Секрет долголетия Зинаиды Жавронок в труде и заботе о детях

Общество

Па-сапраўднаму шчаслівы чалавек – не заўсёды той, каго беды абыходзяць бокам, перад якім адчыняюцца ўсе дзверы. Да ліку тых, каго лёс у многім не шкадаваў, але не здолеў зламаць, адносіцца гераіня нашага аповеду, ураджэнка вёскі Рыбакі З.М.Жаўранак.

У сям’і, у якой вырасла Зінаіда Мікітаўна, было чацвёра дзяцей. У 40-я гады бацька, старэйшыя брат і сястра пайшлі на вайну. Яна ж, хоць і была зусім маленькай, узяла на сябе дарослыя клопаты пра блізкіх. Уладкавалася памочніцай па гаспадарцы да заможных гаспадароў, што жылі на мяжы з Глыбоцкім раёнам, пасвіла жывёлу, а ў якасці разліку атрымлівала зерне – на ім па-сутнасці ў тыя няпростыя часы і трымалася сям’я. “Памятаю, як пасля вяртання з ваеннага палону пра гэта даведаўся тата, – расказвае З.М.Жаўранак. – Доўга глядзеў на мяне моўчкі і плакаў – шкадаваў. Я ж яго супакойвала, дэманстравала новы кажушок, які падарылі “работадаўцы”, і абутак, які для мяне пашылі”.

Скончыўшы сем класаў Селішчанскай школы, Зіна для далейшай вучобы перавялася ў Ветрына Полацкага раёна. Дабірацца ж да месца вучобы даводзілася пешшу. Каб трапіць у панядзелак на ўрокі, выходзіла з дому гадзіны ў тры ночы. Вялікай удачай было хаця б на світанку сустрэць каго-небудзь на кані і крыху пад’ехаць…

Сваю працоўную дзейнасць З.М.Жаўранак пачала ў 1953-м на пасадзе рахункавода-вучня сельскага спажывецкага кааператыву, а праз два гады перайшла ў селішчанскі буфет. Пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які быў значна старэйшы за яе. Хутка ў пары з’явіўся на свет першынец Аляксандр. Пазней, з нараджэннем другога сына Віктара, уладкавалася спачатку на хлебапякарню, а потым у мясцовую школу, дзе выконвала абавязкі прыбіральшчыцы і прадаўца буфета.

Падарункам лёсу стаў для жанчыны і трэці сын Сяргей. Праўда, рос хлопчык ужо без таты: муж Зінаіды Мікітаўны памёр рана, калі ёй было ўсяго 36. З трыма дзецьмі на руках яна не страціла надзею на лепшае, працягвала шчыра працаваць, забяспечваючы сыноў усім неабходным.

З 1979 года З.М.Жаўранак стала поварам у школьнай сталовай. Штодзень за порцыяй не толькі смачнай ежы, але і пазітыву да яе прыходзілі пад 90 чалавек: школьнікі, настаўнікі. Кароннай стравай З.М.Жаўранак яны лічылі мучныя бліны, заўсёды на “ўра” разыходзіліся і смажанкі, катлеты. І калі-небудзь дазваляла замяніць імі порцыю супу.

Па заўсёды “сонечных” вачах жанчыны не кожны мог здагадацца, як няпроста ёй бывае. Пад’ём напачатку 4 гадзін раніцы, клопаты па гаспадарцы (а яна заўсёды была немалой!), дарога на работу, дзе ўзімку трэба было пратапіць 5 печак, потым дамоў, каб адправіць дзяцей у школу. Такі рэжым для Зінаіды Мікітаўны стаў нормай.

Сапраўднай аддушынай для яе былі дзеці: і свае, і тыя, што прыходзілі да яе ў сталовую. Былі сярод іх і любімчыкі, з якімі па-сяброўску шушукаліся на перапынках, а пасля ўрокаў збіраліся разам і вучылі прыпеўкі. Калі ж вучні прапаноўвалі прынесці на кухню вады – адмаўлялася: шкадавала дзяцей, раздаючы порцыі, старэйшым накладвала пабольш.

Калі ж вызвалялася вольная хвілінка – складала букеты для сталовай, дзе адпрацавала больш за 10 гадоў.

У паслужным спісе Зінаіды Мікітаўны шмат узнагарод, у тым ліку медаль “Ветэран працы”.

Калі яна пайшла на заслужаны адпачынак, мясцовыя яшчэ доўга прасілі: “Цёця Зіна, навучыце новага повара гэтак як вы гатаваць! Не хапае вашых смачных страў”. А ніякіх кулінарных сакрэтаў у яе не было, галоўнае – рабіць усё з любоўю. І датычыцца гэта не толькі “кухонных” спраў, а ўсяго, за што бярэцца чалавек. Дзякуючы гэтаму прынцыпу, напэўна, і пражыла жанчына хоць і няпростае, але шчаслівае жыццё. Дастойнымі людзьмі выраслі яе дзеці, радуюць ужо 5 унукаў і 4 праўнукі. Часта ўсе разам яны збіраюцца ў прасторным доме Зінаіды Мікітаўны ў Селішчах, дзеляцца сваімі поспехамі, планамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *