Василий Алексеёнок — передовик жатвы-2017

Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Аказалася, што не толькі ён не рады пазапланаваму адпачынку, які ў сельгаспрадпрыемстве даюць у непагадзь камбайнерам. “Пшанічка выдатная стаіць за Царкавішчам, ячмень не паспелі ўбраць у Замошшы – таксама чысты, з добрай ураджайнасцю”, – бядуе перадавік раённай уборачнай Васіль Рыгоравіч Алексяёнак, да якога і завіталі ў гэты пахмурны дзень дадому ў аграгарадок Вялікія Дольцы.

– Не пра мяне, пра ўсіх хлопцаў трэба пісаць, – гаворыць неаднаразовы тысячнік і пачынае расказваць пра калег. – Самыя старэйшыя на жніве мы з Уладзімірам Вусько, а гады даюць пра сябе ведаць. Разы два-тры на камбайн трэба ўзняцца, каб сегмент памяняць, прыхапіўшы з сабой малаток, зубіла, клёпкі… Наскокаешся за дзень, дык дома літаральна без ног валішся, добра калі навіны паглядзіш. Без памочнікаў працуем, дэфіцыт рабочых рук.

– Думала, што Вы зацікаўлены ў дадатковай аплаце, – перабіваю механізатара, які, як і іншыя пры рабоце без памочніка, мае працэнт ад уласных заробкаў.

– Не, яно таго не варта, цяжка аднаму. Праўда, у нас такія механізатары, што дапамогуць, калі неабходна. Сяргея Вусько, напрыклад, прасіць не трэба, абавязкова сам спыніцца, калі ўбачыць, што стаіш. На сумленне працуе, па-гаспадарску, “Ліда” 16 гадоў служыць, таму што ў адных і такіх умелых руках. Ягор Мацюш таксама як і ён прыйшоў у гаспадарку з “Новага жыцця”. Віктар Жванскі вадзіцелем на перавозцы раней працаваў і вось не адзін сезон на камбайне, таксама ў раённых перадавіках. Рыгор Філімонаў і Юрый Альбіновіч – універсалы: далучыліся да жніва пазней, бо былі заняты на корманарыхтоўцы. А самы малады наш Андрэй Смаляк мне як сын – вельмі старанны хлопец, адразу пасля вучылішча сеў за камбайн, прайшоўшы стажыроўку ў Аляксандра Александрова. Мне вельмі хацелася б, каб ён таксама выбіўся ў перадавікі.

– І лепшы б участак саступілі?

– Канечне, шчыра кажу, як, дарэчы, і для любога іншага нашага хлопца. А наогул настолькі добра ведаю ўсіх раённых перадавікоў, што радуюся і за астатніх, з тым жа Анатолем Спірыдзёнкам абмяркоўваем асаблівасці ўборкі ў гаспадарках.

Адна з іх у “Вялікадолецкім” у тым, што шэсць камбайнаў з васьмі – высокапрадукцыйныя КЗС-1218. Пройдуцца па крузе па невялікім полі – і пераязджаць трэба. Тактыка ж жніва ў любой гаспадарцы будуецца не на тым, каб вывесці “любімчыка” ў тысячнікі, а каб хутчэй убраць усё выспеўшае. А паколькі з гэтым сёлета праблематычна, то працуюць усе ў роўных умовах і ўжо на полі самі глядзяць, каб не замінаць адзін аднаму. У “Вялікадолецкім” на адвозцы за кожным камбайнерам была замацавана тэхніка. Ну а Васіль Аляксяёнак сярод калег усё ж вядучы камбайнер. Менавіта ён узначальвае калону, разбівае загоны, калі трэба, выступае “парламентарыем”.

– Вы даволі востры на язык, напэўна, многа хто глядзіць коса? – пытаюся ў перадавіка.

– Ды не, я калі што і кажу, то толькі ў вочы і па справе, таму не крыўдуюць. І наогул у нас вельмі дружны народ як у гаспадарцы, так і на вуліцы, дзе жыву, хоць і пераехаў з Касароў у Вялікія Дольцы ўсяго некалькі год таму, за што вельмі ўдзячны нашаму дырэктару Івану Піліпавічу Дарошчанку. Там шматпавярхоўка была, хлявы не побач з домам, а тут можна гаспадарыць, праўда, часу на гэта няма, сыны вось у выхадныя дапамагалі адсекі для бульбы рабіць, на наступныя мабыць выкапаем.

А вось зерневыя ў хлебаробаў убраныя, за якія, праўда, не вельмі хвалююцца, паколькі сеяць хутчэй для севазвароту: па калектыўным дагаворы гаспадарка выдзяляе кожнаму камбайнеру па тысячы і 500 памочніку, а паколькі працуюць без іх – атрымліваюць па паўтары тоны.

На палях жа гаспадаркі збожжа заўсёды лепей, на некаторых участках ураджайнасць дасягала пад 50 цэнтнераў з гектара. Менавіта таму В.Алексяёнак сёлета пабіў і свой асабісты рэкорд, намалаціўшы за дзень 92 тоны. “Была б і сотня, калі б поле не скончылася, бункера не хапіла”. А некалькі год запар яму да той жа запаветнай тысячы не ставала ўсяго некалькі тон.

Пра тое, што абышоў Анатоля Дзмітрыевіча Спірыдзёнка, Васіль Рыгоравіч даведаўся ад жонкі, самому чытаць газету няма часу, хаця і імкнецца гэта рабіць увечары. А вось у выпаўшы выхадны дзень паспеў збегаць па грыбы. Хоць свае месцы засталіся ў касарскіх лясах, паколькі вельмі любіць “ціхае паляванне”, то ў аграгарадку асвоіўся і нават у дождж прынёс вядро з лісічкамі, белымі і сыраежкамі. Зімой жа, а гэта ў механізатараў час водпуску, любімым адпачынкам нечакана для сябе стала рыбалка. “Саша Александроў неяк угаварыў пайсці, вымерз, думаў больш ні нагой, а зараз і кансервы дзякуючы гэтаму промыслу робім”.

Калі ж скончыцца жніво, раённы перадавік зноў сядзе за баранку УАЗа, на якім перавозіць даярак. Для яго наогул не праблема знайсці работу, паколькі мае ўсе катэгорыі і допускі як на трактары, так і на машыны. Тры спецыяльнасці, у тым ліку экскаватаршчыка, атрымаў у Лепельскім вучылішчы, далей накіроўвала гаспадарка ці атрымліваў сам. Універсал экстракласа, які нават дальнабойшчыкам папрацаваў, вельмі любіць тэхніку і разбіраецца ў ёй. Трэба было бачыць, як на абласных “Дажынках” на выставе навінак айчыннага і расійскага машынабудавання ён разглядаў агрэгаты. “Такая “Газэль” была б дарэчы гаспадарцы. Утульная, зручная…”, – раіў ён кіраўніцтву. “Я ж з пятага класа з дзядзькам катаўся, а потым сыноў сваіх памочнікамі камбайнера браў. І хоць зараз працуюць на чыгунцы, прыехаўшы на выхадныя, зрабілі са мной круг – жніво прыцягвае”, – разважае механізатар.

Дома ж у хлебароба застаўся толькі скутар і мотакультыватар. Кажа, што больш нічога не патрэбна. У сыноў ёсць машыны, ды і катацца няма часу. Канечне, летам механізатары дома – толькі госці, ну і канечне, кармільцы. І вельмі дарэчы для Васіля Рыгоравіча жнівеньскія заробкі, паколькі на верасень прыпадае адразу тры дні нараджэнні дзяцей і ўнукаў. “Толькі што паехалі мае прадаўжальнікі, ужо тры хлопчыкі носяць прозвішча Алексяёнак. А наогул у мяне часта госці. Паколькі вось ужо 31 год пад адным дахам з цёшчай жывём, то дом ператвараецца ў інтэрнат, калі да яе з’язджаюцца пяцёра дзяцей з нашчадкамі. Сябруем. Сёлета, праўда, закруціўся і 17 жніўня не купіў жонцы букет  – я заўсёды віншую яе з днём шлюбу. Але ж яна не пакрыўдзілася…

… А дождж усё ж мае свае перавагі – у іншы час не давялося б няспешна пагаварыць з хлебаробам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *