Ніводная “прамая лінія”, якую праводзіць у рэдакцыі газеты начальнік раённага вузла электрасувязі А.У.Шакута, не абыходзіцца без тэлефанаванняў ушачан. Вось і на мінулым тыдні за гадзіну вызначанага часу са сваімі пытаннямі да Аляксандра Уладзіміравіча звярнуліся двое жыхароў раёна. Пачуць тлумачэнні па іх, думаецца, будзе карысна многім нашым чытачам.
Так, жыхарка вёскі Ваўчо цікавілася ўмовамі платы за паслугі. Не так даўно пра перабоі ў рабоце стацыянарнага тэлефона яна паведаміла ў бюро рамонту. Непаладка была на лініі, і яе ў лічаныя хвіліны ліквідавалі. Аднак на наступны дзень дамоў да грамадзянкі, каб праверыць спраўнасць тэлефона, прыехалі электрасувязісты. Вось і пацікавілася жанчына, ці будзе ўключаны ў яе абаненцкую плату такі зварот у вузел электрасувязі. А.У.Шакута патлумачыў, што плата бярэцца толькі ў тых выпадках, калі спецыялістам службы давялося праводзіць замену электраабсталявання, якое выйшла са строю па віне абанента ці ад зношанасці. Прычым, чалавека аб гэтым загадзя папярэдзяць, агучыўшы канкрэтныя сумы.
Другое пытанне, якое паступіла на “прамую лінію” ад жыхара Наваполацка, уладальніка дачы ва Ушацкім раёне, датычылася ўмоў падключэння новай паслугі ад “Белтэлекама” пад назвай “Разумны дом”. А.У.Шакута расказаў, што гэта сістэма кіравальных прылад і бесправадных датчыкаў, якая перадае, збірае, захоўвае інфармацыю з дапамогай камп’ютара, планшэта ці мабільнага тэлефона. Можна наладзіць сістэму на выкананне пэўных дзеянняў. Да прыкладу, пры спрацоўванні датчыка руху актывізуецца запіс камеры назірання. У рамках паслугі абаненту бясплатна выдаецца і ўстанаўліваецца базавы камплект абсталявання, у які ўваходзяць кантролер і тры датчыкі – задымленасці, руху, адкрыцця дзвярэй (вокнаў). Пры жаданні можна атрымаць і іншыя прылады: відэакамеру, сірэну, “разумную” разетку, датчыкі тэмпературы і вільготнасці, працёку вады. Вядома, кошт абаненцкай платы ў такім разе павялічыцца.
Для таго каб стаць абанентам паслугі “Разумны дом”, неабходна звярнуцца ва Ушацкі раённы вузел электрасувязі, скласці адпаведны дагавор, атрымаць камплект абсталявання, устанавіць на сваю мабільную прыладу (Android ці iOS) праграмнае забеспячэнне і правесці пэўныя настройкі. Зрэшты, усё гэта дапамогуць зрабіць спецыялісты РВЭС.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.