Ветеран Сергей Дмитриевич Ярмош

Общество

Насустрач ішоў падцягнуты бадзёры мужчына і ўсміхаўся. Хоць і трымаў у руках палачку, аднак хутчэй для падстрахоўкі, крочыў усё ж шпарка і ўпэўнена. Высокі, грудзі ў медалях – настрой прыўзняўся яшчэ да знаёмства з ветэранам Вялікай Айчыннай, інвалідам той доўгай і страшнай вайны.
Зайздросная і памяць Сяргея Дзмітрыевіча Ярмоша. Выразна “бачыць” ён дзень Перамогі, які сустрэў дома, у Забораўне, а таксама першы дзень вайны. Іх, семнаццацігадовых юнакоў, якія працавалі ў мясцовым калгасе “Бальшавік”, накіравалі ў Фарынава за ўгнаеннямі. Прыехалі на склад, а там нікога, хто б адпусціў. Так і вярнуліся з пустымі рукамі і страшнай весткай аб вайне. З таго ж дня жыхары Забораўна арганізавалі начныя дзяжурствы, каб папярэдзіць жыхароў аб прыходзе немцаў, сачылі, каб ні з чыйго дома не прабівалася святло, не прыцягвалася ўвага да вёскі. Не адразу яны ўбачылі фашыстаў, а вось лістоўкі з самалёта на вёску скінулі ў першыя дні вайны.
Праз год з’явіўся ў вёсцы і першы партызан. Не мясцовы, ён, пэўна, разведваў сітуацыю, а хутка пачалі запісваць у рады мсціўцаў. Без зброі ў атрад не бралі, і Сяргей на падводзе паехаў пад Полацк, дзе раней прайшлі баі. Выбраў вінтовак сем, не цэлых, аднак сабраць некалькі з іх удалося. Так і стаў радавым шостага атрада брыгады імя П.К.Панамарэнкі. Не сцёрся з памяці і першы начны дазор. Вядзе яго на пост камандзір і раптам з крыкам “Немцы!” адскоквае ў бок. Сяргей як стаяў, так і застаўся. Падняўся партызан з зямлі і кажа: “Не пужлівы, з такім можна ў разведку ісці”. “А што хавацца, калі я не ведаю, з якога боку немцы”, – спакойна адказаў юнак. Так і пачаліся партызанскія будні. Месцы базіравання мяняліся, а падрыўнікі, у групе якой апынуўся Сяргей, выводзілі са строю “жалезку” і варожую тэхніку, калі паспявалі, то забіралі чарговы трафей. На шашэйнай дарозе Віцебск-Лепель знішчылі машыну з разлікам і нават гармату прыцягнулі ў атрад.
У Забораўна прыходзіў нячаста: калі толькі за правізіяй, якую бацька выносіў да ракі. А вось у трагічным для яго роднай вёскі маі, у хуткасці перад масавым расстрэлам жыхароў, быў. Іх брыгада, як і ўсе астатнія, падцягнулася да месца прарыву блакады, была ў балотах пад Селішчам. Вёска Забораўна ж ужо была запоўнена рознымі незнаёмымі людзьмі. Да Сяргея Дзмітрыевіча звярнуўся нейкі чалавек, запытаўся, як прайсці на Матырына. Ён адказаў, а паказаўшы на бацькаву хату, папрасіў зайсціся і перадаць, што чакае яго. Па сутнасці сам выдаў, указаўшы на сувязь з партызанамі. Бацьку расстралялі раней, чым астатніх мужчын Забораўна. Гэта была помста партызанам за разгром немцаў тут жа, на лужку за вёскай. Фашыстаў тады спецыяльна заманілі пад лес і не далі нікому выратавацца. Назаўтра прыйшлі карнікі. Але пра бяду вёскі і лёс родных Сяргей Дзмітрыевіч даведаўся пазней: акрамя бацькі расстралялі чатырнаццацігадовага дваюраднага брата, маці ж Сяргея ўдалося захаваць астатніх дзяцей, самаму малодшаму з якіх было 3 гады.
Непасрэдна падчас прарыву на яго і яшчэ аднаго мясцовага жыхара брыгады ўсклалі асаблівыя надзеі. Яны падказвалі карацейшы шлях з лесу да лесу, хоць і даводзілася знішчаць агнявыя кропкі праціўніка. Многіх таварышаў брыгады памятае Сяргей Дзмітрыевіч і сёння, і не толькі са сваёй. Перад прарывам разам з астатнімі дапамагаў выносіць параненага Гіль-Радыёнава. Гэта пазней легендарнага камбрыга пахавалі ў лесе на Глыбоччыне, а ўвесь час прарыву неслі пераважна на насілках.
Адразу пасля вызвалення раёна Сяргей Дзмітрыевіч трапляе ў стралковы полк 71 гвардзейскай дывізіі І Прыбалтыйскага фронту. Быў намеснікам камандзіра аддзялення, праўда нядоўга. Калі яны, толькі з вінтоўкамі ў руках, выбівалі акапаных і ўзброеных немцаў, ішлі ў атаку, і быў паранены салдат. Прабягаўшы міма палітрук забінтаваў перабітую руку, цякло з жывата, аднак Сяргей Дзмітрыевіч усё ж падняўся і ішоў, толькі вось супрацьтанкавы роў пераадолець не змог. Там яго і знайшоў медбрат… Аперацыя ў палявым шпіталі і паўгода на бальнічных ложках.
За кароткі франтавы шлях мае ветэран медаль “За баявыя заслугі”. А вось пенсія невялікая. Няшмат ён атрымліваў, адпрацаваўшы падлікоўцам трактарнай брыгады і рахункаводам. Ды па гэтым не сумуе. Падтрымлівае, наколькі можа, парадак вакол дома, сочыць за сабой. І хоць ёсць магчымасць жыць у горадзе, там і быў раней зімой, зараз увесь час у родным Забораўне. “Не магу і не хачу там, на дзевятым паверсе”. Тут жа ветэран сярод родных, заўсёды ўшаноўвае памяць загінуўшых. Вось і ў майскія дні ў вёсцы ля помніка расстраляным жыхарам адбыўся ўрачысты мітынг. У Забораўне наогул няма такога жыхара, для каго б трагедыя вёскі не была асабістай.
В.КАРАЛЕНКА.
На здымку: С.Ярмош.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *