі рукамі”.

У БРСМ Дзіму прынялі ў студзені бягучага года, і ён спадзяецца, што яшчэ паспее заявіць пра сябе: “Захапляюся футболам, бегам, удзельнічаю ў турыстычных злётах, магу падтрымаць любую ініцыятыву. Нарадзіліся з маладзёжным саюзам у адзін дзень – значыць, і па характары сыдземся!”

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *