Сёлета беларускія гарады пачалі актыўна далучацца да новай ініцыятывы Еўрапейскага саюза “Мэры за эканамічны рост”. Нядаўна яе папоўнілі прадстаўнікі Віцебшчыны – Міёры, Шаркаўшчына, Полацк і Ушачы. Кіраўнікі названых раёнаў падалі заяўкі на ўдзел у праекце падчас фестывалю “Яблычны спас”, што праходзіў у жніўні ў Шаркаўшчыне.
Ініцыятыва “Мэры за эканамічны рост” падтрымлівае гарады краін Усходняга партнёрства – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. У цэнтры яе ўвагі – устойлівае мясцовае эканамічнае развіццё, якое дасягаецца праз паляпшэнне дзелавога клімату рэгіёну, стымуляванне прадпрымальніцтва, прыцягненне інвестыцый, стварэнне новых працоўных месцаў. Гэта ў сваю чаргу павінна паспрыяць паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў невялікіх гарадах і раёнах – такіх, як Ушацкі. Ініцыятыва дапаможа мясцовым уладам больш эфектыўна працаваць у названых напрамках.
Падпісанне пагаднення – гэта толькі адпраўная кропка ў справе рэалізацыі Ініцыятывы. Першым жа яе этапам будзе аналіз сітуацыі ў рэгіёне, структуры мясцовай эканомікі і яе прыватнага сектара, вызначэнне патэнцыялу раёна. Вынікам гэтай работы павінен стаць план мясцовага эканамічнага развіцця, ацэнку якому дадуць эксперты Сакратарыята і Сусветнага банка, і пасля яго афіцыйнага зацвярджэння рэгіён атрымае статус дзеючага члена Клуба “Мэры за ўстойлівае развіццё”. Лепшыя праекты могуць атрымаць грантавую дапамогу з боку ЕС. Вынікам рэалізацыі плана павінна стаць паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу і агульнае павышэнне якасці жыцця ў рэгіёне.
Для ілюстрацыі дзейснасці Ініцыятывы можна прывесці прыклад паспяховага развіцця маленькіх рэгіёнаў з нядаўняй гісторыі еўрапейскіх краін. Цікавасць для нас, як падаецца, можа мець вопыт Падорліцка – сельскага раёна ва ўсходняй частцы Чэхіі з нізкапрадукцыйнай сельскай гаспадаркай, некалькімі невялікімі прадпрыемствамі і пераважна лясістай мясцовасцю. Мэры трох тутэйшых невялікіх гарадкоў заснавалі мясцовую асацыяцыю для развіцця турызму, інфармацыйны цэнтр. Была створана турыстычная інфраструктура – веласіпедныя маршруты, скаладром, цэнтры для коннай язды і грэблі на каноэ. У цяперашні час турыстычныя аб’екты раёна штогод прыцягваюць тысячы турыстаў, што прывяло да росту даходаў мясцовых жыхароў, у тым ліку ўладальнікаў гасцініц, дробных гандляроў.
Вядома ж, нельга чакаць, што з далучэннем да Ініцыятывы Ушацкі раён адразу пяройдзе на новы ўзровень эканамічнага развіцця, але ёсць падстава спадзявацца, што гэта стане штуршком да развіцця рэгіёну.